Навіны культуры

 

Час белых ценяў

270 гадоў таму нарадзіўся апошні канцлер ВКЛ Яўхім Літавор Храптовіч. З гэтай нагоды адчыняецца выстава твораў акадэмікаў Беларускай Акадэміі Выяўленчага Мастацтва пад назвай «Час белых ценяў». Адкрыцьцё адбудзецца 2 сакавіка а 17 гадзіне ў Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва (праспэкт Скарыны, 47).

А.К.

 

Выстава «Пагоні»

У Рэспубліканскім экалягічным цэнтры навучэнцаў (гэта былая станцыя юнатаў на Макаёнка, 8 — каля новага БТ, каля ст.м. «Маскоўская») адчынілася выстава суполкі «Пагоня». Гэтым разам выстава прысьвечаная вынікам зімовага пленэру імя Язэпа Драздовіча, што прайшоў на Каляды пад Глыбокім і Шаркоўшчынай. Як і ў творчасьці самога Драздовіча, пераважаюць фантастычныя краявіды Беларусі. Сярод удзельнікаў — мастакі зь Меншчыны, Віцебшчыны, Палесься і Галяндыі. Адкрытая выстава будзе на гэтым тыдні, а тады на зьмену ёй прыйдзе выстава керамікі вучняў Алеся Марачкіна.

Між іншым, традыцыйную выставу «Пагоні» ў Палацы мастацтваў на 25 Сакавіка сёлета ў Менску не дазволілі.

 

Купалаўская

У Літаратурным музэі Янкі Купалы (гэта ў парку Янкі Купалы) праходзіць фотавыстава «Паэзія купалаўскіх мясьцінаў». Аўтар праекту — старшыня фотаклюбу «Менск» Альбэрт Цехановіч, які тры гады таму наладзіў Міжнародны Купалаўскі фотапленэр. Сюжэты твораў — паводка ў Вязынцы, буяньне папараць-кветкі ў Ляўках, а таксама маляўнічыя віды Карлавых Вараў і Прагі, якую Купала наведваў тройчы. Са словаў Цехановіча, дух песьняра жыве ня толькі ў кнігах, але і ў тых мурах і дрэвах, якія натхнялі яго.

Юрась Барысевіч

 

У беларускім відэаклюбе

Беларускі відэаклюб пры ТБМ пашырае дзейнасьць. Цяпер ягонае аддзяленьне адкрылася ў моладзевым цэнтры «Майстэрня Будучыні», што ў Малінаўцы на вуліцы Слабадзкой, 15. Паказы беларускамоўных відэастужак у гэтым цэнтры будуць адбывацца штонядзелю а 12-й. Апроч таго, у ТБМ адкрыўся відэапракат. Кожны можа прыйсьці і ўзяць патрэбную яму касэту ў любы дзень. Відэатэка налічвае цяпер 14 найменьняў, сярод іх мастацкія, мультыплікацыйныя, музычныя відэапраграмы. Пракат (і кнігарня) працуюць штодня з 11-й да 19-й (безь перапынкаў), таксама і ў нядзелю. Адрас у Менску: Румянцава, 13. Тэл.: 213-43-52. Зьявіліся й новыя гандлёвыя кропкі продажу касэтаў: унівэрсам «Беларусь» (2-гі паверх) — відэа, шапік каля крамы «Піянэр» (Чыжоўка) — відэа-, аўдыёкасэты.

В.С.

 

CD Сьвіцязянка

Студыя «Каўчэг» выпусьціла кампакт-дыск «Вакальна-сымфанічная паэма «Сьвіцязянка» паводле матываў аднайменнай паэмы Адама Міцкевіча. У запісе дыску ўзялі ўдзел Сымфанічны аркестар беларускага радыё і хор пад кіраўніцтвам Віктара Роўды. Аўтар музыкі — кампазытар і мастак, сябра суполкі «Пагоня» Ўсевалад Грыцкевіч. У Нацыянальнай бібліятэцы толькі што прайшла ягоная выстава «Музыка ў колеры». Грыцкевіч сам аформіў свой кампакт-дыск — скарыстаў сваю графічную працу «Восенькая мэлёдыя».

 

Жыдоўская партызанка

У менскім выдавецтве «Мэдысонт» выйшла ў перакладзе на беларускую кніга «Як мы перажылі Галакост зь яўрэйскім партызанскім атрадам у Беларусі». Аўтары мэмуараў — Доў Коган, адзін з кіраўнікоў камітэту былых наваградцаў у Ізраілі, і ангелец Джэк Каган, які стварыў у Імпэратарскім Ваенным музэі ў Лёндане сталую экспазыцыю пра вынішчэньне гітлераўцамі гэбраяў Наваградку. Падобная экспазыцыя цяпер маецца і ў краязнаўчым музэі самога Наваградку. Паводле аўтараў кнігі, галакосту паспрыяла тое, што савецкія ўлады забаранілі гэбраям у пачатку вайны эвакуявацца на ўсход (праз былую савецка-польскую мяжу прапускалі толькі тых гэбраяў, што мелі партбілет). Наваградзкія гэбраі стварылі цалкам унікальную зьяву — буйны партызанскі атрад, які налічваў ажно 1200 ваяроў. Атрад братоў Бельскіх вызваляў вязьняў гета, ладзіў дывэрсіі на чыгунцы, біўся з жаўнерамі Арміі Краёвай. Пасьля вайны ацалелыя разьехаліся па ўсім сьвеце. Нічога не засталося і ад наваградзкіх гэбрайскіх могілак з 500-гадовай гісторыяй, пішуць аўтары: з тых надмагільных плітаў пабудавалі гаражы.

Юрась Барысевіч

 

2 гады «Навінкам»

Галоўны рэдактар аднаго з найбуйнейшых беларускіх выданьняў упікаў «Навінкі» за тое, што «гэта аналяг расейскіх «Лялек», толькі з той розьніцай, што «Лялькі» сьмяюцца з усіх палітыкаў, а «Навінкі» сьмяюцца толькі са сваіх — апазыцыі». Красамоўным адказам на гэты папрок стаў выпадак на сьвяткаваньні двухгодзьдзя «Навінак», якое адбылося 24 лютага ў клюбе «4 апэльсыны». Вядучы папрасіў публіку сказаць колькі добрых словаў пра выданьне, пра тое, як яна яго любіць. Але адному ўдзельніку мікрафону не далі. Бо той усё стараўся дамагчыся адказу на пытаньне: чаму вы крытыкуеце толькі апазыцыю, але не афіцыйныя ўлады? Вядучы ня даў мікрафону на такія быццам бяскрыўдныя словы толькі з той прычыны, што «афіцыйныя» ўлады — гэта проста ня сьмешна й не цікава, каб нават пра гэта згадваць. Ня хочуць, бачыце, сьмяшлівыя «Навінкі» «сьмеючыся разьвітвацца» зь цяперашнім рэжымам.

Алесь Туровіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0