Вера Церлюкевіч:
«Каб яму хоць трохі стала сорамна»

 

9 лютага ў Першамайскім раённым судзе Менску распачнецца судовы працэс «Вера Церлюкевіч супраць Аляксандра Зімоўскага». Удзельнікі працэсу — людзі вядомыя. Спадарыня Вера — апазыцыянэрка, не прапускае ніводнае акцыі. Часта зьяўляецца на экране тэлевізіі. Аляксандар Зімоўскі таксама часта зьяўляецца на экране са сваімі камэнтарамі. Пасьля Маршу Свабоды ён назваў удзельнікаў акцыі «адмарозкамі». Спадарыня Вера падала позву ў суд, каб абараніць свае гонар і годнасьць, а таксама спагнаць зь Зімоўскага 3 млрд. рублёў за маральныя страты.

Зь Верай Церлюкевіч гутарыць наш карэспандэнт.

 

— Як узьнікла ідэя судзіцца зь Зімоўскім?

— Пачалося так. Пазваніла я на БТ, там апытвалі людзей па тэлефоне, як хто ставіцца да саюзу з Расеяй. Да эфіру мяне не дапусьцілі, бо я была супраць. Я вырашыла: тады выкажу сваю думку на мітынгу. Схадзіла на акцыю 17 кастрычніка, потым уключыла навіны. Чую, Расея перадае нэўтральна, а БТ ізноў брэша. Аляксандар Зімоўскі называе нашых людзей адмарозкамі. Назаўтра я панесла заяву ў суд Першамайскага раёну, па месцы разьмяшчэньня БТ. Хатняга адрасу Зімоўскага мне не далі: дзяржаўная таямніца. Першамайскі суд тры разы на розных падставах заварочваў заяву. Спачатку ўзялі збор — мільён чатырыста. Потым прыслалі мне паперу, дзе запатрабавалі ўжо 15 мільёнаў. Адвакаты сказалі мне, што судовых збораў такога памеру не бывае. Але я аддала сваю пэнсію, 14 мільёнаў, і мільён пазычыла. Мая мэта — каб яму хоць трохі стала сорамна. Мы, падаткаплацельшчыкі, даем грошы не на тое, каб нас звалі адмарозкамі.

 

— Ці вядома штосьці пра рэакцыю Зімоўскага?

— Нічога. Судзьдзя выклікаў нас на гутарку. Прыходзіў прадстаўнік тэлевізіі. Хто будзе прысутнічаць на судзе 9 лютага, невядома. Альбо прадстаўнік тэлевізіі, альбо сам Зімоўскі.

 

— Зімоўскі паказаў сябе як чалавек са спэцыфічнай маральлю. Да таго ж, ён цешыцца сымпатыяй уладаў. Чаго вы чакаеце ад суду?

— Я ведаю, што зь ім непрыемна сустракацца. Калі ён такія рэчы кажа, дык, відаць, чалавек малаграматны, некультурны. Ведаю, што яго падтрымае прэзыдэнт. Я наўрад ці выйграю працэс. Але такі суд мусіць адбыцца. Людзям трэба паказаць, што чалавек абразіў і не папрасіў прабачэньня. Каб людзі пабачылі, што ў краіне пануе хамства. Я папрасіла адшкадаваньня за закранутыя гонар і годнасьць 3 млрд. беларускіх рублёў. Гэта невялікая сума, бо калі судзіўся Шэйман, ён патрабаваў 15 млрд. Чым мой гонар горшы за Шэйманаў? Дзяржаўныя журналісты паселі нам на галаву. Я чула, Хрушчова і Кавалёва называлі нас «атрэб’ем». Вось і ад Зімоўскага дачакала. Можа, яны не беларусы? Жывуць з намі, і нас жа гнюсяць.

 

— Гэта ж ня першы ваш двубой з уладамі?

— О, не. Год назад нехта званіў у заводакіраваньне і пагражаў узарваць трактарны завод. Дык мяне цягалі, хацелі давесьці, што гэта я тэрарыстка. Цяпер чалавека гэтага знайшлі. А гады два таму ў лістападзе забралі мяне за ўдзел у мітынгу. Дома забралі. Маёр Гірэль камандаваў апэрацыяй. Цяпер, кажуць, ён падпалкоўнік КГБ. А тады 10 дзён мяне трымалі ў аблозе. Я зьела ўсё, нават вэрмішэль на вадзе. Ужо тры дні піла адну ваду. Быццам у якім Магадане, я была ва ўласнай кватэры. Забралі-такі, сядзела пару дзён на Прылуках.

 

— Ці не баіцеся вы, што можаце трапіць у астрог, быць зьбітай «невядомымі» альбо зьнікнуць?

— Я 15 гадоў адпрацавала на трактарным заводзе, у тым ліку на вежавым кране. Я нават упала аднойчы з кранам з 60 мэтраў вышыні, але доля паслала цуд — толькі палец зламала. З тых часоў нічога не баюся. Мяне і ў Манголію пасылалі працаваць. Дык манголы прыходзілі і глядзелі на мяне. Ім было дзіўна, што цётка на такой вышыні працуе і не баіцца. Яны мне прыносілі падарункі, дзічыну розную, зайцаў клалі на пліту. Частавалі нюхальным тытунём. Я ведала, што адмаўляцца нельга — гэта знак павагі, я нюхала яго і страшна чыхала. Там мяне цанілі. А дома? У нас бабы у ліцейным і земляробчым участках працуюць, а па нарматыўных актах Мінпрацы не павінны працаваць. Ім яшчэ й плоцяць менш, чым на іншых участках. Яшчэ не было перастройкі, а я хадзіла па міністэрствах і вышуквала, у колькі гадоў чалавек на пэнсію мусіць ісьці са шкодных участкаў. Падняла дакумэнты — зваршчыкі гарачай зваркі ў 50 гадоў маглі йсьці на пэнсію, а чыноўнікі дакумэнт схавалі і адпраўлялі ў 60. Сыходзілі людзі паміраць — з тубэркулёзам, з пухлінамі лёгкіх, з хранічнымі танзылітамі — ім не давалі нават даплаты да пэнсіі па стану здароўя. Тубдыспансэр запрошваў флюараграфію, а на заводзе не выдавалі, зьнішчалі картку. Гэта гаворыць пра тое, што чалавек хворы, а яны хавалі. Даплаты атрымлівалі начальнікі, што сядзелі ў чыстых харошых кабінэтах, а пісаліся, што працуюць на ліцейнай вытворчасьці, у пыле і брудзе.

 

— І тут пачалася перастройка…

— Пачалася перастройка, нас яшчэ больш абкруцілі. Па тры месяцы не давалі грошай, клалі ў банк пад працэнты, давалі інфляцыйны заробак. Людзі галадалі, трацілі прытомнасьць ля станкоў. Усяго было. У 1991 годзе мяне абралі старшынёй забастовачнага камітэту цэху — 1500 чалавек... А дырэктары парабіліся капіталістамі, яны й іхныя дзеці. Трактары спрадавалі за валюту. Чаму рабочым ня йшла валюта? А яны скупалі японскія відэатавары, скуру, норку, пуховыя паліто. Паадкрывалі СП, камэрцыйныя кіёскі, пасадзілі туды сваіх жонак, вось адкуль капіталы. Куды ні паеду — стаяць катэджы. Я ведаю, як у нас дзялілі гэтыя катэджы у Каралёвым Стане. Вывозілі ўсё з заводу, што маглі. Я была кранаўшчыцай і мусіла грузіць гэтыя матар’ялы. Дык дайшло да таго, што ў браме пакажуць пальцам, што я на кране, дык у той дзень нічога не грузілі. Я зь лістом выходзіла да антыкарупцыянэра Аляксандра Лукашэнкі — заказным, з паведамленьнем. Ведаў усё Лукашэнка — ён перад рэфэрэндумам прыяжджаў на трактарны. Я перастрэла яго і з адлегласьці 3 мэтры (ён тады яшчэ не баяўся людзей) сказала, што намесьнік дырэктара трактарнага заводу Матус — самы злодзей. Ён у начальства пытае: «Вы Матуса звольнілі?» Яму кажуць: звольнілі. І тут, на маё шчасьце, гэты самы Матус выходзіць з заводакіраваньня. Ніхто яго не звальняў. Кралі, я не сумняюся, што й цяпер крадуць. Вось табе — адзін украў вядро памідораў, кілё агуркоў і зэдлік — і сядзіць, а другія па сто трактароў заганялі ў Літву ў сваіх мэтах — іх забіралі, надзявалі кайданкі, а пасьля паціху выпускалі, і яны зноў у тых самых кабінэтах.

 

— Аднак пры гэтым мы ня бачым масавых пратэстаў рабочых. У чым прычына, на ваш погляд?

— У 1991 годзе рабочыя выйшлі на вуліцу. І начальства задумалася: што рабіць, каб яны ня выйшлі другі раз. І цяпер ледзь што — вязуць на завод танныя крупы, цукар, муку. А людзі нічога ня маюць. Бягуць. Бяруць. І яшчэ. У 1991 годзе сам Ганчарык агітаваў выйсьці. А потым — у мяне нават ёсьць гэты загад — Ганчарык таксама падпісаў — кожнага, хто быў на мітынгу, пакараць. І мяне ў тым ліку звольнілі. Гэта шворка — звольняць, пазбавяць прэміі, перавядуць на горшы ўчастак. Людзі ўсё асэнсоўваюць і баяцца. Мяне выкінулі, але я пэнсіянэрка — маю хоць 15 млн. А іншага выкінуць, а ў яго няма нічога, як яму жыць?

Страх перашкаджае салідарнасьці. Каб стварылі масавыя вольныя прафэсійныя зьвязы, сабралі б грошы на ўзаемадапамогу, было б сьмялей. Але намэнклятурныя прасаюзы інакш справу паварочваюць. Вось я ўвайшла ў СПБ. А тут афіцыйныя прафсаюзы давай раздаваць шмоткі. Бялізну на пасьцель. Мне не даюць, бо я ня ў тым зьвязе, што трэба. Але я сьмелая жанчына і вытрабавала. Я сябра калектыву. За мае баксы вы купілі пасьцельнае, то давайце сюды. А іншая заплакала і пайшла. Няграматны народ, патрэбная асьвета. І ад страху патрэбна пазбаўляцца. Нам ужо няма чаго губляць, усё пазабіралі. Я родам з Магілёўскай вобласьці, з Краснапольскага раёну, вёска Высокі Борак. Вёскі ўжо няма. Пахавалі, закапалі. А былі ж векавыя лясы. Там бы курорт зрабіць, а зрабілі Чарнобыль. Маёй радзімы дзяцінства няма, таму я так і змагаюся, бо Радзіма Беларусь таксама можа зьнікнуць.

Гутарыла Сьвятлана Курс

 

5 студзеня ў судзе Савецкага раёну адбыўся працэс «Гары Паганяйла супроць Валянціна Акулава» (таго, што працуе ў «Славянскім набаце» і прафэсарам філязофіі ў Лінгвістычным унівэрсытэце). Судзьдзя Генадзь Дашук вынес рашэньне пакараць В.Акулава на 50 мільёнаў рублёў за абразу гонару й годнасьці Г.Паганяйлы і Гельсынскага камітэту. Такі маленькі штраф таму, што сп.Акулаў за сваю пісаніну атрымлівае толькі 11 млн. штомесяц. Некаторым падобныя суды нагадваюць нарыхтоўку воўны са сьвіней — воўны мала, віску шмат. На нашу думку, такія працэсы спрыяюць усталяваньню больш здаровага маральнага клімату.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0