НАВІНЫ КУЛЬТУРЫ

 

Кася са сьцягам

16 сьнежня горад-герой Бабруйск на запрашэньне магілёўскага «Кола сяброў» ды мясцовае філіі «Грамадзянскага форуму» прымаў гурт «Новае неба». Канцэрт адбыўся, нягледзячы на... Бо недзе ў дарозе затрымалася была машына з апаратурай. Але ж «людзі прыйшлі, і яны цябе любяць. А за любоў трэба плаціць», — гэта словы Касі Камоцкай, якая рыхтавалася ўжо выйсьці да слухачоў, што больш за гадзіну напружана чакалі пачатку, і сьпяваць безь мікрафону, пад звычайную акустычную гітару. Аднак, ёсьць Бог на небе і добрыя людзі ў Магілёве — апаратуру усё ж прывезьлі, і канцэрт адбыўся. Акрамя «Новага неба» ў ім бралі ўдзел прадстаўнікі мясцовага музычнага андэграўнду — гурты «Шлях» і «Флюгэр», для якіх гэтая імпрэза сталася першым — і даволі пасьпяховым — выхадам на «вялікую сцэну». Воплескі, якімі слухачы віталі бел-чырвона-белы сьцяг у руках Касі Камоцкай, сталіся найлепшым пацьверджаньнем яе словаў, што рок-музыка сапраўды ёсьць ці не адзіным дасягненьнем Беларусі за гады незалежнасьці.

А.С.

 

Барока прыдумалі ў Беларусі

Мастацтвазнаўца Аляксей Хадыка выступіў 18 студзеня ў Беларускім калегіюме з сэнсацыйнай лекцыяй пра эўрапейскі кантэкст беларускага мастацтва. Паводле яго, некаторыя элемэнты архітэктуры барока зьявіліся ў Беларусі раней, чым на Захадзе. Апроч таго, Аляксей абгрунтаваў выснову свайго бацькі, намесьніка старшыні БНФ Юр’я Хадыкі, што ўвесь авангард ХХ ст. паходзіць з уніяцкіх абразоў, лепшыя ўзоры якіх былі створаныя ў нашым краі.

 

Душэўны вечар

«Сьвяты Вечар 2000» прайшоў ў канцэртнай залі «Менск» 21 студзеня. Гэта было шоў, пра якое даўно марылi нацыяналiсты. Анансаваны й рэцэнзаваны «Нашай Нiвай» CD «Сьвяты Вечар 2000» ствараўся пры актыўным удзеле кампутару. Але ў «Менску» «вечароўцы» гралi цалкам нажыва, з драйвам. Ня дзiва, што заля стаяла на вушах ад пачатку да канца імпрэзы. «Сьвяты Вечар» — гэта супольны праект «NRM», «Крывi» і Аляксандра Памiдорава (Крывашэева). Знаны ў Менску як вядучы музычных праграмаў «Альфа-радыё», цяпер Памiдораў атрымлiвае новае дыханьне на ўласна беларускай сцэне. У «Сьвятым Вечары» ён прадстаўляе ўласную вытворчасьць — «Цуд на Каляды». Клясычны рэп, клясычная калядная гiсторыя пра тое, як самотныя людзi знаходзяць адзiн аднаго. «Цуд на каляды» — бясспрэчны хiт. Са словаў Памiдорава, ужо сёлета ён рыхтуецца выпусьцiць сольную праграму. А яшчэ ў «Сьвятым Вечары» засьвяціўся вакальны дуэт «Дзецi». «Дзяцей» завуць Яўгенiя i Валерыя, яны працуюць на падпеўках у «Крывi», але тых падпевак назьбiралася ўжо столькi, што варта думаць пра магчымы самастойны праект. Як бы там ні было, але трымценьне дзіцячых галаскоў надало «Сьвятому Вечару» непаўторную душэўнасьць.

Вінцэсь Кутрынка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0