«Ваўкі» і ўлады

 

Рэстаўрацыя сярэднявечнае беларускае зброi й строяў, фэхтаваньне, тэатральныя пастаноўкi, сьпевы ды танцы эпохi росквiту Вялiкага Княства Лiтоўскага — вось чым займаўся i займаецца «Жалезны воўк». Гэткі калектыў вырас з гуртка аднадумцаў. «Ваўкі»-рыцары выступалi на буйных турнiрах у Чэхii ды Летуве.

Дома — у Наваполацку — мала якое сьвята абыходзiлася бязь iхнага ўдзелу. Гэта прынесла iм ня толькi неверагодную папулярнасьць, але й пэўную прыхiльнасьць гарадзкiх уладаў (калi ўлады ў сёньняшняй Беларусi ўвогуле магчыма хоць у нейкай ступенi назваць прыхiльнымi да беларускага). Не аднойчы сябрам «Жалезнага ваўка» абяцалi заплацiць за выступы, але тое засталося цацанкамi. Улады ганарыліся — во, у нас свае рыцары ёсьць! — але не цiкавiлiся тым, што патрэбнае сябрам аб’яднаньня дзеля вiдовiшчаў. А гэта матэрыі для строяў, мэтал для латаў ды зброi, майстэрня. Горад ня бачыў гэтае працы, разьбiтых у кроў пальцаў хлопцаў — сякуцца ж яны па-сапраўднаму нават на трэнiроўках! Горад хацеў бачыць прыгожы вынiк.

Сыстэма ня ведае выняткаў. Калi ты «недзяржаўны» i табе дазваляюць iснаваць, ад цябе чакаюць шчанячае адданасьцi. Чакаюць, што ты маеш адпрацоўваць за сухое «дзякуй» магчымасьць мець месца — у цэнтры рамёстваў ды культуры, якое й так належаць табе па праве.

Калі Лукашэнка вырашыў наведаць адкрыцьцё пабудаванага пад яго наглядам Лядовага палацу ў Вiцебску, меркавалася, што «Жалезныя ваўкі» пацешаць ягонае вока лядовай бiтвай. Але... «Ваўкі» адмовiлiся ад вандроўкi ў Вiцебск, адмовiлiся забаўляць галоўнага магiльшчыка беларускае культуры. Вынiк не прымусiў сябе доўга чакаць. Кiраўнiк наваполацкага цэнтру рамёстваў i нацыянальнае культуры Андрэй Рэцiкаў прапанаваў iм зьбiраць рэчы. Так творчае аб’яднаньне «Жалезны воўк» вымушанае было зьмянiць прапiску на суседнi Полацак.

Праўда, карэспандэнту «НН» сп.Рэцiкаў патлумачыў пераезд рыцараў толькi iх уласным жаданьнем: маўляў, захацелi ў Полацак, там iм лепей. Гэта ня так: большая частка «ваўкоў» жыве ў Наваполацку, і кожны дзень рабiць гадзiнныя вандроўкi з аднаго гораду ў другі — ня самы прыемны занятак.

А ў пакой-майстэрню «ваўкоў» у наваполацкiм цэнтры ўехалi рыцары з клюбу «Чорны война» — не адзін рыцарскі клюб у Наваполацку...

Андрэй Аляксандраў, Наваполацак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0