Новыя імёны ў апазыцыі
Беларуская інтэлігенцыя заклікае да Ўсебеларускага зьезду
Днямі абвешчаная новая ініцыятыва групы беларускіх дзеячоў культуры супраць інкарпарацыі нашай краіны ў склад Расеі. У звароце да грамадзтва, у прыватнасьці, гаворыцца:
«Мы апынуліся на гістарычнай мяжы, за якой — нацыянальная нябытнасьць. Тыя, хто імкнецца зьліквідаваць нашу дзяржаўнасьць, пад хісткай заслонай хлусьні і фальсыфікацыяў рыхтуюць здачу сувэрэнітэту краіны. Гэты згубны здрадніцкі працэс неабходна рашуча спыніць. Дзеля гэтага мы зьвяртаемся да ўсіх патрыётаў Бацькаўшчыны з прапановай правесьці ў 2000 годзе Ўсебеларускі зьезд. Мэта яго — заявіць усяму сьвету, што дзяржаўнасьць і дабрабыт Беларусі зьяўляюцца для нас найвышэйшымі вартасьцямі.
Мы заклікаем неадкладна стварыць аргкамітэт Усебеларускага зьезду. Калі трэба бараніць незалежнасьць роднай дзяржавы, павінны быць адсунуты ўбок палітычныя рознагалосьсі, забыты асабістыя крыўды».
«Заўважце, пад зваротам няма подпісаў ніводнага апазыцыйнага лідэра», — падкрэсьліваюць ініцыятары. Затое стаяць імёны Радзіма Гарэцкага і Алеся Разанава, Віктара Скарабагатава і Ўладзімера Арлова. Разам зь імі ўпершыню — подпісы актрысы Стэфаніі Станюты ды мастака Арлена Кашкурэвіча. Гэтак год па годзе да апазыцыі па чарзе далучаліся Быкаў і Барадулін, Дашук і Брыль... «У зьезду адзіная мэта — пацьвердзіць незалежнасьць Беларусі. Дэлегаты на яго мусяць выбірацца паводле тых жа прынцыпаў, што і на зьезд 1917 году», — дэкляруе адзін з ініцыятараў звароту, журналіст Аляксандар Старыкевіч. І спадзяецца, што «ў час зьезду ў Беларусь зможа прыехаць Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла».
Прыгожа напісаны зварот нагадвае многія ранейшыя падобныя ініцыятывы, якія пашумелі ды аблегліся ў ціхай затоцы. Тады таксама падпісвала інтэлігенцыя, а пасьля яе аўтарытэтам карысталіся ня надта прынцыповыя функцыянэры-апазыцыянэры, каб ствараць пад сябе чарговыя малакарысныя канторкі. Ініцыятары даюць зразумець, што ідэя Ўсебеларускага зьезду адрозьніваецца ад папярэдніх “кангрэсаў супраць дыктатуры” тым, што на ягонай аснове можа паўстаць рэальны орган народнага прадстаўніцтва Беларусі, больш адэкватны структуры сёньняшняга беларускага незалежнага грамадзтва, чым цяперашні Вярхоўны Савет.
Сказаная ў самых гарачых словах праўда, на жаль, яшчэ ня сіла. Зваротам ня будзе відаць канца, пакуль кожнага разу навіна акцыі будзе адно ў імёнах і шыльдах, а ня ў новых палітычных тэхналёгіях, безь якіх, з аднымі толькі рамантычнымі заклікамі, бараніць незалежнасьць у сучасным сьвеце немагчыма.
Сяргей Паўлоўскі