Акцыя любові: па ўсёй краіне

 

14 лютага ў Берасьці некалькі дзясяткаў маладых людзей выйшлі на шэсьце ў цэнтры гораду, раздаючы бел-чырван-белыя сардэчкі й віншаваньні-валянцінкі; напрыканцы шэсьця маладафронтаўцы ўтварылі «палаючае сэрца» са сьвечкамі. Пачалося ўсё з падачы заявы ў гарвыканкам старшынём берасьцейскага Маладога Фронту Сержуком Бахуном з просьбай дазволіць пікет на рагу Пушкінскай і Карла Маркса, у цэнтры гораду. Але ўлады сказалі «не» і прапанавалі правесьці акцыю на стадыёне «Будаўнік» на ўскрайку Берасьця. З такім посьпехам можна было б «сьвяткаваць» на могілках у месячную ноч. Таму, нягледзячы на рызыку, вырашылі праводзіць у цэнтры без дазволу. Абышлося.

У Магілёве ў ноч з 13 на 14 лютага ў парку імя Горкага зьявіўся вялізны, 2x3 мэтры, транспарант «Я люблю Беларусь!», які быў зьняты толькі ў аўторак. Мясцовая незалежніцкая моладзь наладзіла вечарыну з конкурсам на «лепшую пару-2000», а Малады Фронт прайшоўся сьвяточнай калёнай па цэнтральнай вуліцы Леніна да Дому Саветаў — каля 30 чалавек зь бел-чырван-белымі сэрцамі на грудзёх раздавалі людзям віншаваньні, а пасьля сфатаграфаваліся пад нацыянальным сцягам на фоне помніка правадыру. Усё прайшло спакойна, і нават міліцыянт, што падыходзіў да вясёлага шэсьця, сышоў задаволены, з сардэчкам, ды больш не чапляўся да маладых.

У Бабруйску такое ж шэсьце скончылася яшчэ больш прывабна. Там хлопцы і дзяўчаты з Маладога Фронту, «Краю», «Грамадзянскага форуму» зь бел-чырван-белымі сымбалямі й гітарамі прайшлі шэсьцем ад мясцовага паштамту да пл.Перамогі, дзе селі замкнёным ланцугом у форме сэрца, жартавалі, сьпявалі песьні, танчылі. Міліцыя нікога не чапала, але здымала на камэру.

У Гомелі больш за 20 маладафронтаўцаў выйшлі на пікет ля «ДК мясцовае прамысловасьці».

У Горадні на дазволены ўладамі масавы пікет пад бел-чырван-белым сьцягам выйшлі прадстаўнікі Маладога Фронту, маладаграмадоўцы і маладыя хрысьціяне-каталікі. Раздавалі адмысловыя віншавальныя каляндарыкі і ўлёткі; сацыял-дэмакраты надзялялі ахвотных прэзэрватывамі, а хрысьціяне гутарылі з зацікаўленымі пра любоў чалавечую й Божую; у мэдынстытуце студэнтам зладзілі беларускую дыскатэку.

Самым масавым з абласных цэнтраў было сьвяткаваньне Дня Валянціна ў Віцебску. Тутэйшая NGO «Сёмая грань» разам з маладафронтаўцамі й сацыял-дэмакратамі атрымала дазвол на трохгадзінны пікет ля філярмоніі. Моладзь проста на плошчы паставіла сцэну з добрым гукаўзмацненьнем, і з 14 да 17 гадзін пад беларускую й замежную музыку праводзілі конкурсы ды віншаваньні. Міліцыянты, якія сьпярша безвынікова спрабавалі затрымаць Барыса Хамайду за раздачу газэты «Выбар», потым самі ж узялі ўдзел у розыгрышы прызоў. У вулічнай беларускай гулянцы ўдзельнічалі тысячы чалавек.

У Маладэчне на мясцовай пешаходнай вуліцы — «брадвэі» — некалькі дзясяткаў маладафронтаўцаў запалілі сьвечкі і скандавалі «Жыве Беларусь!». Хто зь мінакоў адказваў «Люблю Беларусь», таму давалі прэзэрватывы.

У Баранавічах Маладому Фронту забаранілі 13 лютага агульнагарадзкую беларускую дыскатэку — маўляў, эпідэмія грыпу.

У Наваполацку Дзень Валянціна адзначылі студэнцкай вечарынай у ПДУ, а ў Ваўкавыску ў моладзі атрымалася цудоўнае «палаючае сэрца».

У менскай «акцыі любові» ўзялі ўдзел каля 500 чалавек. Людзі сабраліся на пляцы Якуба Коласа а палове на шостую ўвечары. Менш як праз паўгадзіны натоўп моладзі, крычучы лёзунг усіх закаханых «Жыве Беларусь!», прыйшоў да засьнежаных прыступак пляцу Парыскае камуны. Стаяў гармідар, мігцелі электрычныя сэрцайкі, зьвінелі званочкі... Хапуну не было, скіны ня лезьлі. Бо ўсе былі закаханыя й мірныя людзі. БТ паставіла Малады Фронт у прыклад БПСМ за арганізацыю Дня закаханых. «Акцыя Любові» не меркавалася як рэпэтыцыя да «Маршу Свабоды» й «Дня Волі». Магчыма, нешматлюднай яна атрымалася, бо арганізатары падкрэсьлівалі яе непалітычны характар.

Бел-чырван-белыя сэрцы, званочкі й сьвечкі сталіся паўсюднымі сымбалямі 14 лютага. Сёлетняя «Акцыя любові» — ці ня першая масавая агульнабеларуская кампанія без адзінага затрыманьня.

Павал Севярынец, Алесь Ляўчук, Сымон Глазштэйн, Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0