турма

Іншаземцы

 

Пару гадоў таму ў калёніі зьявіліся чарнаскурыя хлопцы. Яны спачатку зрабілі тут сапраўдны фурор, стаўшы аб’ектам розных, збольшага добразычлівых жартаў і прыколаў. Ну, згадзіцеся, «лілёвы нэгар» у лягернай ватоўцы і шапцы-вушанцы, які натхнёна накідвае шуфлем сьвежы сьнег у прычэп трактару «Беларусь», выглядае прынамсі экзатычна.

Афрыканцы адразу атрымалі адпаведныя мянушкі: «Вася-качагар», «Максімка», «Хахол» і да т.п. Усё гэта маладыя хлопцы, ёсьць сярод іх і былыя студэнты менскіх ВНУ. Тэрміны зьняволеньня яны атрымалі ў асноўным за дробнае наркадылерства ці махлярства. Цяпер у калёніі іх ужо цэлы тузін. Яны хуценька прыстасаваліся да ўмоваў утрыманьня, засвоілі неабходны лексычны мінімум, прычым найперш — ненарматыўную лексыку. Яна, кажуць афрыканцы, паводле сакавітасьці і выразнасьці ня йдзе ні ў якое параўнаньне з папулярным цяпер за плотам Dirty English зь ягонымі fuck-амі.

Аднойчы я, карыстаючыся сваёй сьціплай ангельскай, запытаўся ў мурзатага камэрунца, як ён ставіцца да нашай беларускай зімы? Адказ быў наступны: маўляў, «зялёная» зіма яшчэ нішто сабе, а вось «белая» — увогуле сьмерць! І раптоўна ён выбухнуў сваім белазубым ротам.

Між іншым, да Беларусі гэтыя чорныя бедакі ставяцца доабразычліва, бо разумеюць, што за свае наркадылерскія забавы дзе-небудзь у іншай краіне атрымалі б ня 5—7 гадоў вязьніцы, як у Беларусі, а ў пару разоў больш.

Менская калёнія мае статус інтэрнацыянальнай. Акрамя прадстаўнікоў усіх краін СНГ, ёсьць тут прыбалты, віетнамцы, трапляюцца палякі, грамадзяне Ізраілю, нават індусы з пакістанцамі. Зразумела, усе яны прыносяць у сумнае жыцьцё тубыльцаў своеасаблівы калярыт і аказваюць (міжволі, натуральна) агульнаадукацыйны ўплыў. Адкуль яшчэ Рыгору з-пад Ашмян даведацца, дзе тая Буркіна Фасо і ці ядуць там сала?

Зьміцер Гарбуноў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0