Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

Магілёўская даўніна ў пытаньнях і адказах / А.Агееў, І.Марзалюк, І.Пушкін. — 2-е выданьне, перапрацаванае й дапоўненае. — Магілёў: Управа культуры Магілёўскага гарадзкога выканаўчага камітэту, 1999. — 204 с.: (43) іл. — Наклад 2000 ас. ISBN 985-6568-05-6

У кнізе шмат дагэтуль невядомых фотаздымкаў магілёўскіх бажніц. Цана ў доме кнігі «Веды» — блізу паўтысячы рублёў.

Аповесьць мінулых гадоў: Старонкі летапісу: Для малодшага і сярэдняга школьнага веку / Пераказаў і пераклаў у беларускую мову Ў.Ягоўдзік; Мастак П. Татарнікаў. — Менск: ВТАА «Кавалер паблішэрз», 1999. — 64 с.: іл. — Наклад 5100 ас. ISBN 985-6427-19-3

Добрая кніга, але малюнкі чамусьці выглядаюць, як начныя жахі: славянскія матывы зьнітаваныя з абліччамі змрочных сьвятароў ува ўбраньні армянскіх манахаў.

Бацькаўшчына: Зборнік гістарычнай літаратуры: Для сярэдняга й старэйшага школьнага веку / Укладаньне, прадмова й пасьляслоўе С.Панізьніка; Мастак А.Званароў. — Менск: Юнацтва, 1999. — 367 с. (8) арк. іл. — Наклад 4000 ас. ISBN 985-05-0271-1

Артыкулы й літаратурныя творы пра дачку вялікага полацкага князя Рагвалода — славутую Рагнеду — дбайна сабраныя пад адной вокладкай. Выдатны зьмест кнігі кантрастуе зь не найлепшым падборам ілюстрацыяў.

Беларуская энцыкляпэдыя: У 18 т. Т.9: Кулібін — Малаіта / Рэдакцыйная калегія: Г.Пашкоў ды інш. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя, 1999. — 560 с.: іл. — Наклад 10000 ас. ISBN 985-11-0155-9 (т. 9) ISBN 985-11-0035-8

Гэты том давяршае палову 18-томавай «Беларускай энцыкляпэдыі». Тут артыкулы пра Латвію й Літву, Лукашэнку й братоў Луцкевічаў, Крэва й Ліду ды іншыя матар’ялы пра краіну й сьвет. Цана ў кнігарні выдавецтва — паўтары тысячы.

Белая русь: Гісторыя Беларусі ў легендах і паданьнях: Для дзяцей школьнага веку / Укладальніца М.Зелянкова; Мастак П.Татарнікаў. — Менск: Юнацтва, 1999. — 303 с.: іл. — Наклад 5000 ас. ISBN 985-05-0291-6

Як будаваліся гарады, як жылі паны й як зь іх кпілі сяляне — адвечны матыў беларускае вуснае народнае творчасьці. Цяпер і дзеткі Белае Русі могуць спазнаваць сьвет казак і мітаў свае Бацькаўшчыны. Кніга мае шмат каляровых ілюстрацыяў. Цана — 800 рублёў.

Бярэзінскі запаведнік: Птушкі: Камплект паштовак (15). У беларускай і ангельскай мовах. Аўтар тэксту й фота І.Бышнёў. Пераклад у ангельскую мову М. Фядосік; Мастак Т.Нікіціна. — Менск: Беларусь, 2000. — Наклад 8500 ас.

Калі Вы ня маеце магчымасьці наведаць Бярэзінскі запаведнік — паспрабуйце ўявіць хараство роднае прыроды паводле новага камплекту паштовак, выпушчанага выдавецтвам «Беларусь».

Вясьнянка: Апавяданьні, вершы, казкі беларускіх пісьменьнікаў: Для малодшага школьнага веку / Укладальнік М.Зарэмба; Мастак Т.Мельянец ды інш. — Менск: Юнацтва, 1999. — 383 с.: іл. — Наклад 4000 ас. ISBN 985-65-0377-7

П.Гуд. Ад Калядаў да Пакроваў / Пад рэдакцыяй Я.Жук. — Менск: выдавецтва ТАА «Красіка-прынт», 2000. — 204 с. — (Беларусь сьвяточная.) — Наклад 7000 ас. ISBN 985-405-032-1

У кнізе — творы беларускага фальклёру і праграмы да сьвятаў усіх каляндарных цыкляў. Для супрацоўнікаў пазашкольных і школьных установаў, масавага чытача.

А.Жук. Над чыстым полем: Аповесьць, апавяданьні. — Менск: Мастацкая літаратура, 1999. — 479 с. — (Беларуская проза 20 ст.) — Наклад 2000 ас. ISBN 985-02-0495-8

У “залатой” сэрыі “Беларуская проза ХХ ст.” выйшаў збор твораў аўтара перакладу “Майстра й Маргарыты” ў беларускую мову.

Зямля Берасьцейская: Альбом. У беларускай, ангельскай ды расейскай мовах. Аўтар тэксту і ўкладальнік Г.Тамашэвіч. Пераклад у ангельскую мову М.Фядосік; Мастак А.Жданоўская. -- Менск: Беларусь, 1999. -- Наклад 3000 ас. ISBN 985-01-0305-1

Краявіды сёньняшняе Берасьцейшчыны: ад захаваных помнікаў даўніны краю да мітусьлівага жыцьця гарадоў заходняга Палесься.

Г.Колас. Карані мітаў (Жыцьцё й творчасьць Янкі Купалы). — Менск: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтар, 1998. — 348 с. — Наклад 700 ас. ISBN 985-6022-56-2

Вядомы крытык Георгі Колас (1929—1994) — бацька дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімера Коласа й выдаўца ды перакладчыка Зьмітра Коласа — падсумаваў у кнізе зьбіраны ад 1950-х матар’ял пра спрэчныя і таямнічыя моманты біяграфіі Янкі Купалы. Кніга вылучаецца сваёй крытычнасьцю ў дачыненьні да іншых тэорыяў купалазнаўства й пацешыць аматараў дэтэктыўнага жанру нечаканымі паваротамі жыцьця аўтара «Тутэйшых». Гэтая кніга не паступала ў гандаль ад 1998 г., але цяпер некалькі асобнікаў ляжыць у кнігарні Пэдагагічнага ўнівэрсытэту, дзе можна адшукаць яшчэ адну рэдкую навінку, пра якую пісала «НН», — кнігу В.Выхоты «Нямецка-беларускія моўныя паралелі».

Чытаў кнігі Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0