ІДЫЛІЯ

 

Паломніцтва сп.Алеся Лукашэнкі ў Сьвятую зямлю і наданьне яму высокага званьня Рыцара Труны Божай спарадзіла ў мяне, ды, пэўне, ня толькі ў мяне, надзею на тое, што ён, нарадзіўшыся звыш, ачысьціць нашую зямельку ад бязбожнае камуністычнае погані.

Я маю на ўвазе тыя 4 сотні статуяў Ідалу, што патырчакамі тырчаць ці ня ў кожным беларускім месьце ды мястэчку, спрамяняючы, як цьвердзяць знаўцы, адмоўную энэргію, зжыраючы нашую. Мо таму і не ўдаецца Алесю наладзіць агрыкультуру, прамысловасьць ды гандаль, што камуністычныя вампіры ссуць ягоныя намаганьні.

Зрэшты, wer sagt A muss auch B sagen. Таму лічу, што першачарговай задачай сп. Лукашэнкі, як рыцара Труны Божай, мусіць стаць выдаленьне няверных камуністычных ідалаў з нашай дзяржавы, зьнішчэньне іхных імёнаў у найменьнях вуліц, паселішчаў, калгасаў, прадпрыемстваў, замена іх натуральнымі тутэйшымі. Нядаўна ў нас зьявіліся новыя беларускія сьвятыя, яны добра сябе зарэкамэндавалі і вартыя ўшанаваньня. Так хочацца прайсьці па вуліцы сьв.Кірылы Тураўскага, выпіць піва ў сквэрыку насупраць жоўтага дому за сьпінай генэрала Станіслава Булак-Булаховіча. Вось толькі парнашоп мы не дазволім ставіць на вуліцы Сьв.Духу, як гэта часам бывае ў некаторых краінах.

Я заклікаю сп. Алеся Лукашэнку неадкладна, шчэ да веснавой сяўбы, заняцца ліквідацыяй скампрамэтаваных гісторыяй камуністычных ідалаў.

Вось і магчымы сцэнар.

 

Дзейныя асобы:

 

Стропальшчык — сп. Алесь Лукашэнка

Прараб — сп.Вінцук Вячорка

1 работнік — векавечны пэрфомансьнік сп. Алесь Пушкін

Пушкініха

Дзеўкі

Народ

Небагатка міліцыянтаў

У натоўпе Я

Вестка пра маючае адбыцца зьняцьце Генэральнага Ідалу на пляцы Незалежнасьці мусіць быць выключна вуснай, так яна хутчэй распаўсюдзіцца сярод студэнтаў, навучэнцаў, беспрацоўнай моладзі. Менавіта яны павінны прысутнічаць пры цырымоніі, каб потым перадаць памяць пра гэта сваім дзецям і ўнукам, а тыя — сваім. Але вольны прыйсьці кожны.

У пасьляпрацоўны час ля статуі стракаюцца спсп.Алесь Лукашэнка (ён у новым шаўковым ад Кардэна / паркалёвым з фабрыкі станікаў «Мілавіца» / хіповым джынсавым / санбэніта), Вінцук Вячорка (у гарнітуры айчыннай вытворчасьці — Купляй беларускае!), іхныя сябры, паплечнікі, хаўрусьнікі, вызваленыя палітвязьні, знойдзеныя зьніклыя. Яны стаяць купкамі і мірна гамоняць. Раз-пораз пазіраюць на гадзіньнікі. Да сп.Вячоркі падыходзіць сп.Лукашэнка. Ён вітаецца і вымае з кішэні санбэніта пачак «LM», прапануе цыгарэту Вячорку. Павагаўшыся, Вячорка бярэ цыгарку і, у сваю чаргу, вымае з кішэні дарагую францускую запальнічку, пстрыкае, прапануе агонь. Яны закурваюць.

Нарэшце па натоўпе ляціць: «Едзе! Едзе!» А вось і сп.Алесь Пушкін. Ён прыехаў з Бабра буланым канём. Падыходзіць да Алеся, Вінцука, здароўкаецца зь імі, зь сябрамі сойму. Вяртаецца да калёс, здымае зь іх заседжаныя ягонымі курамі драбіны і прыстаўляе іх да статуі. Потым здымае з возу доўгую вяроўку, якую ён з постам, належнымі модламі ды сьпяваньнем акафістаў уласнаручна зьвіў дзеля гэтага моманту. Спсп.Алесі падыходзяць да драбін. Сп.Лукашэнка, прытрымліваючы прыпол санбэніта і канец вяроўкі, ступае на першую прыступку, у той час як сп. Пушкін моцна трымае драбіны. Віхураю ўзьлятае сп. Лукашэнка да чакухі Ідалу, жагнаецца праваю рукою і тут жа борздка накідае пятлю на карак. Павярнаецца да свайго народу і хоча нешта добрае сказаць, але кожны бачыць, што словы адамавым камяком захрасаюць у горле. Ён злазіць з драбін, бярэцца за вяроўку — народ ужо за яе ўплёўся — Вінцук акідае позіркам навакольле — хоць бы якога міліцыянта не прыдушыла, тэхніка бясьпекі! — і, упэўніўшыся, што ўсё ў парадку, падае гістарычны сыгнал.

З вольным крыкам, пад пяяньне «Магутны Божа», вольны народ валіць абрыдлую статую. Тая валіцца тварам на глебу. На шчоках шмат у каго блішчаць сьлёзы катарсысу. З каскаю мэтрабудаўніка на галаве да статуі зноў падыходзіць сп. Лукашэнка, мацае пульс, упэўніўшыся, чапляе за ногі статуі трос, Вінцук з належнаю асьцярогаю зноў падае сыгнал і, пыхнуўшы дымам, аўтакран падымае Ідала за ногі, валіць на цягач айчыннае вытворчасьці. Цягач з Ідалам зьнікаюць у невядомым кірунку.

Тым часам сэктанты з Маладога Фронту, Маладой Грамады ды проста прыстойная моладзь здымаюць Ідала Жоўтага Дому.

Сп.Алесь Лукашэнка падыходзіць да сп.Вінцука Вячоркі і прапануе падвезьці дадому. Сп.Вячорка ветліва адмаўляецца. Сп.Лукашэнка самотна сядае ў шыкоўны лімузын, які павязе яго ў халасьцяцкую кватэру ў Дразды. Сп.Вячорка шыецца ў перапоўнены тралейбус (сп.Сіўчык яго папіхае, сам ён, каб ашчадзіць грамадзкія грошы, пойдзе пешшу) — трэ наведаць Варвашэні, 8 — Home, sweet home!

На пляцы пачынаецца народнае гуляньне. Сп.Алесь Пушкін пачынае катаць дзевак на калёсах. Доўга не накатае, бо Пушкініха, якую нейкі добразычлівец падкідае на легкавіку на ягоны найлепшы пэрфоманс, рашуча спыніць ідылію.

А далей пайшло-паехала...!

Мікола Бусел,
в.Дуброва пад Сьветлагорскам


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0