Весткі зь Вільні

 

Зубар бадануў

У Літве скандал. Нагодаю для яго стаў «Каляндар літоўца на 2000 год», які выпусьціла шаўляйскае выдавецтва «Мятскайтлю» накладам 3.000 асобнікаў. Першымі на яго зьвярнулі ўвагу дыпляматы суседніх краінаў — Беларусі, Польшчы й Расеі, чые памежныя зь Літвою тэрыторыі ў календары называюцца «часова акупаванымі»... Пасол РБ спадар Гаркун накіраваў у літоўскае МЗС спэцыяльную ноту. МЗС Літвы ў адказ заявіла, што выдадзены ў прыватным выдавецтве каляндар, пад рэдакцыяй Дануты Бальсітэ, ня мае ніякага дачыненьня да дзяржавы й пагатоў да афіцыйнае пазыцыі Літвы.

Падобнай прадукцыі ў Літве хапала й хапае, але дагэтуль літоўскія ўлады грэбавалі зь імі разьбірацца. Цяпер жа скандал, усчаты беларускімі ды іншымі дыпляматамі, міжволі стаў разрастацца. Заўважу, што падобныя сказы пра «этнічныя тэрыторыі» можна вычытаць і ў школьных падручніках, і на музэйных стэндах. Прытым пісалася пра гэта яшчэ ў савецкія часы. А беларусы ўсё маўчалі. Маўчалі, калі адбіралі Вільню, калі адразалі раёны й вёскі на літоўскую карысьць. Маўчалі, калі Беларускі музэй у Вільні, у якім было больш за 50 тысячаў адзінак захоўваньня і 20 тысячаў тамоў кніг і дакумэнтаў, аддавалі Літве...

Маўчалі б і дасёньня, каб нас зь Літвою не разьвёў лёс. І заява пасольства РБ, а ўслед за ёю й беларускага МЗС — першая спроба бадануць, нарэшце, самаўпэўненых суседзяў.

Віленскі

 

Перададзены каштоўны кнігазбор

У мінулы чацьвер Катэдра беларусістыкі Віленскага пэдунівэрсытэту атрымала ў падарунак цэлую бібліятэку.

Кнігі, картатэкі і рукапісы ненадрукаваных артыкулаў належалі доктару мовазнаўства Алене Грынавецкене. Спадарыня Алена дасьледавала беларуска-літоўскія моўныя ўзаемаўплывы. Яна — суаўтарка пяцітомнага «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», «Мікратапанімікі Беларусі». Сама родам з Сувалкіі, яна стала самым знаным дыялектолягам у Літве і, цэнячы сваё, не магла не цаніць і беларускае. Алена Грынавецкене памерла летась 29 верасьня і пакінула запавет, каб беларускую частку ейнага кнігазбору перадалі беларусам. Сястра нябожчыцы зьвярнулася ў беларускае пасольства, дзе й было вырашана перадаць скарб на Катэдру беларусістыкі.

— Мы зь вялікім энтузіязмам прынялі гэты падарунак, — сказала «Нашай Ніве» загадчыца катэдры Лілея Плыгаўка, — і маем намер выкарыстоўваць яго разам з мовазнаўцамі зь Беларусі.

Падчас акцыі перадачы ў кватэры Алены Грынавецкене прысутнічалі навукоўцы, прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў у Літве і пасольства РБ, журналісты.

Не адно толькі страчваем мы свае скарбы.

Ліцьвін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0