Зарэзалі «Муміфікатара»

 

Берасьцейскі гарвыканкам забараніў правядзеньне фэстывалю «Дзень муміфікатара», які ладзіўся Новым Фронтам Мастацтваў і меўся адбыцца 5—6 сакавіка ў гарадзкім клюбе «Вулькан». Здавалася б, арганізатары зрабілі ўсё, каб увесьці ў зман мясцовыя ўлады. Група «Правакацыя», што мусіла выступаць разам з «Солнце-Цветами» ды «Барадатым Грынвічам», на афішах была пазначаная як «Ура! Вакацыі!», а побач анансаваліся выступ вэтэранскага хору «Пралеска» ды дэклямаваньне вершаў Купалы і Коласа. Тэатар Псыхічнай Неўраўнаважанасьці, што меў прэзэнтаваць пэрфоманс «Попел», на абвестках — дзеля кансьпірацыі — называўся Тэатрам Душэўнага Спакою.

Аднаго толькі не ўлічылі маладыя авангардысты — хваравітай цікаўнасьці беларускага чыноўніка, які — насуперак чаканьням арганізатараў — залез-такі ў слоўнік ды патлумачыў сабе сэнс лекцыі Зьмітра Вішнёва «Капрафагія і беларускі нацыянальны касьцюм». На думку Юрася Барысевіча, чыя графіка ды каляжы мусілі падзівіць наведнікаў, мэрыя пералякалася ня так «сатанізму», як беларускамоўнасьці. Цяпер застаецца спадзявацца, што фэстываль «Дзень муміфікатара» ўсё ж адбудзецца 27 сакавіка на менскай «Вольнай сцэне».

А.П.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0