Сяржук Кручкоў: ТБМ па-за палітыкай

«Галоўнае для нас сёньня — надаць ёй арэол сучаснасьці і моднасьці, каб беларускамоўнасьць асацыявалася з найбольш адукаванай і сучаснай часткай грамадзтва. У Менску такая сытуацыя часткова ўжо склалася».

 

Сяргей Кручкоў: У лістападзе ТБМ мела 4322 сябры. Пасьля гэтага ўступіла яшчэ каля 300 чалавек. Усе яны аб’яднаныя ў 128 суполак у 64 раёнах Беларусі, г.зн. на большай частцы тэрыторыі краіны. Найактыўнейшыя суполкі — у Баранавічах, Пінску, Лідзе, Віцебску. Або во, вясковая суполка ў вёсцы Налібокі Стаўпецкага раёну, сябрамі якой зьяўляюцца збольшага сямнаццацігадовыя хлопцы. Робяць такое, што і ў Менску ня часта пабачыш: сустрэчы зь пісьменьнікамі, канцэрты бардаў, выставы кніг, касэт, паказы відэафільмаў.

Ясна, што маем і хібы, але я згодны з Алесем Камоцкім, які некалі сказаў у «Нашым слове»: «ТБМ павінна быць элітнай і камэрнай арганізацыяй, якая мусіць браць ня колькасьцю, а інтэлектам ды культурным узроўнем». Бо сапраўды, ня выйсьце — набіць арганізацыю 20—30 тысячамі ёлупняў. Шчыра кажучы, і так у беларускай справе круціцца шмат людзей, якія толькі дыскрэдытуюць нашы мерапрыемствы: маем сапраўдную праблему з тымі, каго некалі заціснула сыстэма, хто з катушак зьехаў, згубіўся ў асабістым ды грамадзкім жыцьці ды з часам прыбіўся да беларускага актыву. З гэткімі «пакрыўджанымі» цяжка працаваць.

 

«НН»: Ці ТБМ гатова ісьці ў палітыку? Сёй-той лічыць, што толькі палітычнае змаганьне можа выратаваць сытуацыю.

С.К.: Ва ўсім сьвеце існуе глыбокі падзел паміж палітыкай і грамадзкай справай. На сёньняшні момант нам бы хацелася, каб Фронт — у мінулым таксама грамадзкая арганізацыя — займаўся палітыкай, пакінуўшы ТБМ выключна грамадзкую дзейнасьць. Гэта наша стратэгія — не ісьці ў палітыку. І вынікі сталі больш адчувальнымі, нават з тымі ўладамі, пра легітымнасьць якіх могуць спрачацца палітычныя партыі, мы маем кантакт і часам досыць пазытыўнае супрацоўніцтва.

Зьмянілася й запісаная ў статуце асноўная мэта ТБМ. Раней гэта было дасягненьне для беларускай мовы статусу адзінай дзяржаўнай, але цяпер, зважаючы на Канстытуцыю, аб легітымнасьці якой таксама можна спрачацца, мы маем дзьвюхмоўе. Добра, хай дзьвюхмоўе. Але рэальнае, кажам мы. Бо 37% насельніцтва карыстаюцца беларускай мовай у штодзённым жыцьці, і тое панаваньне расейскай, якое маем цяпер, — гэта страшэннае парушэньне правоў чалавека.

Жахлівы стан рэчаў у Віцебску, дзе сёлета ўвогуле не набіралі беларускамоўных клясаў. Але калі перапіс пакажа — бяру ўмоўна — што ў горадзе размаўляюць па-беларуску 20% насельніцтва, мы маем дамагацца, каб у ім было 20% беларускіх школаў.

А вось ужо ў Лідзе сытуацыя цалкам іншая: там па-беларуску навучаецца 58% дзяцей.

У вёсках з мовай ня так кепска, як у гарадах, хоць моладзь вясковая ня можа пазбыцца комплексу непаўнавартасьці і, прыяжджаючы ў горад вучыцца, пераходзіць на расейшчыну. Таму патрабуем цяпер, каб перавялі на беларускую прынамсі сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы, дзе ніколі не было беларускамоўных плыняў.

Па меры нацыянальнага абуджэньня патрэба ў расейскай мове як дзяржаўнай адпадзе сама сабой. Галоўнае — ня дзейнічаць прымусам.

 

«НН»: Колькі беларускамоўных школаў ёсьць сёньня?

С.К.: Якраз 37% ад агульнае колькасьці, але ў гарадох толькі 5,8%. Але адсотак дзяцей, што вучацца па-беларуску, меншы, бо ў вясковых беларускіх школах часта вучыцца зусім мала дзяцей, а ў гарадзкіх расейскіх колькасьць вучняў перавальвае за тысячу. Маем і праблему з кадрамі: у школе, дзе вучыцца мая дачка, працуе толькі адзін настаўнік матэматыкі, які вядзе заняткі па-беларуску, але з-за адсутнасьці жытла ён вымушаны туляцца па інтэрнатах, працаваць на дзьвюх працах і пры канцы навучальнага году мае звольніцца і зьехаць. Дзяржава не дае грошай на перападрыхтоўку прадметнікаў, каб яны маглі выкладаць па-беларуску, хоць увогуле штогод на арганізацыю курсаў для настаўнікаў выдаткоўваецца шмат грошай.

 

«НН»: А ТБМ што?

С.К.: Пры Менскай гарадзкой радзе ТБМ створаны Аргкамітэт Бацькоўскага Камітэту. Гэтым летам мы абаранілі ў Менску шэсьць беларускіх клясаў, якія зьбіраліся расфармаваць. Асноўнае, што нам трэба ад бацькоў — каб трымалі кантакт з намі і зьбіралі подпісы і дакумэнты ў абарону школьных беларускіх асяродкаў. Шкада, што шмат хто зь вядомых беларускіх літаратараў толькі й могуць што прыходзіць ды жаліцца, як там нас прыціскаюць і душаць, а нічога канкрэтнага ня робяць. Затое актыўна змагаюцца за правы сваіх дзетак бугальтары, правізары, мэдсёстры. Прычым калі існуе мінімальная магчымасьць захаваньня клясы, Мінадукацыі ідзе нам насустрач, не зважаючы нават на паднарматыўныя акты аб фінансавай немэтазгоднасьці навучаньня клясаў з малой колькасьцю вучняў. Але ёсьць і такія, дзе навучаецца сем дзяцей пры норме 25.

 

«НН»: А што з Нацыянальным унівэрсытэтам?

С.К.: Згодны зь Вінцуком Вячоркам, што нельга ствараць такую сытуацыю, калі ў краіне будзе адна беларускамоўная ВНУ, а ва ўсіх астатніх нічога ня зрушыцца. Праўда, Міністэрства адукацыі нібыта ўжо падрыхтавала да зацьверджаньня чарговую праграму беларусізацыі навучаньня ў нашых alma mater, якая прадугледжвае, сярод іншага, стварэньне ў 2001 годзе беларускамоўных плыняў у кожнай ВНУ. Але, у любым разе, стварэньне Нацыянальнага ўнівэрсытэту станецца штуршком для ўрадавых структураў. Мы сёньня маем вялізны сьпіс выкладчыкаў, якія б жадалі працаваць у такім унівэрсытэце. Сярод іх — Сямён Шарэцкі, Анатоль Грыцкевіч, Вольга Іпатава. Пакуль арганізуем шэсьць факультэтаў: гісторыка-філялягічны, эканамічны, юрыдычны, літаратуразнаўчы, філязофскі, прыродазнаўчы. А таксама група выкладчыкаў займаецца працай па праграме фізычнага выхаваньня. Выказвалася жаданьне адкрыць і мэдычны факультэт, але энтузіясты жывуць у Горадні.

Пад лета мы мусім падрыхтаваць усе паперы і падаць дакумэнты на рэгістрацыю.

 

«НН»: Унівэрсытэт мае быць дзяржаўны?

С.К.: Так, мы хацелі б пазьбегнуць платнага навучаньня. Мы ўсе плацім падаткі, і дзяржаўныя грошы — гэта нашыя грошы. Дык маем права патрабаваць.

Гутарыў Анатоль Прасаловіч


 

Сяргей Кручкоў (нар. 1967, Менск) беларусам сябе ўсьвядоміў у войску. Служыў у Вільні. Салдатаў аднойчы запрасілі на фэстываль народнае песьні, і ён пабачыў, як 35 тысячаў літоўцаў сьпяваюць песьні па-літоўску... Спэцыяльнасьць — інжынэр-будаўнік, працаваў у прыватных фірмах, ад 1999 — кіраўнік справаў Таварыства Беларускай Мовы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0