«Офісны пацук» з рэлігійнымі рысамі

Вадзім Лабковіч пра Малады Фронт

 

Дзе падзеўся колішні палітвязень Вадзім Лабковіч, актывіст Маладога Фронту, які яшчэ непаўналетнім вучнем трапіў у турму за графіці “Жыве Беларусь!”? Чаму не відаць яго сярод ранейшых аднадумцаў? Наш карэспандэнт адшукаў “прапажу”.

Вадзім Лабковіч выйшаў на волю 24 лютага 1998 году. Ад таго часу мінула амаль два гады. Сёньня ён вучыцца на другім курсе ў Інстытуце сучасных ведаў на сацыяльнай пэдагогіцы й практычнай псыхалёгіі. Летась Вадзім пабраўся шлюбам, а 21 сьнежня ягоная жонка Юнэля нарадзіла сына — Вацлава Манівіда.

 

— Пра цябе апошнім часам нічога не чуваць. Ці ты больш не датыкаесься да палітыкі?

— Няўжо нехта чуў пра Вадзіма Лабковіча да таго, як я трапіў у жодзінскую вязьніцу? Але ж і да таго я рабіў шмат, і цяпер не сяджу рукі склаўшы, хіба што мая праца робіцца не ў Маладым Фронце, дзе мяне звыклі бачыць. Я не сышоў з палітыкі і працягваю браць у ёй удзел, ня менш актыўна, як раней. Іншая рэч — мая дзейнасьць ня гэтак заўважная, але ня менш карысная. Калі ж хадзіць на сэмінары ці зьбірацца шточацьвер ва Ўправе БНФ на маладафронтаўскай тусоўцы — гэта палітыка, дык з гэткае “палітыкі” я сапраўды сышоў. Страчваць патэнцыял, каб праслухоўваць адно й тое самае, тусавацца й піць зь сябрамі піва — ня ёсьць маёю мэтаю. Я, напэўна, перарос той век, каб марнаваць час і не рабіць нічога. Мая цяперашняя грамадзка-палітычная актыўнасьць сканцэнтраваная на распрацоўцы мэтадаў зьмяненьня псыхалёгіі моладзі, а праз тое ўсяго грамадзтва, у кірунку нацыянальнага самаўсьведамленьня. Я выпрацоўваю схемы гэткіх працэсаў, але на гэта трэба шмат часу.

Я прыйшоў у палітыку праз Малады Фронт, але мне не зразумелыя цяперашнія мэтады дзейнасьці гэтай арганізацыі. Я ня бачу сябе ў Маладым Фронце. Мяне вельмі турбуе рэлігійнасьць, што ад пэўнага часу там запанавала. Ці ня ёсьць гэта ўцёкамі ад праблемаў празь няздольнасьць нешта зьмяніць: калі ўсё аддаецца на волю Божую, а пры гэтым нават сьвечку няма каму паставіць?

У ідэале Малады Фронт мае вярнуцца да таго, якім ён быў на пачатку, калі там была вялікая колькасьць людзей, старэйшых за 20 гадоў, з досьведам змаганьня, якія перадавалі свае веды маладзейшым, гэткім як я. Малады Фронт ствараўся як вулічная арганізацыя, цяпер жа ён пераўтварыўся ў “офіснага пацука” з рысамі рэлігійнае сэкты.

 

— Што, на тваю думку, паспрыяла кардынальным зьменам у палітыцы Маладога Фронту?

— Першапрычынаю варта назваць лідэра Паўла Севярынца, які сваімі вар’яцкімі ідэямі пахаваў арганізацыю. Павал ніколі не прымаў крытыкі ў свой бок, і тыя, хто выступаў за захаваньне статусу Маладога Фронту як вулічнай арганізацыі, паступова сталіся ізгоямі й непатрэбнымі людзьмі. Канфлікт паміж Севярынцам і “апазыцыяй” пачаўся праз адыход МФ ад актыўнай вулічнай палітыкі. Павал заняўся стварэньнем “духовага спэцназу”: выхаваньнем 13-15-гадовых дзяўчынак і падобных да іх хлопчыкаў для “добрых мэтаў” (пазьней гэта трансфармавалася ў хрысьціянскія ідэі), але зусім не маладафронтаўскіх. Пашава Маладое Адраджэньне супольна зь Беларускай Музычнай Альтэрнатывай і гэткага кшталту структурамі замянілі сабою Малады Фронт. Нельга сказаць, што арганізацыя знаходзіцца ў нейкай крызе, бо ўсё, што там дзеецца, адпавядае заданьням і мэтам, пастаўленым перад ёю кіраўніцтвам. Іншая рэч — цяпер гэта ня тая арганізацыя, у якую я некалі прыйшоў.

 

— Тваё вяртаньне ў Малады Фронт пры пэўных зьменах у ім магчымае?

— Ніколі ня думаў пра гэта. Малады Фронт вельмі падобны да цяперашняга беларускага грамадзтва — масы, зь якой я ня маю нічога супольнага. У Маладым Фронце цяпер амаль няма мазгоў, арганізацыя ня думае. У лепшым разе, працуюць 15-20 актывістаў, а рэшта моладзі прыходзіць шточацьвер проста патусавацца. Адчуваецца нястача кадраў. Прыходзіць шмат маладых пэрспэктыўных людзей, якія бянтэжацца выяўляць сваю актыўнасьць і хочуць, каб на іх зьвярнулі пэўную ўвагу ды прыцягнулі да працы. Але яны там нікому не патрэбныя, хіба апроч як для справаздачаў Паўла Севярынца пра тое, што гэтулькі вось навічкоў прыйшло ў тым а тым месяцы.

Арганізацыя дэградавала, таму не выпадае казаць пра разьвіцьцё. Цяпер Малады Фронт — гэта балота, выйсьця зь якога няма. Трэба ўсё ствараць з нуля, што асабліва шкада, бо было шмат часу проста змарнавана. На тых рэштках, што засталіся ад некалі насамрэч “найбуйнейшай моладзевай арганізацыі”, будзе нашмат цяжэй зрабіць надбудову. Прасьцей стварыць новую арганізацыю. У Маладым Фронце няма праграмы й канкрэтных мэтаў. Адно эмоцыі. А цяпер яшчэ й рэлігія дадалася. Калі ж ня ставіць перад сабой вялікіх мэтаў, дык ці варта хоць што-кольвечы рабіць?

Гутарыў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0