Чатыры вагоны нябожчыкаў

 

Чатыры вагоны-маразільнікі з парэшткамі расейскіх вайскоўцаў днямі знайшлі ў Грозным. Трупы праляжалі там з 1996 году, з часоў папярэдняе чачэнскае вайны.

Месца, дзе стаялі гэтыя вагоны, раней належала растоўскай вайсковай лябараторыі, у якой спрабавалі ідэнтыфікаваць целы забітых. У маразільніках знаходзяцца трупы 154 асобаў. Пра гэта ў пятніцу паведаміла расейская тэлекампанія НТВ. Пасьля фармальнага замірэньня з чачэнцамі пра вагоны забылі. Як і пра сотні іншых расейцаў, што пагінулі тут у тыя гады без усякага сэнсу.

Флёра Малікава, намесьнік старшыні расейскага Камітэту салдацкіх мацярок, кажа, што гэтае адкрыцьцё яе ня дзівіць. Бо ў той самай лябараторыі, але ў Растове-на-Доне да сёньня замарожаныя і не пахаваныя парэшткі яшчэ некалькіх соцень расейскіх вайскоўцаў. Кошт іх генэтычнай экспэртызы складае пад паўмілёна даляраў. А гэта ж цана некалькіх мэрсэдэсаў, што паркуюцца ля Міністэства абароны ў Маскве. Аднак расейскія ўлады не падбалі нават пра тое, каб хоць у брацкай магіле пахаваць тыя целы, што ўжо не падлягаюць апазнаньню.

Нагадаем, што паводле інфармацыі намесьніка Генэральнага штабу, генэрала Валерыя Манілава, у новую чачэнскую вайну загінула 1458 расейскіх вайскоўцаў. Камітэт салдацкіх мацярок называе шматкроць большую лічбу. Колькі ж зь іх ужо ляжаць неапазнанымі ў маразільніках, ня ведае ніхто.

Што да чачэнцаў, дык іх ніхто й ня лічыць. Аднак, усясьветная арганізацыя Human Rights Watch днямі апублікавала рапарт, у якім прыводзяцца дакумэнтальныя сьведчаньні 38 расстрэлаў ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў Чачэніі расейцамі. Пераважна гэта жанчыны й старыя. Што да палеглых маджахедаў, дык расейскія крыніцы называюць лічбу 10 тысяч.

Г.К.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0