НАВІНЫ

 

Беларусы супраць вайны ў Чачэніі

У мінулую пятніцу адбыўся ўстаноўчы сход «Беларускага камітэту супраць вайны ў Чачэнскай рэспубліцы». Ініцыятарам выступіў кіраўнік Чырвонага Жонду і рэдактар «Навінак» Паўлюк Канавальчык. Ініцыятыву падтрымалі ў партыях. Ад БСДП (НГ) быў вылучаны Павал Знавец, ад БНФ — Аляксей Шыдлоўскі, ад Маладога Фронту — Аляксей Янукевіч, ад АГП — Пётра Голасаў. Камітэт будзе казаць праўду пра падзеі ў Чачэніі і пра страты з абодвух бакоў вайны. А яшчэ будуць ладзіць акцыі пратэсту ў Беларусі. Ужо 3 лютага а 12:00 хочуць правесьці пікет ля Расейскага пасольства. Будуць зьбіраць гуманітарную дапамогу для Чачэніі.

Аляксей Стаўпецкі

 

Акцыя любові

Малады Фронт пачаў падрыхтоўку да Дня Сьвятога Валянціна — сусьветнага сьвята ўсіх закаханых. 14 лютага ў Менску й іншых гарадах Беларусі пройдзе АКЦЫЯ ЛЮБОВІ. Мяркуецца, што цэнтральнае шэсьце ў Менску будзе падтрыманае сьвяткаваньнем па ўсёй Беларусі. Малады Фронт робіць стаўку не на нянавісьць і гвалт, а на любоў. Сьледам пройдуць акцыі «Вясны Свабоды» — у Дзень канстытуцыі 15 сакавіка і ў Дзень Волі 25 сакавіка.

Аляксей Шыдлоўскі

 

За крэпасьць хай плоціць СНГ

Сёньня ў Маскве пачаўся саміт кіраўнікоў урадаў СНГ. Дык Лінг хоча, каб працягнулі фінансаваць рэканструкцыю Брэсцкай крэпасьці-героя з кішэняў іншых дзяржаваў СНГ — да 2002 году. Як піша БелаПАН, 2 мільёны даляраў пагадзіліся даць яшчэ ў 1996 годзе. Але за гэты час далі ўсяго толькі 764 тысячы і толькі Беларусь, Расея, Казахстан ды Малдова. 6 краінаў-даўжнікоў зараз будуць пастаўленыя перад фактам. Маўляў, іхныя прадстаўнiкi таксама змагалiся за агульную тады Радзiму ў сьценах легендарнай крэпасьцi.

 

Пахарашэла

Галоўная прэзыдэнцкая газэта “Советская Белоруссия” ад пачатку мінулага тыдня стала выходзіць у колеры. Цяпер першая й апошняя старонкі маюць адпаведны выгляд з добрымі фотаздымкамі й тытуламі. На тым самым тле “пакрыўджанай” выглядае “Звязда” — газэта, што, нягледзячы на свой рэгістрацыйны нумар 1, не атрымлівае гэткай падтрымкі ад дзяржавы, бо фармальна — не прэзыдэнцкая, а ўрадава-палатачная.

В.М.

 

Зьнішчылі частку айсбэрга

Толькi летась за выраб самагону з мэтай збыту ў Берасьцейскай вобласцi да адказнасцi прыцягнутыя 135 чалавек, супрацоўнiкамi праваахоўных органаў зьнiшчана 96 самагонных апаратаў. Аднак, кажа БелаПАН, гэта толькi частка айсбэрга. Сёньня амаль кожная другая вясковая сям’я займаецца самагонаварэньнем.

 

У Малінаўшчызьне — «жывуць»

Што беларусы могуць і ўмеюць выпіць — гэта праўда. Але ж нельга заходзіць так далёка, як гэта робіць беларуска-амэрыканскае СП «Малінаўшчызьненскі сьпірта-гарэлачны завод», рэклямуючы сваю гарэлку «Аквадив». Вытворцы гэтага напою «дарэклямаваліся» да таго, што напісалі на этыкетцы: «Аквадив» — гэта глыток жыцьця, гэта цяпло, якое сагравае цела».

У прынцыпе, гарэлка неблагая, і цела сапраўды сагравае, але ж ніяк не «глыток жыцьця». Ці мо беларусы ўжо без такіх глыткоў жыць ня могуць?

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

 

А ў Горадні — чувашы

У новаствораную абласную суполку чувашоў аб’ядналіся 17 чалавек. Будуць разам вывучаць мову, звычаi, культуру i гiсторыю чуваскага народу. А яшчэ зьбіраюцца стварыць банк зьвестак пра ўсiх чувашоў, што жывуць у вобласцi i Беларусi, — піша БелаПАН. Будуць рабіць сьвята вуліцы А.Нікалаева, лётчыка-касманаўта, якi жыве ў Маскве і даў згоду на ўдзел у гэтым мерапрыемстве.

 

У Магілёве ў крамах шмат прадуктаў. Прыехаў прэзыдэнт

Лукашэнка нікога ня зняў, паведаміў, што ён за свабоду слова і дэмакратыю. Упершыню за апошнія паўгады крамныя паліцы ламіліся ад тавару, у продажу было амаль усё: і каўбасы, і яйкі, і малако са сьмятанай. Наколькі хопіць гэтага багацьця, сказаць цяжка.

Бо на складах гандлёвых прадпрыемстваў маюцца харчовыя запасы толькі на 26 дзён, а звычайная норма — 70.

Сымон Глазштэйн


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0