Qui prodest?
Загадка Радзівілаўскага летапісу
Загадку гэтую мне задаў і нават паказаў мой школьны сябра Анатоль Лукоўскі, былы жыхар мястэчка Ружаны, што на Берасьцейшчыне, сёньня — пецярбуржац са стажам. Ён мае рэдкі экзэмпляр факсымільнага выданьня Радзівілаўскага, або Кёнігсбэрскага летапісу, датаваны 1902 годам. Выданьне чорна-белае, даволі якаснае.
Колькі словаў пра сам летапіс. Дасьледнікі лічаць, што ён датуецца XV ст. Памер паперы — у «аркуш», г.зн. прыкладна 315х210 мм. У рукапісе 251 аркуш, сьпісаны з абодвух бакоў, і 618 цудоўных каляровых ілюстрацыяў. Вадзяныя знакі на паперы — бычыная галава з крыжам. Такая папера лілася на беларускіх папернях якраз у XV ст.
Радзівілаўскі — бо апошнім уладальнікам летапісу быў князь Багуслаў Радзівіл (папярэднімі вядомымі — ягоны бацька Януш Радзівіл, які атрымаў летапіс ад Станіслава Зяновіча).
Кёнігсбэрскі — бо Багуслаў перадаў яго на захаваньне ў Кёнігсбэрскую бібліятэку. У 1761 г., пад час Сямігадовай вайны з Прусіяй расейцы захапілі Кёнігсбэрг, і з таго часу па сёньня летапіс захоўваецца ў Бібліятэцы Акадэміі Навук (былой Імпэратарскай) у Пецярбургу. Пятро І добра ўяўляў сабе каштоўнасьць рукапісу, бо яшчэ ў 1713 годзе загадаў зрабіць дакладную копію. Яна таксама ў БАНе.
Некалькі пазьнейшых надпісаў на старабеларускай, лацінскай і нямецкай мовах сьведчаць, што ні ў якіх іншых руках ён не пабываў (да расейцаў, зразумела).
Але вернемся да загадкі. Гартаем летапіс. Нумарацыя ідзе па аркушах, а не па старонках, як мы прывыклі. На пачатку рукапісу дзясяткі паўтары пашкоджаных аркушаў. Фотакопія добра перадае асаблівасьці пашкоджаньняў: вось дзюрка, вось падклейка, вось сатлелы край паперы — ніякіх пытаньняў. І гэтак даходзім да 8-га аркуша. Ён пашкоджаны мацней за папярэднія. Уважліва разглядаем першую і абаротную старонкі аркуша.
Вось вам і загадка: контуры абарваных, пашкоджаных старонак не супадаюць! Як такое можа быць? Адказ адзін: на рэстаўрацыйны аркуш паперы наклеены 8-ы аркуш (адваротнай стронкай) і наступны аркуш — першай старонкай. Кніжныя рэстаўратары зь Пецярбургу й Менску, якім я паказаў гэты рэбус, пацьвярджаюць здагадку. Значыць, заклееныя, страчаныя, прапалі дзьве старонкі ўнікальнейшага гістарычнага дакумэнту? Хто ж і калі іх чытаў і чаму заклеіў? Што там напісана ды намалявана?
Выкажу здагадку.
Якраз на першай старонцы 8-га аркуша пачынаецца аповед пра адзін з самых цьмяных, спрэчных і да канца не зразумелых эпізодаў расейскай гісторыі, а менавіта — прышэсьце варагаў на Русь.
Склеіў старонкі, хутчэй за ўсё, расейскі «вучоны»-патрыёт, якому вельмі не спадабаўся іх зьмест. Ня трэба забываць, што ў XVІІІ ст., калі рукапіс трапіў у Пецярбург, ужо складаўся славуты стэрэатып «трэцяга Рыму» і пераемнасьці паміж Кіеўскай Русьсю і Маскоўскай Расеяй.
Яшчэ пару аргумэнтаў на карысьць гэтай вэрсіі. У 1994 годзе было ажыцьцёўлена новае, каляровае, шыкоўнае выданьне гэтага летапісу. Сучасная апаратура і друкарская тэхніка дазволілі перадаць найдрабнейшыя рыскі і адценьні пажухлых балонкаў, пацямнелых, струхлелых краёў паперы, каляровых ілюстрацыяў. У многіх месцах праз рыхлую паперу відаць контуры малюнкаў з адваротнай старонкі, нават словы тэксту. На першай старонцы 8-га аркушу праступае малюнак, якога на адваротным баку няма. 1-я старонка адпавядае 2-й. Але гэта толькі на першы погляд. Рэстаўратары ці рэтушоры схалтурылі і пры сумяшчэньні контураў відаць мноства дробных несупадзеньняў.
У нашай нацыянальнай бібліятэцы (для зацікаўленых) ёсьць абодва факсымільныя выданьні — 1902 і 1994 г.
Рукапіс жа захоўваецца ў сэйфе ў службовым кабінэце дырэктара БАНу.
Гэта адзіны арыгінал т.зв. «рускага» летапісу, які дайшоў да нашых дзён.
Наколькі мне вядома, ніводзін сучасны беларускі гісторык (нават М.Улашчык) ня бачыў у вочы і, тым болей, не трымаў яго ў руках. А загадку можна разгадаць толькі такім спосабам.
Можа, каму з чытачоў удасца? Шчыра жадаю посьпеху.
Уладзімер Крукоўскі