Дзеля ліквідацыі рэжыму

 

Учора й пазаўчора ў Вільні, у Сэйме Літвы, праходзіла канфэрэнцыя «Правы чалавека й дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь». Прывітальным словам канфэрэнцыю адкрыў Старшыня Сэйму Вітаўтас Ландсбэргіс. З дакладамі выступілі старшыня камісыі Сэйму па правах чалавека Эманэліс Зынгерыс, пасол ЗША ў Беларусі Дэніэл Спэкгард. Пракамэнтаваць некаторыя моманты палітычнага жыцьця ў Беларусі мы папрасілі Старшыню Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Сямёна Шарэцкага.

 

«НН»: Ці можна канстатаваць пасьля апошніх заяваў Лукашэнкі, што перамоўны працэс перарваны?

Сямён Шарэцкі: Вярхоўны Савет ужо выказаў сваю думку на апошнім паседжаньні. Мы па-ранейшаму гатовыя да перамоваў.

 

«НН»: Якім, на Вашу думку, будзе вынік акцыяў «Вясна 2000»?

С.Ш.: Сёньня ў Беларусі рэжым антынародны, і таму людзі пратэстуюць і будуць пратэставаць супраць яго. Вынікам стане ліквідацыя рэжыму.

 

«НН»: Ці лічыце Вы магчымым удзел некаторых апазыцыянэраў у выбарах у Нацыянальны сход і Палату прадстаўнікоў?

С.Ш.: Я ня ведаю, пра якіх апазыцыянераў вы кажаце. Ніводзін з сур’ёзных палітыкаў ня будзе ўдзельнічаць у гэтых гульнях, гэтак званых выбарах у неканстытуцыйныя органы.

На канфэрэнцыі была ўтвораная новая міжнародная арганізацыя — Міжнародны Саюз парлямэнцкай падтрымкі дэмакратыі ў Рэспубліцы Беларусь

Мы зьвярнуліся й да старшыні гэтага Саюзу, дэпутата Сэйму Літвы, сп.Саўлюса Печалюнаса.

 

«НН»: Парлямэнтары якіх краін узялі ўдзел у стварэньні Саюзу?

Саўлюс Пячалюнас: Польскія, дацкія, эстонскія й латвійскія. Аднак група будзе папаўняцца.

 

«НН»: Ці можна сказаць, што Літва бярэ на сябе ролю патрона Беларусі ў Эўропе?

С.П.: Можна і гэтак сказаць. Літва ўзяла на сябе ролю хутчэй каардынатара. А там пабачым. Мы толькі пачалі працаваць. Усе гэтыя справы павінны вырашаць самі беларусы. Мы мусім толькі забясьпечыць падтрымку і кансультацыі. Аднак галоўную працу павінны рабіць самі беларусы.

 

«НН»: Калі грамадзянам Беларусі будуць пагражаць рэпрэсіі, ці гатовая Літва прымаць палітычных эмігрантаў?

С.П.: Вядома. І ня толькі Літва, а і іншыя краіны Эўропы. Калі будзе гэткая неабходнасьць. Пакуль мы мусім абменьвацца досьведом.

Адрас Міжнароднага Саюзу парлямэнцкай падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі у Інтэрнеце:  http://www.lrs.lt.8080/n/media/live.html

Гутарыў Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0