Мова-2000

Назавем рэчы сваімі імёнамі

Як па-беларуску тэлевізар? Ці — аўтобус? Або — вантуз?.. Дый мікрахвалёвая печка, згадзіцеся, — не па-беларуску. Наша мова не жыве ў рэаліях таго часу, у якім жывем мы самі. Здаецца, яшчэ дзясятак гадоў, і ўсё яе жывое цела заменіцца такімі вось пратэзамі.

 

ХХ стагодзьдзе ў беларускай мове не адлюстравалася, не ўвайшло сваімі рэаліямі і зьявамі ў яе тканіну і кантэкст. Усе здабыткі цывілізацыі, якіх за мінулыя сто гадоў была процьма, мы называем запазычанымі словамі, чужымі нам паводле духу і літары. Гэтыя словы не належаць мове. Яны ёсьць у ёй, а могуць і ня быць, бо яны — не каштоўнасьць, бо яны ёсьць і ў іншых — у расейскай, празь якую да нас прыйшлі, або ў ангельскай, нямецкай, францускай, у якіх, як правіла, нараджаліся. Аб’ём такой незасвоенай лексыкі ў беларускай мове расьце, бо большае вакол нас лік усё новых цывілізацыйных выгодаў.

Так адбываецца зусім не таму, што беларускія навукоўцы нічога не далі сусьветнаму навукова-тэхнічнаму прагрэсу. З гэтым якраз праблемаў няма. Але мова прагрэсу ні колісь, ні цяпер — не беларуская. І ў гэтае зьявы прычына ўжо чыста палітычная. А менавіта — русіфікацыя, у яе самых глыбінных і падступных праявах.

Пачнем са слоўніка. Да прыкладу, вось тэрміны, якія пачынаюцца з «электра». Электрапыласос. Магчыма, існавалі і нейкія іншыя пыласосы — мэханічныя ці пнэўматычныя. Нехта надзімае мяхі або шчокі, а нехта другі соўгае шчоткай па падлозе. Або — электрапрайгравальнік. Гэта — пра вінілавы адаптар, які сышоў у нябыт, на масавым, прынамсі, узроўні. Беларуская мова нават не пасьпела ўсё гэта засвоіць, а яно ўжо і зьнікла. Электракамбайн, электралямпа, электратранспарт... Проста заварожвала нашых людзей гэтае электра- яшчэ ў сямідзясятыя. Падобна, як сёньня заварожвае прыстаўка эўра-: эўрарамонт, эўрашыбы, эўрадзьверы... Вядома, навукова-тэхнічны прагрэс — гэта толькі вонкавая праява, інфраструктура, якая не зьмяняе і ня зьменіць сутнасьці чалавека. Ажно мова, што ні кажы, мусіць засвойваць тэрміналёгію гэтага самага прагрэсу.

Вось цяпер — усеагульная кампутарызацыя. Гэта ці не кампутары мы яшчэ ўчора называлі ЭВМ — электронна-вылічальная машына? Які-небудзь «файл» палякі называюць «плік», а мы кажам — файл. Прычым, для нас гэта — расейскае слова. Бо ўсе праграмы ў беларускіх карыстальнікаў, як правіла, рускамоўныя. Што Windows, што Internet Explorer, што Word. Хоць уласна расейскага ў іх няшмат. Кажуць: ты працуеш на пісі, а я на макінтошы. Што тут расейскага? А вось што — добраахвотны выбар. Калі няма свайго, чаму не карыстацца арыгіналам — ангельскімі праграмамі? Я й хачу зразумець — чаму?

Што ЭВМ, што ВЦСПС у школьным слоўніку выглядаюць аднолькава, як рэчы аджылыя, забытыя, а ўжо цяперашняму школьніку і незразумелыя. Праехалі. Не зачапіліся, ну й няхай. Ад нас, як быццам, не аднялося. Можа, гэтак праедзем і ўсё іншае — тыя файлы з уіндаўсамі?

А праўда, можа захаваць мову на ўзроўні спрадвечнай лексыкі і не «псаваць» яе наватворамі. Урэшце, тое, што не разьвіваецца, ніколі й не памірае.

Ці трэба культуры засвойваць тое, што прамінае з часам?

Каб адказаць на гэта, я абраў два шляхі. Па-першае ёсьць такія сфэры жыцьця, дзе культура і тэхналёгія непасрэдна сутыкаюцца і ўзаемадзейнічаюць. Іншымі словамі, тэхнічная тэрміналёгія і паэтычнае слова тут часта тоесныя. Да прыкладу, у архітэктуры. Вось жа беларуская архітэктурная тэрміналёгія, напрацаваная вякамі, у ХХ ст. не пашырылася, не мадэрнізавалася. Значыць — страта.

Другі шлях — параўнаньне з моўнай практыкай і моўным досьведам нашых суседзяў. Тут вынік адзін: ім усё гэта «нада», а нам — не. Чаму?

У школе першым прыкладам нэалягізму называлі касманаўта. Маўляў, разам са зьяўленьнем новых рэаліяў зьяўляюцца і новыя словы. Гэта так, але ўсе, бадай, без выключэньня нэалягізмы ў беларускай мове былі нэалягізмамі расейскай мовы, безь якой-кольвек істотнай адаптацыі. Больш за тое, узятыя зь піетэтам да расейшчыны. Згадайма, што словы «большэвік» або «совет», альбо «коммунізм» сьпярша так і пісалі па-беларуску — праз «о». Гэта значыць, што засваеньня або адлюстраваньня ў мове новых рэаліяў жыцьця папросту не адбывалася. Люстэрка мовы было ў ХХ ст. завешанае, як завешваюць люстэрка ў хаце, у якой ёсьць нябожчык.

Суседзі — палякі ці літоўцы — па крупіцах лепяць сучасны вобраз сваіх моваў, імкнуцца ўводзіць іх і ў кампутар, і ў парлямэнт, і на біржу — балазе, паўсюль гэта рэглямэнтуецца законамі. У Эстоніі конкурсы наватвораў праводзяцца з шасьцідзясятых гадоў. А ў Польшчы гадоў пяць таму велізарны конкурс праводзіла «Gazeta Wyborcza». Высьвятлялі, да прыкладу, як можа па-польску гучаць сэкс-шоп. Для беларускай рэальнасьці такія ўсенародныя ініцыятывы выглядаюць, згадзіцеся, дзіўнавата. Чаму?

Адказ знаходзім у іншым баку. Дзіўнавата гэта ўсё выглядае ў расейскай рэальнасьці. Ад спробы ўводзіць нэалягізмы ў пачатку стагодзьдзя там засталіся хіба што анэкдоты пра лапці-макраступы. У цэлым жа Расея традыцыйна бярэ заходнеэўрапейскую лексыку, ня надта яе перарабляючы. Прычына гэтага — ва ўсьведамленьні недасяжнае велічы нацыі і дзяржавы. А веліч спараджае сон душы. Заклапочаны ў такой сытуацыі можа быць толькі невялікі, якому праз усю гісторыю стаіць праблема выжываньня. Безумоўна, гэтаксама, як літовец або чэх, мусіў бы паводзіць сябе і беларус. Але беларус — у полі расейскага сну.

Гэтай расслабленасьцю, якая прыйшла да нас з русіфікацыяй, тлумачыцца, дарэчы, ня толькі стаўленьне да сваёй мовы, але й да гісторыі, і, калі хочаце, да палітыкі, гаспадаркі. Урэшце — да сябе самога. У вялікім і малым. Можа быць, якраз гэта і ёсьць самая сапраўдная русіфікацыя — паралюш волі і жаданьняў.

Бяруся сьцьвярджаць, што менавіта ў такіх клопатах, як моўная творчасьць, чалавечая асобіна ператвараецца ў чалавека. Зрок робіцца танчэйшым, адчуваньне свайго, найбольш адэкватнага сабе робіцца вастрэйшым, зьяўляецца ўменьне цаніць абстрактныя, быццам бы, інтэлектуальныя каштоўнасьці. Гэтак найбольш дарагой выглядае кніга, ахайна дагледжаная ў вясковай хаце. Адваротны прыклад — калі кажуць, што дармаеды-пісьменьнікі ядуць хлеб працоўнага народа. На жаль, у цяперашняй Беларусі пашыраецца якраз адваротны прыклад.

Усё сказанае і пабудзіла рэдакцыю «Нашае Нівы» абвесьціць кампанію «Мова-2000», у рамках якой нашыя чытачы будуць прапаноўваць свае заменьнікі або наватворы для «пратэзных» словаў. Пішыце нам. Давайце абмяркоўваць і ствараць. Што прыжывецца, тое прыжывецца. Галоўнае — назавем рэчы сваімі імёнамі.

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0