Працаўнік, не хапуга

 

Былая дэпутатка дэмакратычнага Менскага гарсавету, загадчыца катэдры беларусістыкі Тэхналягічнага ўнівэрсытэту спадарыня Кузьміч назірала Ўладзімера Ярмошына, калі ён і не гадаў пра сваё прэм’ерства.

 

— У свой час я нават удзельнічала ў абраньні яго на мэра. Ясна, што за пяць гадоў чалавек, які вымушаны працаваць у пекле сёньняшняй улады, мог цалкам зьмяніцца, таму мае ўражаньні маглі стаць састарэля. Але пра Ярмошына пяцігадовай даўніны я б сказала каротка: ён гаспадарнік. Прыйшоў у мэрыю з авіярамонтнага заводу, абмінуўшы партыйную лесьвіцу. Адназначна, Ярмошын — не кар’ерыст, не хапуга. Кіруючы Менскам, ён сам доўга ня меў нават прыстойнай кватэры, хоць сям’я ў яго не малая. Ён вельмі катэгарычны кіраўнік, яго пабойваліся многія. Акрамя таго, я б назвала Ярмошына чалавекам слова: калі ён нешта абяцаў, гэта выконвалася, таму дэпутаты ад беларускай фракцыі намагаліся заручыцца яго падтрымкай у складаных пытаньнях.

 

— Якія, увогуле, адносіны меў у той час Ярмошын зь беларускай фракцыяй у гарсавеце?

— Ставіўся ён да ўсіх прыязна, не падзяляючы дэпутатаў на «добрых» ды «кепскіх», спакойна ўспрымаў крытыку, выслухоўваў і намагаўся дапамагчы, а дапамагаючы, ніколі не марудзіў у прыняцьці рашэньняў. Добрыя адносіны зь ім мела, прыкладам, Галіна Вашчанка, жонка Пазьняка. Памятаю, быў кур’ёзны выпадак пры абраньні яго на мэра. Яго прэзэнтаваў Лукашэнка, і дэпутаты ад апазыцыі спыталіся ў Ярмошына, як ён ставіцца да меркаваньня, што на беларускай мове нельга выказаць складаных думак. Ярмошын адказаў проста: «Какая чушь!» Ня ведаў, відаць, што гэтае выказваньне належала Лукашэнку.

 

— Ці магчымае ператварэньне Ярмошына ў чалавека, які зможа супрацьпаставіць сябе Лукашэнку?

— Ня думаю, што гэта магчыма, бо Ярмошын — не палітык. Ён адданы працаўнік: прыходзячы на працу ў мэрыю яшчэ да сёмай ранку, сыходзіў дахаты пазьней за ўсіх. І нейкі лад менавіта Ярмошын у сталіцы трымаў, і шукаў вырашэньні жыльлёвага пытаньня.

 

— Як на Ярмошына ўплываў Чыкін?

— Гэтага ня ведаю. Чыкін — кансэрватыўны камуніст, і паставілі яго да Ярмошына вядома зь якіх прычынаў. Думаю, Ярмошын у душы не ўспрымаў Чыкіна, як і іншых падобных людзей. Увогуле, я мяркую, што Ярмошын — чалавек, ня здольны запэцкаць рукі ў брудных махінацыях, чалавечны: бачыла, як ён спачувае чужому гору, і таму магу сабе ўявіць, як Ярмошын пакутаваў пасьля трагедыі на Нямізе, у якой была, бясспрэчна, і яго віна. Будзем спадзявацца, ён прынясе нашмат больш карысьці, чым старэйшы па ўзросьце Лінг.

Гутарыў А.П.

 

Ад рэдакцыі. Разглядаючы асобу новага прэм’ера, мы, беларусы варожым, сочым у ім станоўчыя для сябе шанцы. Пакуль для нас гэта чалавек з адным толькі вызначэньнем, па-над усімі астатнімі — чужы. Іван Сусанін на сцэне нашага «Рыгалета». А там час пакажа.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0