Хасэ Пабла Фэйн
(Аргентына)

Краіна дурняў

 

Перадусім трэба прызнаць, што ў лексыцы моладзі слова «дурань» замяніла тыповы мадызм аргентынцаў «чэ». Сёньня юнакі і дзяўчаты ня кажуць: «досыць, чэ», «куды ж там, чэ», «ніяк ня ўцяміш, чэ». Цяперака гавораць: «досыць, дурань», «куды ж там, дурань», «ніяк ня ўцяміш, дурань». Здаецца, што слова «дурань» сьвядома прызнае стан рэчаў і фактаў, хоць і перастала адчувацца ў ім крыўдная лаянка.

Аднак, ня будзем забягаць наперад. Пакуль мы мусім фіксаваць рашучы лінгвістычны зрух: традыцыйнае «чэ» ператварылася ў «дурань» за выняткам агрэсіўнага кантэксту, і новае слова адшліфавана моўнай практыкай да ўзроўню нармальнага звароту. Так, зь цеплынёй у голасе кажуць: «слухай, дурань» альбо «лепш едзь аўтобусам, чымся на мэтро, дурань».

Нельга ігнараваць, што добры жарт амаль заўжды адлюстроўвае сацыяльнае ці палітычнае становішча ў краіне. Жарты, якія ўзьніклі ад мэнэмізму, — незьлічоныя, і ўсе дадаюць новыя рысы да адбітку рэальнага становішча, якое іх нарадзіла. Напрыклад, вось адзін з жартаў, які падаецца мне яскравым і характэрным.

— Ці ведаеш новую мянушку Мэнэма?

— Не.

— Кароль дурняў.

— Чаму ж?

— Бо ён кароль, а мы — дурні.

Соль жарту ў тым, што напачатку быццам бы Мэнэма называюць традыцыйна зьневажальна: «кароль дурняў», гэта значыць, найвялікшы дурань, бязглузьнік, ідыёт. Аднак, як заўсёды, за інтрыгаю жарту хаваецца нечаканая разьвязка, і выраз «кароль дурняў» акцэнтуе мяноўна караля, манарха, які мае абсалютную ўладу ў руках, а любы манарх, вядома, мае сваіх васалаў.

Гэтыя васалы атрымалі мянушку, якую спачатку мы надавалі каралю. Але ж не, мянушка не караля, а васалаў, бо дурні — васалы караля. Такім чынам, кароль дурняў — гэта манарх, які ўладарыць над васаламі, гэтак званымі дурнямі. Дакладней, намі. Жарт, напачатку агрэсіўны ў адносінах да Мэнэма, завяршаецца прызнаньнем: дурні мы, а ён кароль, манарх, які робіць з нас дурняў, кіруючы намі. Бо калі мы ў чымсьці дурні, дык у тым, што Мэнэм — наш кароль. І, да таго ж, мы яго абралі.

Людцы слухаюць гэты жарт і сьмяюцца, ніколі ж не абураюцца. Ніхто не казаў: «Я ня дурань ды Мэнэм ня мой кароль». Не, добрыя ды шматпакутныя аргентынцы рагочуць ды кажуць: «Выдатная показка, дурань». Яны прымаюць слоўца «дурань» і, вядома ж, перастаюць зьвяртацца адзін да аднаго на «чэ». Гэта ж так. Напрыклад, сябрук разьвітваецца, выходзіць з кавярні, і раптам адзін з нас прыгадвае, што не даказаў яму чагосьці. Тады кліча яго зноўку. Раней гукалі: «Чэ!», а цяперака: «Дурань!»

Я зачапіў тэму не бяз дай прычыны. Гэта прыйшло, як шмат чаго іншага, калі я піў філіжанку кавы ў кавярні ў сябе каля хаты. Я сядзеў зь сябрам, а сябра гартаў газэту з падзеямі ў Рамальё. Паліцыя Буэнас-Айрэса застрэліла і нейкіх тэрарыстаў, і іхных закладнікаў. Вось мой сябра пра гэта і чытаў.

Раптам ён прачытаў уголас, што камісар, які кіраваў гэтай адказнай апэрацыяй, абвясьціў, нібыта паліцэйскія цалялі ў колы, у шыны аўто, у якім уцякалі тэрарысты з закладнікамі. Быццам выстралілі ці то восемдзесят, ці то сто семдзесят куляў. І ні адна з куляў ня трапіла ў гумовыя шыны. Мой сябрук глядзіць на мяне і пытаецца: «Яны што, нас зусім дурнямі лічаць?» Так, адказваю я, безумоўна, яны трымаюць нас за дурняў. Здаўна, ды так, што аргентынцы ўжо ня чэ, а проста дурні.

Калі Альсагарай казаў, што «трэба перажыць зіму дый годзе», гэтак ён думаў. І пазьней Анганія і Ланусэ, ды часьцяком стары Пэрон трымалі нас за дурняў. І калі Відэла сьцьвярджаў, што «тыя, хто нібыта зьнік, жывуць спакойна за мяжой», таксама. І калі загаманілі пра «антыаргентынскую кампанію» — гэта мы засталіся ў дурнях. І калі сьвяткавалі перамогу на чэмпіянаце сьвету па футболе як нацыянальнае сьвята шчасьця ды перамаглі пэруанцаў ажно 6:0, таксама. І прэзыдэнт Альфансын, які дадумаўся да таго, што нашыя бедныя хлопцы — героі Мальвінаў, а ў нашым агульным доме — поўны парадак, трымаў нас за дурняў.

Таму ж Мэнэму абрыдла лічыць нас дурнямі. Дзесяць гадкоў запар. І Мэнэм, і Ёма, і Альсагарай, і тыя, хто забіў Кабэсаса, і тыя, хто інсцэнаваў самагубства Ёбрана. Усе глядзяць на нас як на дурняў. А цяперака паліцэйскія забойцы ў Рамальё, і тыя, хто зьдзекаваўся з могілак у Таблада, яны ўпэўненыя, што мы дурні. І тыя, хто дае забойцам прытулак і волю, хто мусіў бы знайсьці і пакараць іх турмою, штодзень паўтараюць самі сабе, што мы дурні. Зрэшты, мы зьведалі гэта, бо мы і ёсьць краіна дурняў. Сёньня Гевару ня звалі б Эрнэста Чэ. Казалі б Эрнэста Дурань. І не па ягонай вінаватасьці нават, а па нашай суцэльнай дурноце.

Мой сябрук, там, у кавярні ў мяне каля хаты, маркотна склаў газэту і кінуў яе на столік. Паклікаў афіцыянта. Папрасіў яшчэ адну філіжаначку кавы. У ягоных вачох я заўважыў водблескі злосьці. Абурэньня. Мабыць, непакоры. Ён зірнуў на мяне ды ўздыхнуў: «Гэтак больш нельга». Яму прынесьлі каву. Ён пасёрбваў, каб не абпячыся. Зноўку падняў вочы і казаў: «Трэба штосьці рабіць, дурань».

Гэта — пачатак.

Пераклаў з гішпанскай Карлас Шэрман


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0