Пчала ўчапілася ў верас
М.Папека. Чарнавікі...: Берасьцейскае вогнішча, 1999.
Мікола Папека, пчаляр, які жыве на Пружанчыне, выдаў у Берасьці ў сэрыі «Берасьцейскае вогнішча» (сёмая кніга сэрыі) паэтычны зборнік «Чарнавікі...». Прадмову да яго напісаў Мікола Купрэеў.
Пчолы і пчалярства заўсёды былі сымбалем чысьціні, прыгажосьці і чарадзейства, як і паэзія. Кажуць, пчолы трываюць толькі добрага чалавека. Сам Мікола ў кніжцы выказаў падзяку сваім двухкрылым фундатарам за зьяўленьне «Чарнавікоў...».
Паэзія Папекі — экспэрымэнтатарская. Асобныя вершы нагадваюць «вынаходніцтвы» Разанава. Ён, як і Разанаў, імкнецца адшукаць прарадзіму слова, разгадаць ягоныя коды. Вось як ён тлумачыць уласнае прозьвішча:
ПА — узрыўныя гукі, што для ўсяго
ўтвараюць ПАверхню:
крыві — ПАкроў,
ветру — ПАветра,
гонару — ПАгоны, —
гукі аб’ёмнасьці, ёмістасьці,
па-звыкламу пышнасьці.ПЕ — цёплае ПЕчы сьПЕўнасьць,
пладоў лета сьПЕласьць.
КА — унаўленасьць рэчаў,
іх КАнкрэтнасьць.
А цалкам ПАПЕКА —
з гарачае печы пахкі бохан хлеба.
У ягоных вершах прабіваюцца палітычныя ноткі, напэўна, Папека — актывіст БНФ, і беларушчына для яго — ня толькі паэзія. Але больш, чым паэт-палітык кранае паэт-пчаляр, які бачыць паэзію ў зумканьні пчалы, паху кветак, шолаху чаратоў:
Чародамі
шпарка шпакі
лётаюць
над чаратамі.Ластаўкі
не мінаюць стаўкі,
з ласкі крыльляў
у чаратах ласуюцца.На воднай роўнядзі
лебедзі
з хвалямі ладзяць —
белым крыльлем
чараты гладзяць.
Часта паэты, што жывуць у вёсцы, у сваёй творчасьці мкнуцца ўцячы з свайго «правінцыйнага» жыцьця ў нейкую штучную прыдумку. Папека — не. Ён годны, і горды, і катэгарычны. Нібы віхрасты «маладафронтавец». Папека — пчоламі навучаны.
Так прыемна пахнуць
прыгожыя белыя канваліі,
а пчала праляцела...
Алесь Аркуш