БІБЛІЯТЭКА


 

СТО БЕЛАРУСКIХ КНIГ ХХ СТАГОДЗЬДЗЯ

 

Кастусь Антановіч жыве ў Менску на вуліцы «Сиреневой», што не мілагучна па-беларуску, таму ў дужках аўтар дадаў — Бэзавай. Кастусю 15 гадоў. Яго абурае, што калі гаворыш па-беларуску або носіш сымболіку, «добра, калі цябе называюць яшчэ бээнэфаўцам, часьцей жа за ўсё... фашыстам, нацыстам, здраднікам. Сапраўды крыўдна, калі ты яшчэ і БНФ толькі часткова». Гэткі сабе нармальны чалавек, якога з-за ягоных нармальных прыхільнасьцяў да роднага абставіны ператвараюць у змагара. «Вельмі крыўдна, — піша Кастусь. — Так у мяне пасьля гэтых словаў шчыміць сэрца, але таксама ў гэты час зьяўляецца гонар за тое, што я трымаюся, не паддаюся ўплыву гэтых нізкіх людзей. Таму трэба ў першую чаргу нам, гістарычным насельнікам нашай зямлі, дапамагчы тым, хто ня вырашыў свой лёс ці ўсё ж папаў пад уплыў гэтага рэжыму». Ну вось, хлопец любіць сваё, а дзяржава яго за тое насяляе ваяўнічым духам. Усё слушна, Кастусь, пры акупанцкім рэжыме трэба бараніць сваю культуру і сваю мову.

Найболей Кастусь любіць чытаць Быкава, ягоную «Аблаву». «Гэты пісьменьнік праз свае творы зрабіў мяне сапраўдным патрыётам Бацькаўшчыны». А ўлюбёны верш Кастуся — Купалава «Спадчына». Праўда, у Кастусёў сьпіс трапілі ня толькі кнігі, але і асобныя творы — вершы, апавяданьні, што супярэчыць умовам нашага рэйтынгу, бо сьпіс складаецца менавіта з кніг. Між тым, дзякуючы Кастусю, у нашым агульным сьпісе зьявіліся імёны Алеся Масарэнкі, Уладзімера Бельскага, Аляксея Ненадаўца.

А вось Марыя Юхнэль з Гарадзеі каля Нясьвіжу назвала толькі адну кнігу —«Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Ўладзімера Караткевіча. Няма ніякага сумневу, што гэты раман ужо мае гарантаванае месца ў залатой сотні стагодзьдзя — ажно 26 чытачоў падалі за яго свой голас.

Станіслаў Бугар зь Дзятлавічаў Лунінецкага раёну паставіўся да сьпісу з усёй адказнасьцю і працягвае рабіць асабістыя адкрыцьці. «Сапраўдным адкрыцьцём для мяне стаўся невялікі паэтычны зборнік-паэма Алеся Барскага «Блізкасьць далёкага», выдадзены ў далёкім 1983 годзе ў Беластоку». Спадар Станіслаў мяркуе, што гэтую кнігу варта абавязкова прачытаць (перачытаць) сучасьнікам. Уключаем у агульны сьпіс, але мусім канстатаваць, што гэта толькі першы голас за згаданую кнігу, а ўсяго ў нашым агульным сьпісе пад тысячу назваў.

Клім Скрабец зь Менску напісаў, што ідэя сьпісу яму падабаецца, а сам сьпіс — не. Маўляў, у ім «шмат невядомых кніг, якіх ні я, ні мае дзеці не чыталі». Між іншым, адна з мэтаў гэтага рэйтынгу якраз у тым, каб іншыя людзі падказалі нам, якіх кніг мы ня ведаем, але ведаць варта. Розныя густы заважваюцца статыстыкай. У газэце мы друкуем толькі вершаліну сьпісу, бо на поўны не хапіла б месца.

Галіна Ўласава зь Менску мае іншую думку — маўляў, усе кнігі вядомыя. Яна піша: «Зь цікавасьцю сачу за вашай рубрыкай «100 кніг». І што мы бачым? Анічога, акрамя той трывала ўсталяванай гіерархіі імёнаў, да якой усе й так прывучаны і прызвычаены. Спрачацца з «голасам народу» не зьбіраюся, але маю сьмеласьць скарыстацца чытацкім правам і прапанаваць сьпіс кніг, якія безадносна вашага рэйтынгу і часу зоймуць пачэснае месца ў гісторыі і культуры нашай Бацькаўшчыны (на маю думку, вядома)». Няма сэнсу спрачацца, што агулам каштоўных беларускіх кніг у ХХ ст. выдадзена ня сотня, а тысячы. Але ў гэтай рубрыцы мы гаворым пра масавыя прыхільнасьці, пра тое, што сапраўды варта мець у сваёй бібліятэцы кожнаму беларусу, незалежна ад узросту ці спэцыяльнасьці. Гэта тое, праз што кожны можа прыйсьці да Беларусі, спазнаць і палюбіць Беларусь, а разам на ўсё жыцьцё палюбіць гэтыя кнігі.

Аднак вось што прапануе сп.Галіна «зь нестандартнага» (уключаем у агульны сьпіс): «Народныя песьні з мэлёдыямі» М.Гарэцкага (ён, дарэчы, гэтыя песьні запісваў ад свае маці), «Камень з гары» У.Дамашэвіча, «Нёмнаў дар» Якуба Коласа, «Пярсьцёнак» А.Сербантовіча, «Босыя на вогнішчы» Міхася Чарота, «Вершы жаданьняў» В.Маракова, «Замкі і людзі» П.Бітэля... Гэтыя кнігі добра вядомыя ўсім, хто ў 70-80-я гады пачынаў зьбіраць свае бібліятэкі беларушчыны.

«І, вядома, Уладзімер Караткевіч, — завяршае сп. Галіна, — па-за ўсялякімі сьпісамі і рэйтынгамі!» Шкада толькі, што не названыя канкрэтныя кнігі Караткевіча.

«Многае зь пералічанага чыталася шмат гадоў таму, але я па сёньняшні час помню, як яно ўзрушала маю душу і хвалявала сэрца. У розны час, на розных этапах свайго жыцця, я праз прыгажосьць, факты, падзеі і герояў гэтых кніжак набліжаўся да yсьведамленьня Беларусі як Радзімы, як краіны і як будучыні», — піша Раман Станкевiч зь Менску. Сп.Раман, таксама як і Кастусь Антановіч называе часам асобны верш або песьню. Мы ж аддаем гэтыя галасы тым зборнікам, у якіх тыя асобныя творы друкаваліся.

І яшчэ — P.S. у лісьце сп.Рамана: «Кніжка Арлова і Сагановіча «10 вякоў беларускай гісторыі», безумоўна, заслугоўвае ўключэньня ў сьпіс, але, на мой погляд, сёньня яна як найбольш скіраваная ў будучыню. Таму і мусіць будзе пастаўлена пад нумарам 1 у сьпісе стагодзьдзя XXI».

Магчыма, гэта і так. Але тут воля чытачоў — ці захочуць яны ўключыць новую кнігу ў свае сьпісы, ці не. Прынамсі сёньня мы ўжо маем некалькі галасоў — за «10 вякоў» у залатой сотні ХХ ст..

П.Тарасевіч зь Менску назвае кнігі, якія, на ягоную думку, перадаюць дух, існасьць і асаблівасьць Беларусі, яе гісторыю і культуру, характар беларусаў. «Гэтыя кнігі я ўзяў бы з сабою ў эміграцыю, калі б такое здарылася».

Сярод зусім новых у нашым сьпісе аўтараў і кніг зьвяртаюць увагу дзьве аповесьці Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага» і «Мы хлопцы жывучыя», якія назваў чытач з вул. Якубава ў Менску (подпіс неразборлівы).

Такім чынам, наш кніжны рэйтынг працягваецца.

Сёньня мы друкуем больш шырокі сьпіс (пачынаючы ад кніг, што набралі пяць галасоў), каб уявіць, якія назвы маюць найболей шанцаў увайсьці ў залатую сотню. Нагадваем, што іхны рэйтынгавы лёс будзе залежаць ад вашых допісаў.

Крыт.


Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

Н.Вайцяховіч. Шацак: Краязнаўчыя нарысы. — Менск: Пэйта, 1999. — 80 с. — (Ведаць свой край Беларусь.) — Наклад 1000 ас. ISBN 985-6024-20-Х

А.Махнач. Нізок: Краязнаўчыя нарысы. — Менск: Пэйта, 1998. — 72 с. — (Ведаць свой край Беларусь.) — Наклад 1000 ас. ISBN 985-6024-22-6

Гэта другая кніга з сэрыі «Ведаць свой край Беларусь» прыватнага выдавецтва «Пэйта». Нізок вядомы тым, што тут нарадзіліся Кандрат Крапіва, Паўлюк Трус ды Лідзія Арабей.

М.Мікуліч. Максім Танк: На скразьняках стагодзьдзя. — Менск: Мастацкая літаратура, 1999. — 254 с.: іл. — Наклад 1800 ас. ISBN 985-02-0361-7

Аўтар робіць адну зь першых па сьмерці пісьменьніка спробаў асэнсаваць фэномэн Максіма Танка, энігмы беларускай літаратуры ХХ ст.

Памяць: Добрускі раён: гістарычна-дакумэнтальныя кронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. У 2-х кн. Кн.1/ Укладальнік П.Рабянок; Мастак Э. Жакевіч. — Менск: Мастацкая літаратура, 1999. — 358 с.: іл. — Наклад 3053 ас. ISBN 985-02-0165-7

Кніга ахоплівае пэрыяд ад найстаражытнейшых часоў да 1943 г., калі на Добрушчыну вярнуліся бальшавікі.

У.Паўлаў. Дазор на Сухой мілі: Выбраныя аповесьці: Для малодшага школьнага веку / Мастак В.Прыешкін. — Менск: Юнацтва, 1999. — 238 с.: іл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-05-0234-7

А.Разанаў. Танец з вужакамі: Выбранае. — Менск: Мастацкая літаратура, 1999. — 462 с. — (Беларуская паэзія ХХ ст.) — Наклад 2000 ас. ISBN 985-02-0468-0

Кніга ў цьвёрдай вокладцы, аздобленай рэпрадукцыяй уніяцкага абраза XVIII ст. «Цуд Юр’я аб зьмяі».

М.Танк. Избранное: Пераклад зь беларускай мовы / Укладаньне, уступны артыкул В.Рагойшы. — Менск: Мастацкая літаратура, 1999. — 398 с.: іл. — Наклад 1600 ас. ISBN 985-02-0378-1

Чытаў кнігі Віктар Мухін

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0