Слабадан
Забойствы камандзіра сэрбскіх баевікоў Аркана і міністра абароны Югаславіі Паўле Булатавіча прымусілі зноў загаварыць пра крымінальны бялградзкі рэжым і чалавека, які ім кіруе
Некаторыя лічаць гэтага чалавека адзіным адказным за тое, што адбывалася ды адбываецца на тэрыторыі былой Югаславіі. Дык хто ён, Слабадан Мілошавіч?
Адной гадзіны хопіць, каб дабрацца на машыне зь Бялграду да невялічкага мястэчка Пазарэвач, знакамітага сваёй турмой, дзе пасьля другой сусьветнай вайны ўтрымлівалі антыкамуністаў. Бацькі будучага сэрбскага прэзыдэнта — праваслаўны сьвятар ды школьная настаўніца — пераехалі ў Пазарэвач з Чарнагорыі. 22 жніўня 1941 году, праз год пасьля пераезду, у іхнага сына Барыслава зьявіўся брат Слабадан. Сэрбія ўжо была акупаваная нацыстамі пасьля перавароту, зарганізаванага сэрбскімі афіцэрамі. Яны скінулі ўрад ды анулявалі дамову аб нэўтралітэце краіны. Гітлер зрэагаваў імгненна — сталіцу Сэрбіі разбамбавалі, і хутка ўся Югаславія была акупаваная нямецкімі, італьянскімі, вугорскімі ды баўгарскімі войскамі. Празь некалькі месяцаў у Сэрбіі пачаліся ажно два паўстаньні. Супраць нацыстаў узьняліся манархісты, якімі кіраваў Міхайлавіч, ды камуністы на чале зь Ціта. Неўзабаве паміж імі пачалася грамадзянская вайна, якая хутка захліснула Чарнагорыю разам з Босьніяй і Герцагавінай. У часе другой сусьветнай вайны загінула ад 700 да 800 тысячаў югаславаў. Самае жахлівае ў тым, што большасьць зь іх забілі не нацысты, а самі суайчыньнікі.
Мір’яна Маркавіч, жонка Слабадана Мілошавіча — дачка таго часу. Яе маці, якая паходзіла з заможнай сям’і ды вывучала францускую мову ў Бялградзкім унівэрсытэце, закахалася ў студэнта, што займаў высокую пасаду ў нелегальнай камуністычнай партыі. У 1942 годзе ў іх нарадзілася дачка Мір’яна (ці Міра, як яе яшчэ называюць). Хутка яе адправілі да бабкі зь дзедам у Пазарэвач, каб маці магла патаемна працягваць партыйную працу. Аднак у 1943 годзе маці Міры арыштавала гэстапа. Пасьля таго, як немцы пачалі аднаго за адным арыштоўваць партыйных кіраўнікоў, загаварылі пра яе здраду. Камуністы сьцьвярджалі, што маці Мір’яны расстралялі нацысты, але шмат хто не дае веры гэтай вэрсіі: хутчэй за ўсё, яе забілі «таварышы», а праўду пра здраду вырашылі замоўчваць, каб абараніць ейнага каханка, які ўжо стаў генэралам ды героем вайны.
Мілошавічу было чатыры гады, калі камуністы прыйшлі да ўлады. Ён рос у гады нішчыніцы, тэрору камуністычнай паліцыі ды татальнай прапаганды. Ягоная маці ўступіла ў партыю. Бацька, якога ўжо пазбавілі сьвятарскага сану, не ўступіў, кінуў сям’ю ды вярнуўся ў Чарнагорыю, дзе стаў выкладчыкам расейскай мовы. Аднолькава, відаць, бацькі Слабадана зрабілі толькі адну рэч — пайшлі з жыцьця, самі сабе зрабіўшы сьмерць. Бацька застрэліўся пасьля суіцыду ягонага вучня, якога ён заваліў на іспыце. Чаму разьвіталася з жыцьцём маці, застаецца невядомым.
Міру таксама кінуў бацька. Ён завёў новую сям’ю, а дачку пакінуў на дзядоў у Пазарэвачы, бачыў яе толькі зрэдку ды асабліва не гадаваў. Натуральна, Слабадан ды Міра ў школе трымаліся заўжды разам. Яна была больш бойкая, а ён сарамлівы ды малазаўважны. У васямнаццаць гадоў Слабадан пайшоў у камуністы, сяброўка пайшла за ім. У Бялградзкім унівэрсытэце, дзе Слабадан вывучаў права ды сацыялёгію, будучы кіраўнік сэрбаў пачаў уздымацца па партыйнай лесьвіцы праз студэнцкія арганізацыі.
Мілошавічу шанцавала ў кар’еры. Праз тры гады ён ужо працаваў на стаўцы ў партыі як актывіст, адказны за ідэалягічную працу. Ён хутка навучыўся таму, што ў палітыцы варта мець багатага спонсара, каб рухацца наперад на фалдах ягонага фрака. Спонсарам стаў Іван Стамбаліч, што паходзіў зь сям’і старых камуністаў. Стамбаліч прасоўваўся ўгару неверагодна хутка, і пасьля выпуску з унівэрсытэту зрабіўся дырэктарам Дзяржаўнай энэргетычнай кампаніі, ў 1975-м — прэм’ер-міністрам Сэрбіі.
Патрон не забываўся пра Мілошавіча, Слабадан замяніў Стамбаліча на пасадзе дырэктара Дзяржаўнай энэргетычнай кампаніі і, нарэшце, зрабіўся прэзыдэнтам Beobanka, найбуйнейшага дзяржаўнага банку. Пры канцы 80-х Мілошавіч зрабіўся кіраўніком ураду замест Стамбаліча, прычым скінуўшы свайго настаўніка шляхам махінацыяў.
Як атрымалася, што ягоная кампартыя, якая толькі што заклікала да яднаньня працоўных усяго сьвету, вокамгненна ператварылася ў шавіністычную суполку? Бо Мілошавіч і ўладны клян, на чале якога ён стаіць, пастанавілі любой цаной утрымаць уладу. Проста кантролю спэцслужбаў над краінай і манаполіі на СМІ бракавала, трэ было яшчэ ідэалягічнае абгрунтаваньне. А якой якасьці — камуністычнае ці шавіністычнае — ня так ім, зрэшты, было істотна. Пад руку трапілася ідэя Вялікай Сэрбіі, яна й прыгадзілася. Захацеўшы стаць Вялікімі, сэрбы страцілі ўсё, што маглі: Краіну, Славонію, Босьнію, Косава, Чарнагорыю. Толькі Мілошавіч застаўся ім.
Алесь Кудрыцкі