Чыстка радоў

У Горадні рэанімавалі Аграрную Партыю, стваральнікі якой апынуліся ў апазыцыі. Цяпер іх замянілі вэртыкальшчыкі.

 

Дэлегацыi ад усiх раёнаў у прыўзьнятым настроi зьехалiся ў горад над Нёманам, каб аджывiць тысячныя шэрагi Аграрнай партыi. У 13-асабовым прэзыдыюме пасела начальства i адзiн трактарыст. I цуд уваскрашэньня адбыўся!

Варта нагадаць, што раней кiравалi партыяй такiя асобы, як С.Шарэцкi i М.Гiруць. Заходнiкi, гарадзенцы. Пасьля незабыўнай спробы iмпiчмэнту ды iншых апазыцыйных «выбрыкаў» вэртыкаль атрымала ўказаньне са сталiцы пачаць развальваць гэтую партыю. Зьбiралiся сходы, на якiх патрабавалася скiнуць Шарэцкага, Гiруця, асудзiць «адшчапенцаў»-апазыцыянэраў. Гiруць, аднак, датрымаўся кiраўнiком гарадзенскай абласной арганiзацыi АП да апошнiх дзён. Каб выйсьцi на трыбуну i сказаць тое, што прысутныя ў залi вэртыкальшчыкi i старшынi калгасаў баяцца памiж сабой гаварыць ужо даўно.

Сказаў пра 64-е месца краіны ў сьвеце па ўзроўнi жыцьця, 137-е — па эканамiчным разьвiцьцi. Пра гарадзенскiя калгасы, якiя ў 91-м годзе сабралi 1368 тысяч тон збожжа, а летась — толькi 783 тысячы. Пра жабрацкiя заробкi калгасьнiкаў — 5—20 даляраў, якiя звычайна затрымлiваюць на 2—3 месяцы. Вайны i землятрусу не было, а ўсё горш i горш — чаму? Бо нiдзе ў сьвеце, апроч як у нас, не бывае так: чым болей прадукуеш, тым болей стратаў. А ўказамi i дэкрэтамi кiраваць сельскай гаспадаркай яшчэ нiкому не ўдавалася. Карацей, без эканамiчнай свабоды нiчога ня будзе.

Аграрна-дэмакратычная (так яна напачатку называлася) стваралася як партыя парлямэнцкага тыпу. Сярод заснавальнiкаў былi i В.Старавойтаў, якi пакаштаваў лукашэнкавай турмы, i А.Дубко, якi апынуўся ў ласцы ў Рыгоравiча. Абапiралася яна збольшага менавiта на Гарадзеншчыну. У 95-м годзе тут было 5560 партыйцаў. З 22 абраных у вобласьцi дэпутатаў апошняга ВС 14 было з Аграрнай партыi. Аднак пасьля рэфэрэндуму, сказаў М.Гiруць, людзей пачалi запалохваць, забараняць удзел у партыi: калi не паслухаеш, здымуць з працы.

Старшыня Смаргонскага райвыканкаму М.Кавалёў тры гады таму напiсаў заяву, ня хочучы надалей заставацца намесьнiкам старшынi абласной партарганiзацыi. I раптам аддзел арганiзацыйна-кадравай работы аблвыканкаму праводзiць на чале з Кавалёвым нараду, каб склiкаць абласны сход. Гiруця пры гэтым не запрасiлi. А далей увогуле — цырк на дроце. Ад Гарадзенскага раёну, дзе 172 члены АП, былі абраныя на сход 25 чалавек. А ў Смаргонскiм раёне, дзе вялiкая партарганiзацыя з 1290 чалавек, дазволiлi выбраць толькi 10 дэлегатаў. Тым самым, зазначыў М.Гiруць, былi парушаныя i канстытуцыйныя правы, i статут партыi.

Ды для iх гэта пусты гук! У прэзыдыюме сядзеў сам А.Дубко — старшыня аблвыканкаму, якi першы дзень выйшаў на працу, i толькi чакаў, каб самому палымяна прамовiць з трыбуны.

Пачалiся «прэнiя». I — о дзiва! — анiводны прамоўца слова кепскага не сказаў пра Мечыслава Гiруця... Аўтарытэт гэтага чалавека застаецца высокiм. Некаторыя выступы былi мэлядраматычныя.

Напрыклад, вэртыкальшчык з Воранава нагадаў, што «ўсе мы, простыя людзi, лiем сьлёзы па Саюзе», якi развалiлi «тры зубры i кучка зубранят». Цяпер «эцi палiцiкi бегаюць за гранiцай», тым самым «топчуць i iсьцязаюць» наш «чудзесны народ». (У залi пачулiся сьмяшкi.) Карацей, хопiць займацца палiтыкай, трэба займацца «дзелам»! Такiм чынам, палiтыка i партыйная дзейнасьць, як аказваецца, розныя рэчы... Наступны прамоўца — з Гарадзенскага райвыканкаму — зноў-такi нагадаў, што: нам няма калi займацца палiтыкай. А што да 25 дэлегатаў на гэты сход, дык, маўляў, наш раён у вобласьцi таксама займае 25% па ўдзельнай вазе! (У залi зноў пачулiся сьмяшкi.) I пахвалiў кадравiкоў з аблвыканкаму: малайцы, сабралi нас на партыйны сход, вырашылi «ўстрахнуць».

Старшыня калгасу з Ваўкавыскага раёну прапанаваў замянiць Гiруця вялiкiм начальнiкам з аблвыканкаму. Толькi тады партыю будуць паважаць! Далей прагучаў сьлёзны ўспамiн пра камандныя мэтады ў эканомiцы. «Харашо жылi. 20—30 рублей адкладывалi на аўтамабiль. Праўда, как купiць ня зналi. Жылi пракцiчэскi пры камунiзьме. Какiе шчасьлiвыя эта былi годы».

Наступны калгасны кiраўнiк успомнiў старую iдэалягiчную дурноту: Шарэцкi сапсаваўся пасьля таго, як зьезьдзiў у Амэрыку, а потым з амэрыканскiм паслом — у сваю вёску.

Аляксандар Iосiфавiч Дубко гняўлiва кiнуў у залю: я знаю, яны ўсё роўна напiшуць! (Маючы на ўвазе купку журналiстаў, якiя згубiлiся сярод чынавенскай масы.) Але спынiцца ён усё ж ня змог.

Успомнiў, як яны разам стваралi партыю, як яна яго выставiла на прэзыдэнцкiя выбары, як набраў ён 7,8% галасоў, як Кебiч у яго гэтыя галасы выпрошваў. Але Аляксандар Iосiфавiч не аддаў. «Слава Богу, што мяне ня выбралi!» — шматзначна сказаў ён. Маўляў, Аляксандар Рыгоравiч! пачуйце! «Пачуйце жа гэта, пачуйце, хто можа з вас сэрцам чуваць...» Абласны начальнiк падкрэсьлiў, што «мы ствараем сёньня партыю новага тыпу». Хаця партыя даўно iснуе!

Але са словаў прамоўцы вынiкала лiтаральна, што ў цяперашнiм выглядзе гэтая «кiшэнная» партыя спатрэбiцца вэртыкалi на будучых выбарах.

Далей публiка пачула, што ў нас зашмат правяральшчыкаў (па кантралёры на кожнага чалавека). Што апазыцыя езьдзiць па загранiцах, хаця лiчыцца беспрацоўнай, а ён — Дубко — «па чорным курсе» атрымлiвае 150 даляраў (а зьлётаць у Швэйцарыю каштуе 800 даляраў). Што ён ведае, дзе бывае Гiруць i нават — што думае, паколькi «соответствующие органы» ўсё дакладаюць. Што ён не хацеў бы, каб яго ў Вашынгтоне палiцэйскi выцяў цераз плячо да крывавага пiсягу — як нэгра. Што ён нi ў чым не вiнаваты, хаця партыя «превратилась у отребье».

Хуценька выбралi новага партбоса — райвыканкамаўскага чыноўнiка Э.Бяляева. Усё было вядома наперад, паколькi ён ад пачатку вёў сход, а iншых кандыдатур не было. Адзiнае, што пасьля абраньня ён загаварыў бадай удвая зычнейшым голасам. Быццам «зайгралi трубы гарадзенскiя»...

Сяргей Астраўцоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0