Ён выжыў, каб сьведчыць

21 лютага ў слонімскай бальніцы памёр
72-гадовы Васіль Струпавец

 

У 1997-м годзе «Наша Ніва» неаднаразова пісала пра гэтага чалавека й ягоны лёс. У 1943 годзе група савецкіх партызанаў расстраляла ў вёсцы Якімавічы Слонімскага раёну ягоную сям’ю: бацьку, маці, двух братоў і маленькую сястру. Сам Васіль Струпавец быў цяжка паранены, але выжыў, каб сьведчыць пра тое ды іншыя злачынствы (у вёсцы й навакольных хутарох савецкія партызаны закатавалі амаль 50 мірных жыхароў, пераважна жанчын, дзяцей і старых). Аднак ні пры савецкай уладзе, ні пры сёньняшнім рэжыме Струпавец так і не дамогся суду над злачынцамі (а ён менавіта хацеў суду, а не самасуду!), многія зь якіх засталіся пасьля вайны жыць на Слонімшчыне. Наадварот, у 1997 г. улады наладзілі праверку праўдзівасьці фактаў, прыведзеных у публікацыі «НН» (за якую газэта атрымала папярэджаньне), якую праводзілі супрацоўнікі дзяржбясьпекі. Факты пацьвердзіліся, але на гэтым справа была закрытая…

Струпавец памёр у той час, калі ў Латвіі зноў загучала справа савецкага партызанскага камандзіра Васіля Конанава, нядаўна засуджанага на 6 гадоў турмы за расстрэл мірных жыхароў. За савецкага злачынцу заступіўся галоўны чэкіст расейска-беларускага саюзу…

Апошняй воляй Васіля Струпаўца было пахаваць яго на вясковых могілках у Якімавічах, каля агульнай магілы замардаванай ягонай сям’і, ды пакрыць труну сьвятым бел-чырвона-белым сьцягам…

Сяргей Ёрш


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0