Талакою і бацьку паб’ем

 

Нягледзячы на тое, што хтосьці ўжо пахаваў генэрацыю «40-гадовых нацыяналістаў» паміж старонак сваіх літаратуразнаўчых гербарыяў, ідэі колішняе «Талакі», што грунтуюцца на адзіна магчымым і правільным ва ўмовах сёньняшняе дзяржаўнае антысанітарыі прынцыпе «рука руку мые», жывуць і перамагаюць. Апошнім пацьверджаньнем гэтаму стаўся праект стварэньня фільму пад працоўнай назвай «Жыцьцё і прыгоды немаладога нацыяналіста», распачаты дзьвюма «прыватнымі асобамі»: Віктарам Івашкевічам ды Ірынай Волах (што праўда, «у працэсе» выдавец прафсаюзнае газэты «Рабочы» і супрацоўніца тэлерадыёкампаніі скарысталі-ткі сваё службовае становішча дзеля асабістых мэтаў). З 10 дасланых на конкурс сцэнараў фарматна-адпаведнымі былі прызнаныя восем. Паводле словаў Ірыны Волах, усе творы пакідаюць па сабе агульнае ўражаньне паныласьці і пэсымізму — нават адзіная камэдыя, дасланая берасьцейскім аўтарам, наскрозь прасякнутая чорным гумарам і сканчаецца зьняволеньнем галоўных герояў у КПЗ. Першую прэмію журы (у склад якога, акрамя ўжо згаданых, увайшлі яшчэ дзьве прыватныя асобы — Валянцін Акудовіч і Уладзімер Арлоў) адзінагалосна вырашыла нікому не прысуджаць. Затое другой — «заахвочвальнай» (па 300 даляраў) — адзначылі адразу дзьве працы: «Вырак» Юрыя Станкевіча (яго хутка можна будзе прачытаць у «Крыніцы» — пра вандроўнага рыцара, які падарожнічае на МАЗе ў пошуках зямлі, дзе можна было б заснаваць калёнію для мільёну сьвядомых беларусаў) ды «Ланцуг» Андрэя Федарэнкі, які, як сказаў аўтар, не надрукуе аніводнае дзяржаўнае выданьне — з прычыны надзвычайнае шчырасьці і нецэнзурнасьці (пра тое, як даляры псуюць нацыяналістаў). Віктар Івашкевіч уручыў пераможцам адмысловыя дыплёмы ад газэты «Рабочы» і ўзьняў за іх тост. А пасьля ўзьняў тост за талаку (з малой літары і без двукосься) — як адзіную рэальную сілу. А пасьля — за посьпех. Што ні кажы, а палова справы зроблена. Засталася дробязь — зьняць фільм. І хоць, як адзначыў немалады беларускі нацыяналіст Карлас Шэрман, даражэйшыя за кіно толькі палёты ў космас, усё павінна атрымацца. Талакой яно і бацьку біць прасьцей.

А.С.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0