НАВІНЫ

 

Юнак скінуўся з тэлевежы

Уся Горадня гаворыць пра самагубства 25-гадовага мужчыны. Позна ўвечары ён залез на тэлевiзiйную вежу i скiнуўся з вышынi 116 мэтраў. Падобнае здарылася ўпершыню. Перад скачком прыехала нават мiлiцыя, але нiчога зрабiць ня здолела. Трагедыя адбылася ў перадапошнi дзень студзеня. Усяго за студзень на Гарадзеншчыне зрабілі сабе сьмерць 28 чалавек. Летась за год такіх было 410 выпадкаў. Збольшага людзі вешаюцца.

С.М.

 

Быкаў пераедзе ў Нямеччыну

Васіль Быкаў ня вернецца ў Беларусь, але пераедзе прынамсі на год у Нямеччыну на запрашэньне тамтэйшага ПЭН-цэнтру. Першымі гэта паведамілі не беларускія, а расейскія мас-мэдыя.

 

У Вярхоўным Савеце

У суботу ў Менску прайшла першая ў гэтым годзе сэсія Вярхоўнага Савету. Старшынстваваў Анатоль Лябедзька. На сэсіі выступіў Ганс-Георг Вік, прадстаўнік АБСЭ. Галоўнай тэмай была будучая падрыхтоўка закону пра выбары. Ад 20 лютага яго маюць рыхтаваць да другога чытаньня. Значыць, Вярхоўны Савет усё спадзяецца на рэвалюцыйнае разьвіцьцё падзеяў.

 

Усе хочуць бачыць Чыгіра

Беларуская Асацыяцыя Журналістаў выступіла з рэзкім асуджэньнем таго, што ў залю паседжаньняў, дзе быў суд над Чыгіром, людзі ў міліцэйскай форме і ў цывільным не дапускалі на гэтым тыдні журналістаў, у тым і карэспандэнтку «Нашай Нівы» Тацяну Сьнітко. Заля паседжаньняў, і праўда, і блізка не зьмяшчае ўсіх, хто хоча туды трапіць. Але ахоўнікі надта ўжо беспамылкова выхоплівалі з натоўпу пэўных журналістаў. Старшыня Вярхоўнага Суду Беларусі Валянцін Сукала адмовіўся надаць іншую залю, але зьвярнуўся да сумленьня публікі, папрасіў людзей дамаўляцца між сабой, каб па чарзе наведвалі паседжаньні.

 

Папоўскі падатак

У Крычаве бацюшкi знайшлi добры спосаб паляпшэньня матэрыяльнага стану сваёй арганiзацыi: добраахвотна-прымусовы продаж квiткоў на царкву на прадпрыемствах i ў калгасах. Дзяруць добрыя грошы.

Сымон Глазштэйн

 

Паўстагодзьдзя на псю маць

У Чэрыкаве знайшлі бадай самы стары банкаўскi рахунак цi то вобласьцi, цi то ўсёй краiны. Гаспадыня, 80-гадовая бабуля, паклала 4500 рублёў яшчэ ў 1945 годзе. Тады на гэта можна было набыць хату з усiм дабром. Але вырашыла бабулька патрымаць на кнiжцы грошы. Дарасло да 5000. Потым пачалiся зьмены, а бабулька не зарыентавалася. Вось i пражыла жыцьцё…

Сымон Глазштэйн, Магілёў

 

Філарэту на лячэньне

Уражаныя былі дактары Малецкай больніцы, калі ў панядзелак 31 студзеня (са спазьненьнем, дарэчы) прыйшлі атрымаць свой студзеньскі аванс. Аказалася, што, як у лепшыя часы, зь іх у добраахвотна-прымусовым парадку вылічылі грошы на дабрачынныя білеты ў падтрымку Расейскай праваслаўнай царквы коштам 100 новых рублёў. Лекарам далі па 3 білеты, мэдсёстрам — па 2, санітаркам — па адным.

Сяржук Русецкі, Бяроза

 

17 мiкраскопаў

У Гарадзенскiм сельгасiнстытуце з кабiнэту скралi адразу 17 мiкраскопаў. Мiлiцыя лiчыць, што злодзей меў ключ, бо на замку няма сьлядоў узлому. Нядаўна вучэльню наведваў сам Лукашэнка, абяцаў зрабiць унiвэрсытэтам.

С.М., Горадня

 

Міліцыя зьмяніла валютчыкаў

Ужо каторы дзень на рынку ў Астраўцы нясуць дзяжурства міліцыянты. Міліцыянты сочаць, каб ня дай Бог які чалавек не памяняў валюту ў валютчыкаў. Міліцыянты час ад часу стаяць там, дзе раней былі валютчыкі. Дык людзі кажуць: «Во, міліцыя валютчыкаў выцесьніла».

Юры Гаўрылаў, Астравец

 

Мытнікі папаліся

На мытні «Катлоўка» Ашмянскай дзялянкі з падазрэньнем на хабар арыштаваныя інспэктар і начальнік зьмены. Яны патрабавалі за бесьперашкодны правоз тавараў у аднаго з нашых грамадзянаў 100 даляраў.

Ю.Г.

 

Хадзіць трэба больш

У Астраўцы з пачатку месяца аўтобусы ходзяць толькі ў Горадню і на станцыю Гудагай, а каб даехаць у якую-небудзь вёсачку — цэлая праблема. Кажуць, няма бэнзыну.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

 

Дар ад скульптара

Беларускі скульптар Леанард Пакульніцкі, які нарадзіўся на Астравеччыне, падарыў касьцёлу Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа абраз Маці Боскай Міласэрнай. Гэта абраз — копія цудатворанага абразу Маці Боскай Астрабрамскай.

М.В.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0