Навіны культуры

 

У Полацку чакаюць вясну

На Полацак, як хлебадайная хмара, насоўваецца пэрыяд культурніцкіх акцыяў. Першай на чарзе стаіць выстава «Арт-сэзон», на якой Полацак штогод падводзіць мастацкія вынікі году. 9 студзеня выйшаў сьвежы нумар адмысловай, пад выставу, газэты — «Арт-сэзон-99». На пачатак сакавіка заплянаванае ўганараваньне літаратурнай прэміяй Таварыства Вольных Літаратараў за лепшую мастацкую кнігу году «Гліняны Вялес». Тады ж адбудзецца прэзэнтацыя паэтычнага зборніку полацкай паэткі канца 20-х Ганны Брэскай «Настурцыі». Вершы паэткі пазьбіраў па тагачасных часопісах і газэтах дасьледчык Леанід Маракоў і перадаў палачанам (у Полацку ні ў музэях, ні ў бібліятэках няма нават тых трох альманахаў, што выдалі ў 20-х гадох у старажытным месьце тутэйшыя «маладнякоўцы»). 28 студзеня «Полацкі весьнік» надрукаваў партрэт паэткі, яе вершы і просьбу адгукнуцца таго, хто нешта ведае пра Г.Брэскую. На жаль, ніхто не адгукнуўся. Аднак вершы з далёкіх 20-х так кранулі сучасных полацкіх паэтак, што практычна ўсе напісалі свае вершаваныя прысьвячэньні. Тры — Надзеі Салодкай, Ірыны Дарафейчук і Тацяны Хмары — уключаныя ў зборнік.

Васіль Кроква

 

У шклоўскай школе — пра ўнівэрсытэт

Шклоўскія актывісты ТБМ наведалі школу ў вёсцы Забродзьдзе і сустрэліся з вучнямі ды настаўнікамі. Удзельнікі сустрэчы жыва цікавіліся ідэяй стварэньня Нацыянальнага Ўнівэрсытэту. Школа ў Забродзьдзі беларуская, і вучням было цікава, што праз такі Ўнівэрсытэт ім ня прыйдзецца ламаць сваю мову. Сустрэча адбылася дзякуючы прыязнай пазыцыі дырэктара школы Вадзіма Саліфонтава, які знайшоў сьмеласьць не хавацца ад беларускай мовы і яе рупліўцаў.

Сымон Глазштэйн

 

50 абразоў

Больш за 50 абразоў ХІХ ст. і царкоўны посуд затрымалі супрацоўнікі Берасьцейскай мытні на мяжы. Сабранае гэта ўсё было на Мсьціслаўшчыне. Дырэктар мсьціслаўскага музэю У.Гасянкоў і райвыканкамаўскі чыноўнік езьдзілі па абразы ў Берасьце і прывезьлі назад у Мсьціслаў. Цяпер маюць зрабіць зь іх выставу ў мясцовым музэі.

А.Кузьмін

 

Роваравая дарога Астравец—Гудагай

У Астраўцы ўпершыню за ўсю ягоную гісторыю пачалі будаваць пры дарозе з райцэнтру на станцыю Гудагай роваравую дарожку. У мясцовым ДЭУ неабходнасьць яе растлумачылі так: аўтобусы ходзяць рэдка, а людзям трэба дабірацца на працу ў бясьпецы.

Мар’ян Вянгроўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0