Валянціны і Валянцінкі

 

Дзень Сьвятога Валянціна, калі ўсё чалавецтва бяздумна байдуе на паштоўкі ды сэрцайкі-віншаваньні дзясяткі тысячаў квадратных кілямэтраў дэфіцытнага фінскага лесу і паядае тонамі чакаляду, на Беларусі звычайна абмяжоўваецца традыцыйным рэйдам па замежных амбасадах, рытуальным хапуном пасьля ды ўсепераможным бадуном нараніцу. Нават у Дзень Усеагульнага Каханьня беларус ня можа пазбыцца абавязкова-бессэнсоўнае грамадзка-карыснае нагрузкі. А хочацца, чорт падзяры, плюнуць на ўсё і ўсіх, прыйсьці дахаты, адчыніць паштовую скрыню, зь якой — мары ідыёта! — зь ціхім шоргатам высьлізьне ліст аднекуль з далёкае сьветлае краіны юнацтва. І затрымцяць пальцы, адчуўшы пругкасьць почырку, і павее нерастрачанай за гады цеплынёй першага каханьня...

Сёньня мы запыталіся ў Валянцінаў (і Валянцінак), якім было іх першае каханьне.

 

Валянціна Аксак, паэтка:

Усё пачалося з ровара, не звычайнага, а адмысловага, дамскага. Так у нас тады называлі ровар бяз рамы. Мару ўсіх маіх сябровак, на зайздрасьць ім, купілі толькі мне. Бацька заўсёды трымаў слова, а “дамку” ён абяцаў за «пяцёркі».

Была чэрвень, нядзеля. Людзі сядзелі на лаўках пры сваіх хатах, і мне вельмі ўсьцешна было красавацца перад імі, гойсаючы туды-сюды на сваёй абноўцы. Але раптам захацелася, каб гэта ўбачыў Ён. І не таму, што ў мяне ёсьць такі ровар, а найперш, што я спраўна зь ім упраўляюся. Няхай не задзірае носа, што старэйшы, бо я таксама не малая, калі ўмею ўжо езьдзіць такім роварам.

І дзіва здарылася. Праз колькі хвілінаў я ўбачыла яго сабе насустрач — таксама на ровары. Параўняўшыся са мною, ён разьвярнуўся, і мы, не згаворваючыся, наогул ні слова не сказаўшы адзін адному, шыбанулі навыперадкі. І я апярэдзіла.

У мой другі, а ў яго трэці клас, мы езьдзілі на роварах заўсёды навыперадкі. Я апярэджвала яго ажно да восьмага, пакуль не зразумела, што мне нецікава побач з аўтсайдэрам.

— Даруй мне, Яначка, — са сьвятам! Спадзяюся, што зараз ты побач з тою, якая ня можа цябе апярэдзіць.

 

Валянціна Воран, чыясьці патэнцыйная цешча:

Першае каханьне прыйшло, калі мне было сем год. Таму імя свайго першага аб’екта пакланеньня ня памятаю. Маё ж каханьне на ўсё жыцьцё прыйшло пазьней: ён жыў насупраць, але мы ня ведалі адзін аднога. На вуліцы, ля нашага гароду, было зламанае дрэва, і тамака мы аднойчы выпадкова пазнаёміліся, але любові яшчэ не было. Калі ж вучылася ў Баранавічах, прыяжджала зь сяброўкамі дахаты, а мой будучы муж заляцаўся да кожнай зь іх. Урэшце заўважыў і мяне. Ды я яго.

 

Вінцук (Валянцін) Вячорка, лідэр БНФ:

Яно было сьветлым. Думаю, гэтага дастаткова.

 

Валянцін Голубеў, палітык:

Першы раз гэта было ў трэцім класе, я тады жыў ва Ўкраіне. Яе таксама звалі Валянціна — Лібенка — дасюль памятаю. А скончылася ўсё, калі мы пераехалі да дзядоў на вёску.

 

Валянціна Дублянская, прафэсар мэтодыкі ў Лінгвістычным унівэрсытэце:

Гісторыя сумная. Безумоўна, першае заўжды найлепшае, што запамінаецца на ўсё жыцьцё. Яго звалі Альбэрт. Гэта было ў 1962-м, калі я вучылася ў інстытуце, на адным са студэнцкіх баляў, што тады ладзіліся ў Опэрным. Сустрэліся дзьве сяброўкі і два сябры, і прыйшло пачуцьцё.

 

Валянціна Лецка, кіраўніца відэапраекту «Сотвар»:

Гэта было ў 4-м класе. Кахала я яго пяць год. У тую нядзелю мы зь ім бачыліся на вечарыне-сустрэчы выпускнікоў. Тады быў прыгожы хлопчык, па якім я плакала ўпотай, а цяпер гэта бяззубы мужчына, які працуе шафёрам.

 

Валянцін Тарас, пісьменьнік:

Да мяне першае каханьне прыйшло ў вайну, у 43-м, калі я быў у партызанах. Мне было 14, а ёй — 22. Каханьне было маўклівым і пакутлівым, бо ў яе быў хлопец, таксама партызан, а я быў задужа малы. Доўжылася тое каханьне год. Звалі дзяўчыну Надзеяй, зараз яна абсалютна старая, нават праўнукаў ужо мае, але ў мяне аб тым пачуцьці дасюль захаваліся самыя сьветлыя згадкі.

 

Валянціна Трыгубовіч, мастацтвазнаўца:

Я вучылася ў сёмым класе, а ён — у дзясятым. Бачыліся мы зусім рэдка, толькі на школьных вечарынах. І вось на навагоднім балі мы зь ім доўга танцавалі, а пасьля пайшлі схаваліся ў адным кабінэце і там цалаваліся. У мяне быў закаханы адзін хлопец з майго класу, ён нас высачыў, усё пабачыў, і калі я прыйшла дахаты, на дзьвярах вісела паперка з каравым малюнкам і подпісам: “Я цалавалася з такім і такім”. Цыдулку тую пабачыла маці ды ўсчыніла скандал страшэнны.

Анатоль Прасаловіч, Андрэй Скурко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0