Лісты ў рэдакцыю
Зноў пра руйнаваньне Менску
Колькі эмоцыяў было ў лісьце творчай і навуковай інтэлігенцыі да прэм’ер-міністра сп.Лінга! Але празь яго эмацыйнасьць і непрафэсійнасьць улады лёгка «выпусьцілі пару ў сьвісток». Такія акцыі — трэба аўтарам ліста карыстацца досьведам мінуўшчыны — рыхтуюцца грунтоўна, з вызначэньнем кожнага этапу, выканаўцаў, з апорай на лідэраў.
Пры ратаваньні «дому Шменкеля» на шляху ад вул.Каліноўскага, дзе друкаваліся Славам Дубінкам фотаздымкі, да дзьвярэй у цэкоўскім будынку на Карла Маркса, у якіх пераняў з рук у рукі фотаальбом з грунтоўнымі анатацыямі Зянон Пазьняк, былі некалькі чалавек, кожны зь якіх добра ведаў сваю ролю і дакладна трымаўся храналёгіі яе выкананьня. Ідэолягі пабудовы сьветлай будучыні вымушаны былі пагадзіцца з прафэсійнай аргумэнтацыяй, на што і блізка нельга было спадзявацца нейкіх 15 гадоў раней пры зьнішчэньні Нямігі. «Дом Шменкеля» стаіць на сваім месцы, а купалаўцам добра ў старым тэатральным будынку на рагу Маркса і Энгельса.
Прыклад са «Шменкелем» не адзіны. Таму і наступіў у першай палове 80-х гадоў пералом у стаўленьні ўладаў да спадчыны, з чаго ў сярэдзіне 80-х распачаўся рэстаўрацыйны ўздым.
На першым тыдні новага году адбылася падзея, раўназначная зьнішчэньню Нямігі: зруйнаваны рэшткі муру забудовы на плошчы Свабоды, 19, 21, 23. «Наша Ніва» адгукнулася на гэты факт артыкулам. Іншыя нават і блізка не заўважылі, як быў забіты чарговы ёмісты цьвік у вечка труны гістарычнага цэнтру Менску. Толькі і ў «Нашай Ніве» пра руйнаваньне сказана неяк будзённа. Калі б рэдакцыя парупілася зазірнуць у абгрунтаваньне зьнішчэньня таго муру, дык гаворкі хапіла б не на адзін нумар. За словамі «об активизации работ по обновлению комплекса домов 19, 21, 23 на пл.Свободы в г.Минске и необходимости завершения разборки законсервированных конструкций как первого самостоятельного этапа восстановительных работ» ня проста непрафэсіяналізм бюракратычнага мурла, якое ўсіх наўкола трымае за расходны матэрыял (лягерны пыл, калі хочаце) у дасягненьні сваёй мэты.
Сэрца баліць пра такое думаць, а пісаць і зусім нязносна. Дый маўчаць не выпадае.
Луцэя Баторына,
«горад Гродна, Савецкая, 8»