Замест помніка — плякат

 

Гарадзенская моладзь з Маладога Фронту пачала веснавы наступ пікетам 2 лютага, на ўгодкi Кастуся Калiноўскага

Спачатку на чыгуначным вакзале прымацавалі кветкi i бел-чырвона-белыя стужкi да памятнай шыльды, зробленай у выглядзе маленькай каплiчкi. Яе адкрылi ўвосень 1995 г. паводле рашэньня гарадзкiх уладаў, прынятага яшчэ за Шушкевiча. На вакзале ў 1863 г. адбыўся бой памiж паўстанцамi i вайсковым аддзелам.

Затым у цэнтры гораду на вул.Савецкай перад «Домам саветаў» адбыўся пiкет. Адзiн маладзён трымаў плякат: «На гэтым месцы павiнен стаяць помнiк Кастусю Калiноўскаму». Зноў жа, паводле рашэньня гарадзкiх уладаў дзесяцiгадовай даўніны. Не БНФ тады яго прыняў, а самi ўлады. Таму мiлiцыянту, які зьявiўся на пiкеце, не было за што зачапiцца. Ён толькi папрасiў школьнiка Яўгена Андрэева, якi трымаў плякат, пайсьцi зь iм у райаддзел, пераконваючы, што лепей было б арганiзаваць школьны вечар, прысьвечаны Калiноўскаму.

На Савецкай вулiцы — на iншым доме, дзе была кансьпiратыўная кватэра Калiноўскага, улады таксама хацелi прымацаваць шыльду. Але перахацелi.

Пiкет, дарэчы, адбыўся побач былой мужчынскай гiмназii, дзе вучыўся старэйшы брат Кастуся Вiктар.

Сяргей Астраўцоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0