Па-беларуску з Ватыкану

Першыя экспэрымэнтальныя перадачы былі перададзеныя ў сьнежні 1949 году, а рэгулярныя перадачы Беларускай праграмы Радыё Ватыкану пачало перадваць 6 студзеня 1950 году, калі таксама адзначаўся Сьвяты Юбілейны Год. Беларускія перадачы з Апостальскай Сталіцы пачаліся дзякуючы вялікім намаганьням выдатнага чалавека, айца Пятра Татарыновіча.

 

Заснавальнік Беларускай праграмы, ксёндз-пралат Пётра Татарыновіч нарадзіўся ў 1896 годзе ў вёсцы Гайнін на Случчыне ў пабожнай каталіцкай сям’і. У 1919 годзе ён быў высьвечаны на сьвятара лацінскага абраду і да другой сусьветнай вайны займаўся душпастырскай дзейнасьцю ў розных мясцовасьцях Беларусі. З 1945 году аж да сваёй сьмерці ў 1978 годзе айцец Пётра Татарыновіч працаваў у Рыме. Адначасова вучыўся ў Папскім Усходнім Інстытуце і займаўся выдавецкай дзейнасьцю. 1950 год азнаменаваўся дзьвюма важнымі пачынамі, ініцыятарам якіх быў Пётра Татарыновіч. 6 сьнежня сьвет пачуў беларускі голас Ватыканскага Радыё, а празь некалькі месяцаў пачала выходзіць газэта «Зьніч».

Першыя пачынаньні былі даволі сьціплыя, перадачы выходзілі ў эфір толькі раз на тыдзень. У 1970 годзе, калі айцу Пятру было ўжо 74 гады, ён перадаў кіраўніцтва Беларускай праграмы вядомаму беларускаму сьвятару, архімандрыту Льву Гарошку. За гады яго працы колькасьць беларускіх перадач Радыё Ватыкану павялічылася да пяці ў тыдзень.

Айцец Леў Гарошка нарадзіўся ў 1911 годзе ў вёсцы Трашчычы, Стаўпецкага павету. Пасьля вывучэньня багаслоўскіх навук у Львове і ў аўстрыйскім горадзе Інсбруку ён быў высьвечаны на сьвятара ў грэка-каталіцкім абрадзе ў Львове. Да канца другой сусьветнай вайны айцец Гарошка займаўся душпастырствам і асьветніцкімі справамі ў Беларусі. У 1945 годзе ён зарганізаваў беларускае душпастырства ў Бэрліне, а пасьля ў Мюнхене. У верасьні таго ж году айцец Леў прыбыў у Рым і праз год выдаў малітоўнік «Божым Шляхам». Айцец Гарошка займаўся душпастырскай дзейнасьцю сярод беларусаў у Францыі, дзе быў рэктарам місіі, а таксама ў Лёндане да 1970 году. З гэтага году айцец Леў кіраваў Беларускай праграмай Радыё Ватыкану і адначасова выконваў абавязкі рэктара Беларускай Каталіцкай Місіі ў Францыі. Ён напісаў некалькі вядомых кніжак, сярод якіх найбольш вядомая «Навука і Рэлігія».

У 1977 годзе, пад час хірургічнай апэрацыі, айцец Леў Гарошка памёр у парыскай лякарні.

Яшчэ ў 1974 годзе да рэдакцыі Беларускай праграмы далучыўся грэка-каталіцкі сьвятар, доктар навук, мовазнаўца, айцец Робэрт Тамушанскі. Ён нарадзіўся ў Амэрыцы, у беларускай сям’і. Пасьля сьмерці айца Гарошкі ён стаў новым адказным кіраўніком і, ужо пачынаючы з 1983 году, беларускія праграмы пачалі гучаць штодзённа. На жаль, айцец Тамушанскі заўчасна памёр у 1996 годзе, але за тыя 19 год ён вельмі многа зрабіў для Беларускай праграмы. На сёньняшні дзень у Беларускай праграме стала працуюць чатыры асобы: Алена Мартэцкая, Янка Мойсік, Андрэй Пятчыц і кіраўнік Праграмы айцец Клёд Рабінэ. Ён паходжаньнем бэльгіец, езуіт, на Ватыканскім радыё працуе ўжо другое дзесяцігодзьдзе і заўсёды быў вялікім прыхільнікам беларусаў. Айцец Клёд ужо двойчы пасьпеў пабываць у Беларусі, каб пазнаёміцца з жыцьцём, і набыў тут шмат сяброў. Дзеля Беларускай праграмы працуюць таксама і супрацоўнікі ў Беларусі і за мяжой.

Беручы пад увагу становішча Царвы ў Беларусі, асабліва брак сьвятароў, перадачы Радыё Ватыкану маюць асаблівае значэньне. Для многіх гэта, бадай, адзіная магчымасьць атрымаць рэлігійныя веды. Дзеля гэтага Беларуская праграма большую частку свайго часу прысьвячае перадачам рэлігійнага зьместу. Для многіх слухачоў Беларуская праграма зьяўляецца лучнікам з Сусьветнаю Царквою. Увогуле ж Радыё Ватыкану перадае свае праграмы на ўвесь сьвет, дзень і ноч, на 30 мовах. І Беларускую праграму Радыё Ватыкану таксама можна пачуць шточацьвер а 20-й паводле менскага часу, на кароткіх хвалях 41 і 49 мэтраў, а таксама на сярэдніх хвалях. Раніцай, у 6.20, на тых жа хвалях перадаецца паўтор. Лісты ад слухачоў прыходзяць на Радыё з розных куткоў зямлі, і за гэта ім вялікі дзякуй. Беларуская праграма Радыё Ватыкану віншуе ўсіх жыхароў Беларусі з Нараджэньнем Хрыстовым і з Новым Юбілейным 2000 годам. Калі нехта захоча напісаць у Беларускую праграму, яго ліст не застанецца без увагі:

Programma Bielorusso
Radio Vaticana
00120 Citta del Vaticano


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0