ЦУКРОВЫЯ РАДАСЬЦI

 

10 лютага ў Скiдалi ўрачыста адзначылi выраб двухмiльённай тоны цукру. Насыпалi вялiкi мех, якi важыў, натуральна, менш за тону, i напiсалi: «2000 г., февраль». Першую тону скiдальцы вырабілі ў 1982-м, на што iм спатрэбiлася амаль 40 гадоў.

Рэч у тым, што калiсьцi гэта быў Першы беларускi цукровы камбiнат, пабудаваны ў 1951 годзе, пра што ведаў сам таварыш Сталiн. Затым паставiлi заводы ў Гарадзеi, Жабiнцы, Слуцку. Дзяржаўныя мас-мэдыі паведамiлi, што з нагоды двухмiльённай тоны адбыўся нават мiтынг. Вось, аказваецца, для чаго патрэбныя мiтынгi — не каб абурацца i бунтаваць, а — каб радавацца салодкаму жыцьцю.

Між тым, абурацца ёсьць чым. Значная частка скідальскага цукру кантрабандай накіроўваецца ў суседнюю Літву. Вось і ў мінулы панядзелак, за тры дні да «цукровага сьвята», супрацоўнікі апэратыўнага аддзелу Варэнскага атраду памежнай паліцыі разам са спэцназам затрымалі на шашы Салечнікі—Эйшышкі, на трэцім кілямэтры ад беларускай мяжы, грузавік. А ў тым грузавіку — 220 мяхоў, па 50 кг кожны, кантрабанднага цукру з этыкеткамі Скідальскага цукровага камбінату.

Як прызнаўся кіроўца, віленец Г.В., што працуе ў адным зь літоўскіх акцыянэрных таварыстваў, начальнік загадаў яму заехаць у пэўнае месца, пакінуць машыну і «зьнікнуць». Цяпер Г.В. «сьвеціць» да пяці гадоў з канфіскацыяй...

І добра, каб гэта быў адзінкавы выпадак. Дык жа толькі сёлета літоўскія памежнікі ўжо затрымалі 49 тон кантрабанднага скідальскага цукру. А летась, за год, — ажно 141 тону. Як бачым, «растуць паказчыкі». Значыць, ня ўсё тыя памежнікі затрымліваюць, бо інакш кантрабандысты не вазілі б. Выходзіць, рана мітынгаваць, таварышы.

Сяргей Максімовіч, Алесь Кебік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0