Лінга звольнілі з-за Чачэніі
Такія зьвесткі мае інтэрнэтаўская Gazeta.ru
Камэнтуючы візыт расейскага віцэ-прэм’ера і гаўляйтэра Чачэніі Мікалая Кошмана ў Менск, Gazeta.ru піша, што Кошман шукае грошы на адбудову сваёй айчыны ва ўсёй Расеі. Мяркуецца, што кожны з багатых расейскіх рэгіёнаў, напрыклад, Урал, Арлоўшчына, Маскоўшчына возьме шэфства над адным з чачэнскіх раёнаў і ўсё там адбудуе. Масква хацела б, каб і Беларусь таксама дапамагала, але Лукашэнка і ўрад не пагаджаюцца так рызыкаваць грашыма і людзьмі.
Gazeta.ru прыводзіць таксама словы Кошмана, што «сёньня ў бюджэце грошай на аднаўленьне Грознага няма». Значыць, пацьвярджаецца вар’яцкі плян сьціраньня зь зямлі бунтарскай чачэнскай сталіцы — сымбалю дзяржаўнасьці Ічкерыі. Кошман «ня бачыць нічога страшнага ў пераносе сталіцы ў Гудэрмэс» — малы правінцыйны гарадок, які ня можа быць сталіцай, адно адміністратыўным цэнтрам. Гэтае рашэньне мае таксама на мэце паглыбіць традыцыйныя рэгіянальныя супярэчнасьці ў Чачэніі, зрабіць жыхароў Гудэрмэсу, што не супраціўляліся расейскім войскам і самі адчынілі браму свайго гораду, здраднікамі ў вачах насельнікаў рэшты Чачэніі, выпрасаванай бомбамі і «градамі». Пасьля вайны гудэрмэсцам будуць помсьціць. Divide et impera. У Менск Кошман прыехаў пасьля візыту ў Вену, у штаб-кватэру АБСЭ, куды ён лётаў, «прыхапіўшы з сабою», як выражаецца Gazeta.ru, кішэннага муфтыя Чачэніі Ахмад-Хаджы Кадырава. У Вене Кошман таксама патрабаваў грошай на адбудову Чачэніі.
У Менску Кошман падкрэсьліў, што лічыць Лукашэнку чалавекам, які «вельмі добра разумее сытуацыю, што склалася апошнім часам вакол Чачэніі». Гутарка ў рэзыдэнцыі Лукашэнкі зацягнулася на паўтары гадзіны, перавысіўшы рэглямэнт у 2,5 разы, і «прывяла да поўнай згоды». Быццам бы вырашылі, што Беларусь будзе папросту пастаўляць у акупаваную Чачэнію будматэрыялы і сельгастэхніку ў аплату за расейскі газ і нафту, а таксама тэхніку — у лізынг. Цяпер «група спэцыялістаў зь Беларусі мусіць выехаць у Чачэнію, каб абмеркаваць з часовым урадам гэтай рэспублікі дэталі праекту» (во небаракі!).
«Дапамогі Чачэніі чалавечымі рэсурсамі пакуль не прадугледжваецца, — піша гэтая найбуйнейшая і найбольш абазнаная з расейскіх інтэрнэт-газэтаў. — Зрэшты, з дапамогай чалавечымі рэсурсамі ня ўсё так проста. Па нашых зьвестках, — піша яна, — былога прэм’ера Лінга «адправілі» ў адстаўку якраз з-за таго, што ён не дапускаў уводу беларускіх салдатаў у Чачэнію. Па сутнасьці, Лінг проста выказаў думку Лукашэнкі, але публічнае выказваньне на сьлізкую тэму яму паставілі ў віну». Паводле іншых зьвестак, Лінг адмаўляўся даваць згоду на адпраўку ў Чачэнію беларускіх будаўнікоў.
Тымчасам у Чачэніі не спыняюцца бойкі. Спачатку ў Грозным у засядку трапілі маскоўскія амонаўцы (загінулі 20 чалавек, а з параненых да мінулае нядзелі памерлі ўжо 17), а ў ноч зь пятніцы на суботу ў Аргунскай цясьніне, паводле зьвестак расейскага тэлеканалу ОРТ, загінулі 70 дэсантнікаў. Другую навіну афіцыйныя крыніцы абверглі, але трывога сярод расейцаў не спадае. Міністар унутраных справаў Расеі перарваў свой візыт у нашу краіну і тэрмінова паляцеў у Грозны расьсьледаваць.
Барыс Тумар