Навіны
Даяркі ледзь не загінулі пад заваламі
На малочна-таварнай фэрме ў вёсцы Выверы, што на Маладэчаншчыне, не пасьпелі даяркі раніцай прыйсьці на працу, як на іх абваліўся дах і цагляная перагародка. Пад абвал трапілі дзьве даяркі, якія зь цяжкімі траўмамі апынуліся ў больніцы. Фэрма была пабудаваная 25 год таму.
М.В.
Кантралёры й хiмiкі
Дзяржкантроль праверыў магiлёўскае «Хімвалакно» і выявіў шалёныя неплацяжы ў бюджэт. Нiбыта хiмiкi стаілі 636 млн. новых руб., каля 860 тыс. даляраў, больш за 900 тыс. расейскiх рублёў i амаль 130 тыс. нямецкiх марак. На аб’яднаньні кажуць, што калі гэтыя грошы сплоцяць, прадпрыемства лясьнецца.
Скралi 30 км дроту
У Краснапольлі крадуць, як бяруць. Раён можна сьмела заносiць у кнiгу рэкордаў Гiнэса. Зь лініі электраперадачы памiж вёскамi Сабалi й Палесьсе зьнялi i зьнеслi аж 30 км алюмiневага дроту. Невядома, хто i калi.
Чмара ня скнара
Судзьдзя Чмара, якая засудзiла Васiля Старавойтава, а потым судзiлася з «Белорусской деловой газетой» i дабiлася ад яе 100 мiльёнаў рублёў за маральныя страты ад артыкулу Віктара Марціновіча, набыла на тыя грошы мэдычныя прылады для райбольнiцы ў сваім Кiраўску.
Сьледчыя-аматары
На Магiлёўшчыне 15 сьледчых ня маюць юрыдычнай адукацыi, — паведаміў начальнiк мясцовага сьледчага камiтэту Валер Брыцiкаў.
Сымон Глазштэйн
«Вэртыкаль» з ксяндзамі гаварыла
Астравецкія «вэртыкальшчыкі» сустракаліся са сьвятарамі. Першыя скардзіліся на гаспадарчыя цяжкасьці й на падлеткаў. Другія абавязаліся рабіць спэцыяльныя імшы, за моладзь.
Мар’ян Вянгроўскі
Абарончыя сыстэмы
Віцэ-прэм’ер расейскага ўраду па ваенна-прамысловым комплексе Ільля Клябанаў і Сяргей Лінг падпісалі пагадненьне пра стварэньне Міждзяржаўнай фінансава-прамысловай групы «Абарончыя сыстэмы».
Пагадненьне прадугледжвае, што шэраг абаронных прадпрыемстваў Беларусі, у прыватнасьці, НВА «Агат» і танкарамонтныя заводы, стануцца часткай адзінага голдынгу з расейскай ФПГ «Абараніцельныя сісьцемы», якая аб’ядноўвае некалькі вырабнікоў зброі і пасярэдніцкіх кампаніяў. У далейшым дапускаецца частковая прыватызацыя МФПГ і перадача ёй функцыяў генэральнага замоўцы абарончых сыстэмаў (на дадзены момант генэральным замоўцам зьяўляюцца міністэрствы абароны Расеі і Беларусі). Аднак на шляху ваяўнічай інтэграцыі ўзьнікае невялічкая перашкода: расейскі складнік будучага саюзнага голдынгу — ФПГ «Абараніцельныя сісьцемы» дэ-юрэ больш не існуе, бо яшчэ ў красавіку 1999 г. міністэрства эканомікі Расеі выдала загад на перарэгістрацыю ФПГ у сувязі са зьменай складу яе ўдзельнікаў. Аднак АС так і не зьвярнулі на гэта ўвагі, што і прывяло да фармальнай ліквідацыі групы. Паводле некаторых крыніц, калі гэтая інфармацыя «ўсплыве на паверхню», грымне міжнародны ваенна-прамысловы скандал. Не зразумела таксама, ці інфармаваны беларускі бок аб плянах прыватызацыі МФПГ.
Старшыня райвыканкаму абвінавачвае «органы» ў карупцыі
Cтаршыня Клімавіцкага райвыканкаму Ўладзiмер Канавалаў нечакана выступiў з адкрытым лiстом у раённай газеце. Ён абвесцiў, што нейкiя «ўплывовыя» клiмавiцкiя асобы цiснуць на яго, патрабуюць, каб ён заплюшчваў вочы на махлярствы i прапаноўваюць хабар. А ён адмаўляецца той хабар браць i ўвогуле ня хоча мець са злодзеямi нiчога агульнага. Нечакана, што Канавалаў абвiнавацiў у карумпаванасьці «органы». Маўляў, у iх шмат такiх, якiя самi патураюць злачынцам. З Магілёва адразу прыслалі камiсiю, каб разабрацца, хто каму не дае жыць. Ці не ўпершыню ў Беларусі вэртыкальшчык выступае як самастойная фiгура, якая дзейнічае публічна. Час пакажа, у чым гэтая самастойнасьць.
Сымон Глазштэйн
Дзень Сьв. Цэпэліна забаранілі
Анансаваны «НН» канцэрт Касі Камоцкай у ТЮГу, які меўся адбыцца ў дзень Сьвятога Валянціна, быў нечакана адменены адміністрацыяй тэатру. Відовішча мелася атрымацца файнае... Мелася... За тыдзень да імпрэзы галоўны Карабас-Барабас юных гледачоў паведаміў, што на панядзелак заплянаваная прэм’ера новага спэктаклю, якую нельга адкласьці, і таму, беларускія рокеры, прабачце... Такім чынам, Касіны засьцярогі спраўдзіліся: менская публіка ізноў засталася без каралеўны сцэны. Аднак, Беларускі фонд «Дзецям Чарнобыля», які зьяўляецца прамотарам выступу, не губляе надзеі і актыўна шукае памяшканьне, якое ня можа быць экспрапрыяванае з прыхамаці адміністрацыі.
А.Прас.