Праваабаронца Валерый Шчукін судом Першамайскага раёна Віцебска прыгавораны да штрафу агульным лікам у паўтара мільёна рублёў. Пра гэта БелаПАН паведаміў палітык Павел Севярынец.

Паводле яго слоў, суд прызнаў В.Шчукіна віноўным у знявазе членаў і работнікаў апарату выбарчых камісій падчас кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў 25‑га склікання (арт. 189 Крымінальнага кодэкса Беларусі). За гэтае злачынства суд прыгаварыў В.Шчукіна да штрафу ў памеры каля мільёна рублёў. «Акрамя таго, праваабаронца павінен выплаціць 250 тысяч кампенсацыі маральнага ўрону для члена апарату Віцебскай абласной выбарчай камісіі Таццяны Буевіч, аплаціць судовыя выдаткі і штраф у 170 тыс. рублёў, нібыта не выплачаны ім яшчэ у 1999 годзе за ўдзел у «Маршы Свабоды». Агульным лікам гэта крыху больш за паўтара мільёна рублёў», — паведаміў П.Севярынец БелаПАН.

Нагадаем, праваабаронцу абвінавачвалі ў знявазе старшыні акруговай камісіі Алы Калеснік, намесніка старшыні акруговай камісіі Таццяны Укражэнкі, члена акруговай камісіі Надзеі Агеевай, члена апарату абласной камісіі Таццяны Буевіч. Пасля выбараў у мясцовыя саветы, якія прайшлі ў Беларусі 14 студзеня 2007 года, праваабаронца распаўсюджваў улёткі, у якіх паведамлялася, што члены выбаркамаў удзельнічалі ў фальсіфікацыях вынікаў выбараў.

Сяргей Пульша, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0