Дабілі...

Верхні горад у Менску нагадвае Грозны пасьля бамбёжак

 

Кроніка разбурэньня Верхняга гораду працягваецца. Нягледзячы на актыўныя пратэсты грамадзкасьці, звароты да прэм’ер-міністра, публікацыі ў прэсе. Надоечы, у апошні працоўны дзень перад праваслаўнымі Калядамі, Менск быў «ачышчаны» яшчэ ад аднаго помніка архітэктуры.

Гэтыя руіны, паміж катэдральным саборам і гасьцёвым дваром, былі добра відаць зь Нямігі, іх ведаў кожны мянчук. Але руіны доўга не стаяць. І помнік архітэктуры падзяліў лёс многіх будынкаў старога Менску, якія былі зьнішчаныя «без вайны».

Помнік архітэктуры 18 ст. (сутарэньні 17 ст.), дом 19/21 на пляцы Волі, пашкоджаны ў часе апошняе вайны, датрываў да 1995 году. І вось чыгунная баба зрабіла сваю справу, а “патэнцыйны інвэстар”, які зьбіраўся пасьля “аднаўляць” помнік, адмовіўся ад праекту. Руіны на доўгі час засталіся “ўпрыгожаньнем” цэнтру Менску. Чыгунныя калюмны, што аздаблялі інтэр’ер адной з крам у будынку, каваныя фігурныя краты 19 ст. павандравалі ў невядомым кірунку, і ня варта дзівіцца, калі хто запрыкмеціць іх на лецішчы аднаго з “новых беларусаў”. Муры не былі закансэрваваныя, а гэтак стаялі чатыры з гакам гады, нікому не патрэбныя. Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату РПЦ нават некалькі разоў прапаноўваў іх цалкам прыбраць, каб не псавалі ўражаньня ад Сьвятадухаўскай катэдры. Урэшце гэтак і зрабілі.

Дом №19/21 ужо не існуе. Разбуралі яго, напэўна, уначы, таму ніхто гэтага ня бачыў.

У 19 ст. гэтая мураванка сярод менчукоў атрымала найменьне другога гасьцёвага двара. Тут мясьціліся славутыя менскія гарбатні. Што цяпер будзе з помнікам — невядома.

Побач працягваецца руйнаваньне гасьцёвага двара, помніка архітэктуры 18 — пачатку 20 ст...

Угары кажуць пра тое, што не дапусьцілі продажу Беларусі ў лапы дзікага капіталізму й рынку. А насамрэч Беларусь прадаецца, толькі іншым пакупнікам, яшчэ большым барбарам.

Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0