пазытывы

Мільёніюм

 

Гісторыя вучыць нас, што выдумаць новы грамадзка-палітычны лад можа нават сярэдні геній. Значна больш геніяльнасьці патрабуе ўкараненьне новага ладу ў інэртную масу, што стогне, вішчыць і не жадае ісьці ў сьветлую будучыню.

Устаноўлена, што сапраўдная рэвалюцыя, пра якую потым у падручніках пішуць «Вялікая», акрамя татальнай элімінацыі галоваў нядобразычлівых вымагае раптоўнага зьмяненьня календара. Замест звычных месяцаў выдумляюцца розныя «фрукцідоры-тэрмідоры», як у французаў было, ці наагул махам заводзіцца «новы стыль», як у расейцаў.

Шляхам сацыялягічных апытаньняў выяўлена, што найбольш распаўсюджанай са значных падзеяў у жыцьці беларуса ёсьць атрыманьне, у горшым выпадку набыцьцё, даляраў вытворчасьці ЗША. У той жа час найбольш значнай падзеяй для даляра ЗША ёсьць няспынны рост ягонага курсу.

Бездапаможнымі трэба лічыць усе спробы прыхаваць гэты лёсавызначальны факт шляхам г.зв. дэнамінацыяў. Курс даляра, паводле афіцыйных зьвестак Нацыянальнага банку Беларусі, штомесяц узрастае ў сярэднім на 12,0663%. Калі на момант афіцыйнага пачатку каціровак 04.01.1993 даляр каштаваў 528 рублёў (памятаеце, тады былі розныя зубры, ласі і зайчыкі з вавёрачкамі), дык сёньняшні ягоны курс вышэйшы за стартавы на 780303% (сямсот восемдзесят тысячаў трыста тры адсоткі).

Час проста сьціскаецца пад уплывам усё больш значных падзеяў. У сьнежні 1998 году, пасьля шасьці гадоў пакутлівага пад’ёму, даляр нарэшце ўзяў першы рубеж у мільён беларускіх (без уліку дэнамінацыі ад 20.08.1994 ў 10 разоў). Другі мільён быў пераадолены за нейкія два месяцы — у лютым 1999 г. Надыход лістапада азначаны трэцяй мільённай рысай, яшчэ нейкія тры месяцы, і за плячыма чацьверты мільён (без уліку дэнамінацыі ад 01.01.2000 ў 1000 разоў).

Краіна напружылася ў чаканьні. Ці возьме ДЗЯСЯТКУ сёньняшні старшыня Нацбанку? Гэта будзе да выбараў у Нацыянальны сход, кажуць адны. Не, гэта будзе пасьля выбараў Усебеларускага сходу, адказваюць другія. Хто зь іх пераможа? Мабыць тыя, што спадзяюцца ўбачыць новую мільённую купюру з партрэтам прэзыдэнта нашай краіны. Ім, маладым, жыць. Ім вымяраць беларускі час новымі адзінкамі — мільёніюмамі.

p.s. Самае цяжкае, на маю думку, патлумачыць, чаму летнія мільёніюмы даўжэйшыя за зімовыя. Добра было б перайсьці й нам на новы каляндар: калі ўвесьці норму, што Вярхоўны Галоўнакамандуючы абірацца ўсенародна праз кожныя пяць мільёніюмаў, дык беларускі рубель хутка зробіцца самай стабільнай валютай у сьвеце.

Міхал Залескі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0