Сто твораў беларускага мастацтва ХХ ст.

 

Аляксей Марачкін.
Пачвара над вёскаю

 

...Значна прасьцей зрабіць лінію гарызонту, постаці — справа, постаці — зьлева. Правільная пэрспэктыва, лягічны сюжэт, анатамічны малюнак. Але наш час алягічны, сюррэалістычны, увесь на дысанансах. Таму ціхамірнасьць на палатне выглядае фальшыва.

Аляксей Марачкін

 

Гэтае палатно стваралася цэлае дзесяцігодзьдзе, з 1975 па 1985 год. У гэты ж прамежак часу ўкладаюцца й асноўныя этапы станаўленьня стылю мастака Марачкіна.

Напрыканцы 70-х у нашае мастацтва прыйшло цэлае пакаленьне мастакоў, якое ўзяло на сябе ролю абуджальнікаў нацыянальнае сьведамасьці. Творчасьць тае плыні Валянцін Ждановіч у свой час трапна назваў «гуканьнем вясны». Адна з тагачасных работ Аляксея Марачкіна, 1976 году, гэтак і звалася — «Гуканьне вясны». Адвечны матыў пораў году й чалавечых узростаў, які гэтак любілі мастакі ад часоў Рэнэсансу, стаўся зусім новым для нашага мастацтва. Сам сюжэт быў і адкрыцьцём, і дэклярацыяй. Сябры й калегі, з кола Марачкіна, уводзілі цэлыя плясты новых сюжэтаў і вярталі забытыя. Пры тым гэта быў ужо ня проста «этнаграфізм», як у мастацтве іх папярэднікаў. Іхныя творы былі нацыянальнымі і формай, і зьместам. Гэта быў пошук незвычайнай жывой плястычнай мовы, якая мусіла б сьведчыць пра тое, што жывая сама беларушчына. З гэтага вынікалі шматлікія мастакоўскія экспэрымэнты. Марачкін, уражаны пісанымі палескімі дыванамі, сам бярэцца за дываны. Затым працягвае пошук у «сарматызме», у клясычным беларускім мастацтве партрэту. Гэтак нараджалася найноўшая беларуская клясыка. Сёньня партрэты Вітаўта, Рагнеды, Гусоўскага, Дуніна-Марцінкевіча, І.Луцкевіча пэндзлю Марачкіна ўважаюцца за хрэстаматыйныя. А вось жа да таго часу, сумежжа 70-х і 80-х гадоў, гэтыя вобразы былі амаль забытыя ў культуры. Забытыя сьведама ў выніку сьведамае дзяржаўнае палітыкі. Таму за Марачкіным і ягонымі паплечнікамі трывала замацаваўся арэол нонканфармізму...

Напрыканцы 70-х Аляксей Марачкін піша ўвадначасьсе два палатны, што завуцца «Дарогі». На адным зь іх напісаны край старасьвецкага гасьцінца, нізкі кругавід, па-над якім лунаюць істужкі хмараў. Адзін за адным сыходзяць у бясконцасьць дарожныя слупы, адмяраючы прастору і час. Абок іх, нібы містычныя татэмныя слупы, крочаць жывыя дрэвы, урастаючы ў неба, цягнучы яго да зямлі. Другое палатно — дарога, што йдзе пад гару. Тыя ж вербы, але яшчэ прыхопленыя марозам. Ціш і ноч. У гэтага шляху канец невядомы. Зьнелюдзелы край. Абедзьве гэтыя карціны — сымбаль трывог і прадчуваньне пакутніцкай дарогі ў будучыню.

«Пачвара над вёскаю» таксама прасякнутая гэткім драматычным сьветаадчуваньнем. Гіганцкае неба, у якім лунае жах. Жах пазачасовы і пазапрасторавы.

Шырака экспэрымэнтуючы ў розных кшталтах і жанрах, Марачкін тут абраў спэцыфічную плястычную форму. Нешта тут бярэцца з тых самых маляваных абаразоў альбо нават з баціка... Але перадусім згадваецца Стрэмінскі са сваім «унізмам». Нават тэхналягічна гэтае палатно Марачкіна падобнае да рэльефных кампазыцыяў Стрэмінскага паваеннае пары. Фарбы пакладзеныя шчыльна, аб’ёмна. Пісягі, выціснутыя з тубаў адразу на палатно, ствараюць дадатковую прастору, яшчэ адно вымярэньне. Месцамі вялікія плямы пакладзеныя густа й шырака, а побач амаль філігранна, графічна апрацаваныя дэталі. Гэткае канфліктнае, кантраснае спалучэньне тэхнікаў жывапісу будзіць пачуцьцё гледача гэтаксама рэзка. Перад вачыма — кульмінацыя сюжэту. Ён раскрываецца адразу. І пужае.

Над засьнежанай вёскаю, у якой не аціхла людзкое жыцьцё, што разам з каміновым дымам зьлятае на неба, завіс прывід. Дзіўныя абрысы гэтага паўпэрсанажу, недзе чалавекападобныя, недзе мэханістычныя, зь безьліччу парасткаў, шчупальцаў, антэнаў, гледзяцца суцэльным кашмарам. Ён і ёсьць сэнсавым цэнтрам кампазыцыі. Увасабленьне сусьветнага зла, якому няма назвы. Але ёсьць прычына — сам чалавек. Ён, які зьнявечыў, згвалціў, атруціў сваю зямлю.

Гэты твор напісаны ў халодных вельмі танах. Пералівы сіняга, зялёнкавага й белага, у некаторых месцах толькі зьлёгку падкрэсьленыя цяплейшымі фарбамі. Праз тое холад становіцца вусьцішным.

Ці можа мастак прадбачыць будучыню? Пісанае гэтак доўга палатно, што ўвасобіла ў сабе ці ня самыя трагічныя пачуцьці творцы, было скончанае за год да Чарнобылю. Мастацтва ня можа зьмяніць сьвет. Але можа зьмяніць нас. Гледзячы сёньня на «Пачвару над вёскаю», мы ведаем, што мастакі маюць рацыю ў нашым сьвеце. Бо тое, што на гэтым палатне, — праўда.

Сяргей Харэўскі


 

Аляксей Марачкін (10.03.1940, вёска Язёры, Чэрыкаўшчына) жывапісец, пэдагог. Закончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага пэдагагічнага інстытуту. У 1972 годзе — Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Выкладае тамсама.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0