Навіны

 

Марухін замест Воўчака

Нечарговы зьезд кінэматаграфістаў Беларусі прыняў адстаўку старшыні Саюзу Ігара Воўчака і абараў на гэтую пасаду кінаапэратара Юр’я Марухіна. Вядомы рэжысэр Вячаслаў Нікіфараў, нязгодны з гэтай кандыдатурай, заявіў пра свой выхад з Саюзу. Кінастудыя «Беларусьфільм» завінавацілася розным установам 30 мільёнаў дэнамінаваных рублёў, у тым ліку 13 мільёнаў — Міністэрству абароны (за дапамогу ў здымках «Моманту ісьціны» Міхаіла Пташука). Зьезд кінэматаграфістаў таксама вылучыў пяць народных дэпутатаў на Ўсебеларускі сход — сярод іх Тацяну Логінаву, Вячаслава Нікіфарава, Алега Белавусава.

 

Памёр Капыловіч

Пайшоў з жыцьця маладэчанскі пісьменьнік Мікола Капыловіч. Прычына сьмерці — інфаркт, але, што дзіўна, Капыловіч раптоўна памёр таго самага дня, калі падпісаў дамову пра абмен сваёй аднапакаёўкі на значна горшую кватэру. Саюз пісьменьнікаў ня меў грошай на пахаваньне свайго сябра, адно даслаў жалобны вянок. Пахавалі пісьменьніка на сродкі гарвыканкаму і маладэчанскай суполкі ТБМ.

 

Баразна — акадэмік

У Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва адчынілася выстава «Час белых ценяў», прысьвечаная апошняму канцлеру ВКЛ Яўхіму Храптовічу. Наладзіла выставу Беларуская Акадэмія Выяўленчага Мастацтва. У яе склад уваходзяць 22 акадэмікі. У сябры Акадэміі прынялі першага мастацтвазнаўцу — Міхала Баразну, даўнага сябра «НН».

Юрась Барысевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0