мова-2000

Новы беларускі слоўнік

 

Чытачы «НН» працягваюць дасылаць свае прапановы што да абнаўленьня беларускага слоўніка.

Аляксандар Урбановіч з Гомеля прапануе замяніць слова «тэлебачаньне» на «тэлевізія», што, на ягоную думку, было б лягічна, маючы слова «тэлевізар». Дадамо ад сябе, што «тэлебачаньне», нягледзячы на ягоную нібыта відавочную беларускасьць, таксама ўяўляе сабою запазычаньне з расейскае мовы. Расейцы другую палову міжнароднага тэрміну «television» пераклалі па-свойму, і выйшла нічога сабе, бо «-vision» і «-видение» яшчэ й сугучныя між сабою. А ў беларусаў выйшаў нязграбны штучнатвор, які нібы сьведчыць, што тэлевізія — нейкая расейская рэалія. Дарэчы, «Наша Ніва» ці не ад пачатку ўжывае менавіта «тэлевізія».

Alex зь Менску дзеліцца некаторымі думкамі наконт называньня прадметаў штодзённага побыту і прапануе, прыкладам, мікрахвалёвую печку зваць «мікравэйкай», кававарку — «кавяркай». Іншыя ягоныя прапановы ўжо даўно ўжываюцца — «прас», «лядоўня» (=халадзільнік). Маразільную камэру ў лядоўні, на ягоную думку, можна зваць «лядоўкай».

Той самай маразільнай камэры іншы ўдзельнік дыскусіі — Скіргайла Палянэцкі — наагул дае супэрфантастычны назоў: «зюзьня»! Сп. Палянэцкі даслаў ці не найвялікшы як дагэтуль сьпіс: «пазнач» (код, індэкс), «тарнач» (адаптэр), «бачыва» (відэашэраг), «круглік» (кампакт-дыск), «натарык» (дыктафон), «цям» (успрыманьне), «квіткар» (касір), «шумарол» (пенапляст), «грубок, грубік, грыйка, грыёк» (усялякае ацяпляльнае прыстасаваньне), «штуч» (сынтэтыка), «пракоп» (падземны праход), «падзем» (тунэль), «прастач» (рас. выпрямитель), «распускач» (рас. растворитель), «утор» (штэкер), «уторына» (разетка). Зазначу, што гэта толькі невялікі фрагмэнт слоўніка.

Дарэчы, Скіргайла Палянэцкі фармулюе ў канцы ліста гэткую прапанову (цытую даслоўна і прашу ў аўтара прабачэньня за трансьлітэрацыю — арыгінал напісаны лацінкай): «Надылі, з ласкі пачэсьлівае Радакцыі, рачыў бы скласьці попіса словаў зы рожных жаралоў, найпільнейшых да зайнакшаньня імі барбарызмаў».

Адрасуем гэтую прапанову чытачам: якія словы ў сучаснай беларускай мове вам «не падабаюцца» і, на Вашую думку, мусілі б быць замененыя на нешта лепшае?

Яшчэ адзін аўтар — Алесь Шэд зь Менску — падтрымвае ідэю «Мовы-2000» і заахвочвае ўдзельнікаў абмеркаваньня: «ня трэба баяцца ўводзіць у мову наватворы (пагатоў забытыя словы) — праз 10—20 гадоў яны будуць у жывой мове. Але каб гэтак сталася, трэба ўжо цяпер распачынаць гэткі чын. Ня трэба баяцца ўсеабсяжнасьці гэтага чыну — вада камень па кроплі точыць».

Сяргей Шупа


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0