Край палякаў і скабароў

 

Прачытаў у пазатым нумары справаздачу Ўладзімера Арлова пра наведваньне Эстоніі. Мяне асабліва зацікавіла тая частка ягоных дарожных нататак, у якой ён апісвае свой «транзыт праз Расею». Сэрца маё скалыхнулася ад уласных успамінаў пра гэтыя мясьціны: я іх вельмі добра ведаю. Яшчэ малымі нас з братам бацькі з Магілёва «закідвалі» на ўсё лета да бабулі ў прыгожую вёсачку Заверняйку на мяжы Себескага ды Апочацкага раёнаў Пскоўшчыны. Вёска маляўніча раскінулася на беразе Вялікай. Мы там фактычна вырасьлі і палюбілі назаўжды гэтую нашу другую радзіму.

Гэта насамрэч вельмі цікавы куток Расеі. І людзі тут цікавыя і самабытныя. Сумесь звычаяў, традыцыяў, дыялектаў кідаецца ў вочы кожнаму, асабліва прыежджаму. Але пераважаюць тут людзі, якія на пытаньне: «хто ты?» адказваюць — «скобарь» (гэтаксама як беларус кажа «тутэйшы»). Скабары жывуць на правым беразе Вялікай, а тых, хто жыве «за ракой», на левым яе беразе, называюць «палякамі». Сапраўды, Себескі раён традыцыйна цягнецца да Беларусі. Моладзь адсюль зьяжджала на працу ды вучобу ў Полацак, Наваполацак, Віцебск і нават у Менск, а з суседняй Апочкі — ужо ў адваротным накірунку — у Пскоў, Пецярбург. Беларусамі ў гэтых мясьцінах ніхто сябе ня лічыць, хоць «журавіны» тут таксама называюць «журавінамі», на «буякі» кажуць «гоноболь», ніхто ня скажа «отчество» — толькі «імя па бацьку». Можна пачуць, як адна кабета кажа адной: «Я вчера не патрапила на этот автобус» (у сэнсе «не пасьпела, спазьнілася»). Але ўжо ніхто не разумее нашых словаў «парэчка», «лазьня», «крама», «дах». Доўга сьмяюцца з словаў «пуга», «ганак». І хоць сто разоў скажы ім, што цябе клічуць Лявон, усё роўна будуць называць цябе «Алексей». Сапраўды, пад Себежам ёсьць вёскі Гута, Ліцьвінаўка, Рудня. Сп.Арлоў слушна пра гэта піша. Але як толькі ён трапляе за межы Себескага раёну, у «исконно русские земли», зь ім адбываецца нешта незразумелае. Ці то самаход нашага славутага пісьменьніка надта ўжо шпарка ляціць па бальшаку, і ён не пасьпявае чытаць дарожныя ўказальнікі, ці то надвячорак замінае яму рабіць гэта, ці ён дрэмле ў машыне і адным вокам чытае гэтыя самыя ўказальнікі, а можа ён проста чытае тое, што яму хацелася б прачытаць, толькі ўсе назвы населеных пунктаў, пералічаныя ў ягоным артыкуле, пададзеныя ў скажоным выглядзе. Прычым замененыя толькі 1-2 літары, а слова ўжо набывае немілагучнае, абразьлівае значэньне. І вось вёска Капацілаўка пад Апочкай бачыцца сп.Арлову як Калацілаўка, вёску Красіна пад Востравам ён ператварае ў Крадзіна, а рэчку Бярэзьніца з аднайменнай вёскай на ёй перайначыў у жахлівую Зарэзьніцу. Натуральна, што такія вёскі трэба праскочыць як мага хутчэй, бо ў іх цябе могуць і пакалаціць, і абрабаваць, ці ўвогуле зарэзаць. Але, дзякуй Богу, усё абышлося. І вось ужо наперадзе пскоўскія прыгарадныя вёскі. Тут пацярпела багатая вёска Дулаўка, якая з волі Арлова стала Дупаўкай. Прычым тут жа на хаду прыдумваецца вэрсія паходжаньня назвы вёскі. Аказваецца, ліцьвінскія дупы «спраўна рабілі тут сваю справу». А мо ўсё ж ліцьвінскія «дулы», спадар Арлоў, спраўна рабілі тут сваю справу? Наступным разам будзьце больш уважлівым. А што да брудных ботаў ды ватовак, дык хіба ня так апранаюцца і нашы беларускія сяляне? А пра п’яніц і гаварыць ня варта.

А тое, што нашым вандроўнікам не адчынялі дзьвераў у прыдарожных вёсках а трэцяй гадзіне дня, дык гэта шчырая праўда. У гэты час на Пскоўшчыне і ўзімку, і летам маюць за звычай адпачываць пасьля багатага абеду, і далёка ня кожны знойдзе ў сабе сілы зьлезьці зь цёплай печы, каб паглядзець толькі, хто там грукае ў дзьверы, тым больш зімой у хатах засталіся толькі людзі сталага веку, а многія ўвогуле ад’ехалі да дзяцей у гарады.

Зычу сп.Арлову новых прыемных вандровак і больш акуратнага стаўленьня да тапонімаў.

Лявон Гуменьнікаў, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0