У Глуску страйкавалі

 

І ў Глуску прадпрымальнікі страйкавалі да 8 лютага — як тыя, што гандлююць на рынку, так і ўладальнікі камэрцыйных кіёскаў. Страйк быў вельмі арганізаваны. На раніцы глушчане пільнавалі на ўваходзе ў рынак, каб не дапусьціць зрыву масавай акцыі пратэсту нейкімі, калі б знайшліся такія, несьвядомымі мясцовымі й нетутэйшымі гандлярамі. Урэшце яны дабіліся прыёму ў намесьніка райвыканкаму У.Аднамаха і ў кіраўніцтва падаткавай інспэкцыі. Дамовіліся, што іхныя прэтэнзіі будуць разглядацца на наступнай сэсіі раённай рады дэпутатаў.

Глускія прадпрымальнікі, апроч агульнадзяржаўных падаткаў, плацяць яшчэ транспартны збор (2% ад валавага даходу), збор на ўтрыманьне бальніц (1% ад валавога даходу) і гарадзкой інфраструктуры (2% ад валавога даходу), падатак на ўтрыманьне дзіцячых установаў (5% ад чыстага даходу). Гэта й дабівае прыватнікаў (а іх у Глуску толькі на рынку гандлюе пад 30 чалавек). Прадпрымальнікі ня супраць пасабляць садкам і паліклінікам, але наўпрост, бо пры цяперашняй сытуацыі яны ня ведаюць, куды грошы ідуць — ці то на дзяцей, ці то на прапаганду ды агітацыю.

Увогуле ж, страйк прадпрымальнікаў быў барацьбой ня столькі за свае заробкі, колькі за справядлівасьць. Ясна, што чалавек, які працуе сам на сябе, хоць ты яму прызнач падатак у 90%, знойдзе, як зрабіць так, каб сябе не пакрыўдзіць. Устанаўляючы такія падаткі, пры сумленным сплочваньні якіх прафэсійная дзейнасьць перастае быць выгоднай, дзяржава штурхае людзей на ўтойваньне прыбыткаў і абарачэньня, на іншыя падпольныя і махлярскія апэрацыі. Тым самым людзі стаўляюць сябе за законам, пачынаюць жыць пад вечным страхам выкрыцьця. На такіх людзей проста зьбіраць кампрамат, іх лёгка шантажаваць і трымаць пад каўпаком. Вось што патрэбнае ўладзе. Так яна дзейнічае, падбіраючы людзей на найвышэйшыя дзяржаўныя пасады, тую ж сыстэму яна хацела б наладзіць і ў маштабе ўсёй краіны. Шкада.

У выніку цяпер права гандляваць, паводле падлікаў уладальніка папулярнае ў Глуску крамкі «Цешчын куток», абыходзіцца ў 100 тысяч новых рублёў у месяц пры тым, што абарот складае каля 10 тысяч у дзень. Што маем у выніку? Маем тое, што гандляры вымушаныя паднімаць цэны на тое, што прадаюць. Вось і выйшла інфляцыя ў студзені пад 14% пры пляне ў 4%.

Цікава яшчэ, што акцыя прадпрымальнікаў стала адной зь нешматлікіх формаў пратэсту супраць беларускай рэчаіснасьці, якую не змагла ігнараваць нават афіцыйная мясцовая прэса. Так, глуская газэта «Радзіма» і раённае радыё прысьвяцілі гэтаму матэрыялы, прычым у іх людзі адназначна казалі, што ім прадпрымальнікі патрэбныя, бо дастаўляюць усё лепшае і таньнейшае, чым дзяржаўныя крамы.

Барыс Тумар, Ігар Кірын, Глуск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0