Навіны культуры

 

Наваградзкія мастакі

У сталічным Доме дружбы праходзіць выстава мастакоў з Наваградку: жывапіс Кастуся Качана і Раісы Сіплевіч, творы фотамастачкі Тацяны Царук (здымкі занядбаных могілак і адбудаваных сьвятыняў Наваградчыны), а таксама працы Віктара Сташчанюка — гістарычная рэканструкцыя замкаў і старых гарадоў Беларусі.

 

Пісьменьнік і смалакур

Ансамбаль “Беларускія песьняры” й артысты Купалаўскага ўзялі ўдзел у віншаваньні з 60-годзьдзем празаіка Леаніда Дайнекі на вечарыне ў Доме літаратара. Аўтар папулярных гістарычных раманаў “Меч князя Вячкі” і “Сьлед ваўкалака”, Леанід Дайнека працуе цяпер дырэктарам фірмы “Пасат”, якая вырабляе гарэлку ў Смалявіцкім раёне. Вольга Іпатава пажадала юбіляру кінуць гарэлачны бізнэс і вярнуцца ў літаратуру, бо сёньня нібыта вельмі не стае гістарычных раманаў для дзяцей.

 

Кіно “Баран”

За ўвесь 99-ы год на беларускія грошы быў зьняты адзіны мастацкі фільм — кароткамэтражная 15-хвілінная стужка Андрэя Кудзіненкі “Баран” паводле апавяданьня Андрэя Яіцкага, які трагічна загінуў напярэдадні здымак. Прэм’ера карціны прайшла 1 лютага ў Саюзе кінэматаграфістаў. Дзеючых асобаў усяго тры: малады вясковы гаспадар з жонкай ды іхны баран, які штоночы лазіць на страху дрывотні, каб сузіраць зоркі. Галоўныя ролі выконваюць артысты Купалаўскага Яна Русакевіч і Аляксандар Аўчыньнікаў. Фільм здымаўся на ўласныя сродкі кінастудыі (і каштаваў 4 мільёны дэнамінаваных рублёў). Амаль увесь астатні бюджэт беларускага кіно на мінулы год зьела беларуска-расейская стужка Міхаіла Пташука “Момант ісьціны”. Яе прэм’ера прызначаная на 9 траўня.

 

Балет мадэрн

У Менску зьявіўся першы тэатар балету, які абраў сваім асноўным жанрам не клясычную харэаграфію, а сучасны танец. Мастацкі кіраўнік гурту “Новы балет” — Вольга Рэпіна, артыстка Тэатру музкамэдыі, вучаніца Елізар’ева. “Новы балет” выступае на сцэне клюбу імя Дзяржынскага. 31 студзеня там адбылася прэм’ера спэктаклю паводле кнігі Кена Кізі “Палёт над гняздом зязюлі” (ролю правадыра паўстаньня вар’ятаў станцаваў Віталь Краснаглазаў).

Юрась Барысевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0