БТ вачыма беларуса

Ні слуху, ні віду

 

Нешта ня бачна, каб БТ варушылася з нагоды хуткага зьяўленьня айчыннага канкурэнта. Хрусталёў, ужо месяц як прызначаны на прыдуманую для яго пасаду генэральнага прад’юсэра, маўчыць, як партызан. Чуткі пра буйны рост колькасьці праграмаў ня спраўджваюцца: ані добрых сваіх, ані пакупных. Нават больш-менш прыстойнае замены зьнятым з эфіру «Гіт-параду» і «Добраму вечару, Беларусь» не назіраецца. Усё бясконцы «дакумэнтальны экран».

На гэтым фоне адзіная праграма, што прагрэсуе, — суботняя «Панарама». Праўда, прагрэсуе неяк па-свойму. Віртуальны ўдзел у ёй апазыцыйных палітыкаў нармальнага чалавека ня можа прывесьці да думкі пра пачатак свабоды слова. Ну, спытаюцца ў іх нешта пра нешта, дадуць у эфір пару фраз выключна ў запісе — ды сваімі камэнтарамі так нагрузяць, што й не зразумела, на што той апазыцыянэр у кадры мільгаў. Так што самы прагрэс назіраецца ў тым, што з кожным разам вядучаму Казіятку ўдаецца яшчэ больш зьедліва скрывіцца пасьля сваіх чарговых кпінаў на адрас Лябедзькі, Статкевіча ці, тым больш, Васіля Быкава.

А ў гэтую суботу яшчэ й вельмі ідэалягічна цікавы сюжэцік прайшоў. Пра «дабравольна-прынудзіцельныя» савецкія дэманстрацыі, што мусілі дэманстраваць усенародную падтрымку рэжыму. Па кадрах і ня скажаш, калі зьнята было — на агульных плянах што ёсьць серп-молат на сьцягах, што няма, а чырвань і зеляніна тая самая... Аказваецца, бюракратычна-ідэялягічны СССР сам рухнуў — «як і трэ было чакаць». А вы ж усё казалі, што гэта Шушкевічы зь Віскулёў вінаватыя!

Арцём Лук’яновіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0