Музэй мамэнтальнага мастацтва

 

Пераходжу цераз ганак дому нумар чатыры, што на вулiцы Азгура. Проста ў вочы мне глядзiць Ленiн. Дакладней, галава Ленiна, вельмi падобная да пэрсанажа расейскай казкi пра Руслана i Людмiлу. Побач — Маркс. Скульптуры, якія калiсьцi стаялі на варце будынку ЦК КПБ, дзе сёньня месьцiцца рэзыдэнцыя прэзыдэнта. Кажуць, што пасьля зносу помнiка Сталiну на сёньняшнiм Кастрычнiцкiм пляцы, ачыстка Менску ад Ленiна-Маркса сталася самым моцным ударам для Азгура. Цяпер гэтая пара месьцiцца ў гардэробным пакоi дому-музэю Заiра Ісакавiча.

У асноўнай жа экспазыцыйнай залі, былой майстэрні, вас сустракае дзядзька гіпсавы Якуб Колас. А за ім... Прастора, ня менш як сямiмэтровае вышынi, запоўненая дзясяткамi й дзясяткамi скульптураў усiх кшталтаў ад невялiкiх барэльефаў да велiчэзных статуяў. Скульптуры нібы падвешаныя ў паветры, глядзяць табе проста ў вочы. Купала... Уладзiмер Полацкi... Мiхельсон... Талаш...

І ўжо на дарозе дахаты згадваю: гэта ж у двары дому на Азгура, 4, менская моладзь хавалася ад мiлiцэйскай «зачысткi». «Мастацтва вышэйшае за палiтыку»?

 

Усе, хто добра ведаў Азгура і ягоную творчасьць, сыходзіліся ў адным: пяць гадоў таму сышоў адзін з самых выразных сымбаляў Савецкай Беларусі.

На думку паэта Адама Глёбуса, Заір Азгур — мастак, які ня выйшаў за межы свайго часу. Чалавек, які застаўся рэгіянальным мастаком сацыялістычнага лягеру.

«У 70-х гадох у Нямеччыне, — кажа Глёбус, — выйшла кніжка пад назвай «Вялікі Экспэрымэнт», прысьвечаная Віцебскай мастацкай школе 20-х гадоў. Сярод асобаў, якім прысьвечанае выданьне, — Малевіч, Лісіцкі, Чашнік, Надзя Лежэ. Ёсьць і адзін невялікі малюнак Азгура. Рэканструкцыя сьвяточнага ўпрыгожваньня для пляцаў савецкіх гарадоў. Самы каштоўны твор Азгура. Бо, у адрозьненьне ад іншых твораў, малюнак належыць не да сацарту, а да цалкам канвэртабэльнага віцебскага авангарду».

Кажуць, што не было больш-менш вядомага дзеяча, якога б не «зьляпіў». У кніжцы «Здані й Пачвары Беларусі», якая выйшла пяць гадоў таму за подпісамі Юра й Хлуса, была навэля, прысьвечаная дзейнасьці Азгура. Яна называлася «Вершнік без галавы». Вялося там пра тое, як, нібыта, з надыходам незалежнасьці Азгур зьляпіў велічэзную «Пагоню», якая мелася замяніць Леніна перад Домам Ураду. У майстэрні ўжо даўна былі нарыхтаваныя галовы-партрэты, якія можна было мяняць у залежнасьці ад палітычнай кан’юктуры. Але ніводная з галоваў не падышла да «Пагоні»...

У развагах пра Азгура Адам Глёбус кажа пра самую страшную рэч для мастака — прысутнічаць пры зьнішчэньні сваіх твораў. «Ён блытаў вечнае й імгненнае. Ён думаў, што стварае манумэнтальнае, а ствараў мамэнтальнае», — кажа Глёбус.

Для прэзыдэнта Сусьветнай Асацыяцыі Беларускіх Габрэяў Якава Гутмана Заір Азгур найперш — чалавек, які падтрымаў у канцы 80-х ідэю нацыянальнага адраджэньня беларускіх габрэяў. Увайшоў у кіраўніцтва Аб’яднаньня Аматараў Габрэйскай культуры і скарыстоўваў увесь свой аўтарытэт дзеля разьвіцьця гэтай арганізацыі:

— Гэта быў мудры чалавек, які не хаваў, а ганарыўся сваім габрэйствам. У адрозьненьне ад тагачаснай большасьці маіх супляменьнікаў. Я некалькі разоў быў у яго ў майстэрні. Там былі бюсты і Сталіна, і Міхоэлса, там былі бюсты выдатных дзеячоў габрэйскай гісторыі — гэта жыцьцё... Гэта тыповае дзіця часу. Я перакананы, што ў 20-х гадох яны з Маркам Шагалам стаялі на адной ступені. Шагал выбраў адзін шлях, Азгур — другі. Я ня маю ніякага права ў нечым яго абвінавачваць.

У 1987 годзе Заір Азгур ці не ўпершыню ў найноўшым часе пайшоў на крок, які супярэчыў пазыцыі тагачасных савецкіх уладаў. Вялося пра Машу Брускіну — пляменьніцу скульптара. Дзяўчына была пакараная нацыстамі ў Мазыры разам з двума падпольшчыкамі. Перадсьмяротны фотаздымак ахвяраў быў ужо добра вядомы ў сьвеце, дзяўчына апазнаная сваякамі. Але калі дайшла справа, каб ушанаваць імя падпольшчыцы, Пятро Машэраў сказаў, маўляў, ня там шукаеце герояў. На тым і спыніліся на гады. Але ў 87-м Заір Азгур усё ж распавёў гісторыю Машы Брускінай у інтэрвію для «Нью-Ёрк Таймс». Публічнай рэакцыі з боку савецкіх уладаў не было. «Але ён не давёў справу да канца, — кажа Якаў Гутман, — толькі ж хто можа кінуць у яго камень».

А вось што пра Заіра Азгура кажа скульптар Аляксандар Шатэрнік:

— Заір Азгур — дзіця эпохі сацыялістычнага рэалізму. Але як майстру, як рамесьніку, роўнага яму на тыя часы не было. Партрэт рабіў за паўгадзіны. Што да ўкладу ў мастацтва, вельмі цяжка казаць. Бясконцая чарада рэвалюцыйных дзеячоў была выкананая бездакорна з пункту гледжаньня савецкага рэалістычнага канону. Найбольш выбітныя партрэты — пераважна з даваеннага часу. Пазьней можна адзначыць хіба партрэт Рабіндраната Тагора.

Яны ўспрымаюцца цалкам натуральна, што да зьместу і формы. Іншая справа — нашыя нацыянальныя дзеячы культуры. Возьмем, да прыкладу, помнік Якубу Коласу. Я, сярод іншых, быў супраць гігантаманіі. Але ж — сядзіць Колас, і сёньня цяжка ўявіць сабе Менск безь яго.

Азгур ня меў вучняў, нідзе не выкладаў, бо ня меў скончанай адукацыі, але меў званьне акадэміка. Ён быў канфарміст. Але мастака і ягоныя маральныя якасьці ў мастацтве я б ня браўся ацэньваць, бо можна зайсьці далёка. Затое з пэўнасьцю магу сказаць, што вельмі часта Азгур выкарыстоўваў свой аўтарытэт, каб абараніць іншых людзей. Ад Дзяржкантролю ці нападак іншых чыноўнікаў, — кажа Аляксандар Шатэрнік.

Нядаўна прыяцель-студэнт распавёў гісторыю пра экскурсію іхнай студэнцкай групы ў Беларускі Дзяржаўны Музэй Мастацтваў. Адзін блізкарукі экскурсант спыніўся каля бюсту Кастуся Каліноўскага і доўга ўглядаўся то ў твар змагара, то ў шыльдачку пад творам. Урэшце хлапец разгублена прамовіў: «Я глядзеў дакумэнтальны фільм — ён жа ня так выглядае!» «ЗАІР АЗГУР» — красаваліся на шыльдзе вялікія літары, якія ў некалькі разоў перабольшвалі імя выяўленага героя.

Кастуся Каліноўскага пакаралі 136 гадоў таму. Цікава, што будуць распавядаць экскурсаводы праз 136 гадоў, калі будуць весьці студэнтаў па доме-музэі Заіра Азгура?

Севярын Квяткоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0