Студэнт

У «Анталёгію ўчынку»

Першакурсьнік Б., камлюкаваты негаваркі вясковы хлопец, ужо паклаўся быў спаць, калі ў ягоны інтэрнацкі пакой заваліўся падпіты сусед-пяцікурсьнік са сваімі сябрукамі. Як гэта звычайна ў такіх выпадках бывае, адразу запалілася сьвятло, уключыўся магнітафон, гупнулі аб падлогу кнігі, што ляжалі на стале, зазьвінелі ў плястыкавай торбе бутэлькі. Аднак Б., які за паўгады жыцьця ў інтэрнаце яшчэ й не на такое нагледзеўся, даволі млява на ўсё гэта адрэагаваў: хіба што адвярнуўся да сьцяны ды ўкрыўся з галавою коўдрай — суседзі звычайна «малога» не чапалі. Было б так і на гэты раз, калі б аднаму з начных гасьцёў — Тхару (сваё сапраўднае імя гэты брыдкі фацэт з голенай галавой, які — у вольны ад навучаньня ва ўнівэрсытэце час — «трос» камэрцыйныя шапікі, згадваў хіба што зірнуўшы ў пашпарт, а пра іншых і казаць няма чаго — па-іншаму й ня клікалі) — не падалося абразьлівым тое, што нехта мае нахабства даваць храпака ў той час, калі ў гэтым памяшканьні знаходзіцца ён. Ад гучных прапановаў устаць дзеля ўдзелу ў сьціплай вячэры, падмацаваных інтэнсыўным сьцягваньнем коўдры і цэлым каскадам кухталёў, Б. абудзіўся, аднак замест таго, каб — як гэтага патрабаваў рэкецірскі этыкет — расчулена дзякаваць за такі надзвычайны гонар, паабяцаў Тхару прывесьці яго самога ў гарызантальнае становішча, калі ён не сунімецца. Ад гэткага нечаканага нахабства апошні, які нават да камэнданта дзьверы нагой адчыняў, толькі інтэнсыфікаваў свае спробы. Але ўжо ў наступны момант цяжкая хлебаробская далонь Б. легла на ягоны каціны тварык, і ўся Тхарова істота зьведала неперадавальных адчуваньняў, зьвязаных з палётам у паветры — у кірунку дзьвярэй. Разьятраны, ён схапіўся за сьцізорык-»матылёк», зь якім звычайна пантаваўся перад сябрамі, аднак, пабачыўшы, што ў адказ Б. нетаропка раскладае дзедаву небясьпечную брытву, палічыў за лепшае куляй вылецець на калідор, куды ягоныя дружбакі, яшчэ да пачатку інцыдэнту, падаліся паліць. Хеўра адзінагалосна вырашыла пакараць ня ў меру спрытнага «малога» фізычна.

Калі ж яны зь цьвёрдым намерам абяліць збэшчаны гонар таварыша зайшлі ў пакой і задалі Б. адвечнае, амаль гамлетаўскае пытаньне «Ты чаго, а?», апошні мог яшчэ выправіць сытуацыю, скарыстаўшыся з каноскага варыянту. Аднак, Б. вырашыў быць піянэрам-героем да канца. І дзеля гэтага выняў з тумбачкі на сьвет Божы абавязковы атрыбут піянэра-героя — самую сапраўдную гранату Ф-1, вытаргнуў колца і, са словамі «Нам усім гамон!» (выраз падаецца ў памякчанай форме), кінуў яе пад ногі сваім старэйшым таварышам. Што там пачалося — можна сабе ўявіць, калі ўлічваць тое, што з усіх, хто на той час знаходзіўся ў пакоі, адзін толькі Б. ведаў, што гэта ўдала зроблены муляж…

У тлумачальнай запісцы на адрас дэканату Тхор, каб пазьбегнуць выключэньня, заклаў сваіх учорашніх сабутэльнікаў, якія, даведаўшыся пра гэта, добра яму надавалі і адабралі сьцізорык- «матылёк». А Б. набыў шырокую вядомасьць і надзвычайную папулярнасьць у межах N-нага факультэту N-най навучальнай установы. Нават учорашнія ворагі, якія, куляючыся адзін цераз аднаго, выляталі з пакою ў тужлівым прадчуваньні выбуху, зараз ветліва зь ім здароўкаюцца.

Ігар Няхведараў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0