Не вучыце «вучоных», спадар Вiк!

 

Наша АБСЭ праехала па абласных гарадах, правяла сустрэчы, каб распавесьцi пра эўрапейскае самакiраваньне ды iншыя дэмакратычныя рэчы. Асабiста Х.-Г.Вiк наведаў толькi апошняе —гарадзенскае мерапрыемства, якое адбылося 18—19 лютага. Сказаў уступнае слова: маўляў, вы тут блiжэй да гэтай самай Эўропы, вам i карты ў рукi. Трэба зьнiзу, зь вёскi дэмакратызавацца праз самакiраваньне...

Слухаць было каму: вялiкай колькасьцi чынавенства i прадстаўнiкам усякiх грамадзкiх ды партыйных арганiзацыяў. Паседжаньне адбывалася ў вялiкай залi аблвыканкаму. Гэткi сход уладаў ды апазыцыi на мясцовым узроўнi.

Прабачце, але адразу — пра традыцыйную лыжку чагосьцi. Прамоўцам дадумалiся даць мiкрафон толькi пасьля абеду. У прыбiральнi не было, як заўжды, мыла i паперы. Зрэшты, апошняя ўвогуле не прадугледжана. Прыбiральню рамантавалi разам з заляй да меркаванага ў траўнi 1999 г. «агульнапарлямэнцкага сходу» з удзелам тав.Селязьнёва са таварышы. Дзеля рэваншу ў горадзе, дзе калiсьцi была дабiта Рэч Паспалiтая i беларускiя абшары былi далучаныя да Расеi. Дык вось, у кабiнках сьцены пакрылi плiткай, але не прымацавалi нiякай прылады для рулек, нават цьвiка для газэты няма. З гэтага вынiкае, што плянавалася: маскоўскiя госьцi будуць рабiць толькi сюсю, г.зн. пiць, не закусваючы.

Спачатку начальства выпусьцiла тав.С.Чубрыка ад Наваградзкага райсавету. Ён удала распачаў стамбульскай цытатай з Лукашэнкi наконт мiсіi АБСЭ. Затым важка зазначыў, што ўсе гэтыя iхныя захады адносна самакiраваньня — усяго толькi «прадаўжэньне раней начатава працэса, ужэ ваплашчоннава ў жызьнь». Далей ён паведамiў пра падвышэньне ролi сельсаветаў, пра вулiчныя камiтэты, пра старастаў, якiх наваградзкае начальства называе ўпаўнаважанымi. У канцы дыпляматычна падкрэсьлiў: у вас свая свацьба — «Эўрапейская хартыя самакiраваньня», у нас свая. У насельнiцтва гэткi своеасаблiвы мэнталiтэт, што вашая хартыя тут асаблiва не прыдатная.

З дакладчыкам пачала зьедлiва дыскутаваць апазыцыйная галёрка. Самакiраваньне на вёсцы — гэта блеф, гавораць. «К сажаленью, эта не блеф», — адказвае тав.Чубрык. Чаму польскую школу не дазваляеце адчынiць у Наваградку? «Польскае насяленье у нас, к сажаленью, малачысьлена», — адказвае, але дэпутаты, маўляў, параюцца з народам — што рабiць. Гэх, таварышы чубрыкi! Беларускага ж насельнiцтва ўжо хапае, але Лукашэнка так «параiўся», што школаў, напрыклад, у Гораднi беларускiх няма!

Вялiкую цiкавасьць выклiкаў мэр мястэчка Пасвалiс зь Лiтвы сп.Г.Гегужынскас. «Па-беларуску не магу, па-лiтоўску ня мае сэнсу, — сказаў ён, — таму буду па-расейску, хоць мы пачалi забываць словы». «Шчасьлiвыя», — уздыхнула галёрка. Начальства адно сьцяла зубы. Расказаў ён пра сваю мэрыю, раду з 25 чалавек. Усе ад партыяў, былых камунiстаў — мiнiмум. Расказаў пра адмiнiстратыўную рэформу. Што газэты ўсе прыватныя, i апазыцыi ня трэба дамагацца ў дзяржавы, каб надрукавалi.

Начальства слухала, як аповед пра далёкую Амэрыку, хаця яшчэ памятае, як пры СССР уся Горадня — сталiца лепшай сельскагаспадарчай вобласьцi — езьдзiла ў суседнiя Друскенiкi па каўбасу. Немец з АБСЭ сп. Я.Кляўс пахвалiў: Лiтва вельмi хутка разьвiваецца.

Чэх сп.Т.Iрса — мэр з Будэёвiцкага краю — расказаў пра дэцэнтралiзацыю ў Чэхii. Гаварыў па-ангельску. Па-расейску мог бы, «але цяжка», бо «10 гадоў не гаварыў». Малады мэр, якi зарабляе сабе на жыцьцё, але мае букiнiстычную краму прыватную.

Паляк сп.Т.Врона з Сойму. Гаварыў нашым вэртыкальшчыкам пра «фiлязофiю ўлады»(!), цытаваў Папу! Маўляў, калi ўлада—самамэта, яна круцiцца, як машына, безь нiякай карысьцi, толькi з рызыкай нанесьцi шкоду... Тады яго спыталi, цi закладаюць у iх у гарадзкi бюджэт 10% грошай у выглядзе «штрафаў з грамадзянаў», як гэта ў нас? Паляк не зразумеў, начальства таксама маўчала. Затым сп.Врона зарыентаваўся крыху, расказаў пра падатак за ўтрыманьне сабак, а таксама пра «карту гжывен» — штрафы, якiя спаганяе мунiцыпальная палiцыя. Але гэта, маўляў, невялiкiя сумы, пазабюджэтныя сродкi. Тут начальства пачало раптам абурацца: няма ў нас такога!

Мэр Лiды сп.У.Малец. Дарэчы, малады i вельмi эўрапейскага выгляду. Гэта мiжволi зьвяртае ўвагу, бо часьцей у нашых мэрах надта бачныя ўчорашнiя вясковыя брыгадзiры, аграномы, заатэхнiкi. Ён хацеў сказаць вельмi шмат пра рэгiянальнае эканамiчнае разьвiцьцё, так што перакладчыкi не пасьпявалi ўсё пераказаць замежнiкам: французам, немцам, амэрыканцу. У Лiдзе сапраўды справы больш-менш. Ёсьць супольныя праекты зь немцамi. Аднак усё сапсавала лiдзкая апазыцыя: чаму газэту не дазваляеце зарэгiстраваць? чаму, каб малако i тварог купiць, трэба паўтары гадзiны мадзець у чарзе?..

Псыхалягiчна кульмiнацыйным момантам стаў выступ С.Домаша — галоўнага апазыцыйнага палiтыка на Гарадзеншчыне. Ён прайшоў усе прыступкi ўлады ў вобласьцi. Быў мэрам Лiды, затым — Гораднi, кiраваў аблвыканкамам i абласным Саветам. Стаў сябрам Прэзыдыюму ВС. Перад iм сядзелi ягоныя ўчорашнiя падначаленыя. Ён распачаў з таго, што Гарадзеншчына заўжды была моцная эканамiчна. Дзякуючы таму, што саветы са сваiмi калгасамi прыйшлi на 20 гадоў пазьней. Цяпер жа сельская гаспадарка апынулася на мяжы выжываньня. Вярнулiся сталiнскiя часы: дзяржава забiрае ў калгасаў збожжа, мяса, малако — нiжэй сабекошту. У крамах — нармаваны продаж прадуктаў. Краiна зробленая закладнiцай «непрадказальнай Расеi». Паводле зьвестак ААН, Беларусь мае ўзровень жыцьця жабрацкiх краiнаў — 1 даляр на чалавека ў дзень. А тым часам у суседняй Лiтве, дзе цяпер апрацоўваецца толькi 40% земляў, лiшкi збожжа: сябе кормiць i нас гатова...

Чынавенства маўчала, унурыўшы галовы. Адно падрыхтаваўся тав.М.Прысада, загадчык аддзелу аблвыканкаму. Пачаў дакладчыка бiць лiчбамi: у вашыя часы, маўляў, спад у эканомiцы быў яшчэ большым, а мы цяпер выпраўляем вашыя памылкi... Рэальна я кiраваў менш за год, адказаў Домаш, да прэзыдэнцкiх выбараў, потым уся ўлада апынулася ў руках аднаго чалавека. У спрэчку ўступiў пэнсiянэр: ня ганьце нашых iдэалаў! Ну i жывіце ў гэтым сваiм шчасьцi, як у тэлерэкляме: безь дзяцей за сталом, але са скваркай ды з чаркай, невядома зь якой бутэлькi налiванай! — махнуў рукой прамоўца.

У прыгожы нямецкi рай усiх перанёс часова сп.Р.Нольман з Бону. Вельмi вялiкi, дарэчы, аматар сабак. Там нават сабакi адгукаюцца на родную мову, а не на расейскую! Там свабода займацца любой прадпрымальнiцкай дзейнасьцю! Там падатковая iнспэкцыя не трасе фiрму кожны месяц, а толькi раз у 4—5 гадоў! Каб зарэгiстраваць фiрму, там досыць 10 хвiлiн! Яшчэ i крэдыты даюць пад 1—2%. Там не «грамадзянiн служыць дзяржаве», а наадварот — «дзяржава стараецца служыць грамадзянiну». А гэта ў Нямеччыне другi паводле важнасьцi пастулят пасьля Бiблейскiх, дыдактычна зазначыў заходнi немец, зь якога праменiлi дастатак, свабода i дэмакратыя.

Сяргей Астраўцоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0