Бацюшка супраць япіскапа

Сымпатыі гарадзенскіх беларусаў падзяліліся між сьвятаром-бунтаром і япіскапам-лібэралам

 

Айцец Iван Спасюк зь мястэчка Пагранiчны падаў у суд на газэту «Гродненские епархиальные ведомости» i кiраўнiка епархiяльнай управы Аляксандра Кiшчанку (ён жа япiскап Гарадзенскi й Ваўкавыскi Арцемi). За абразу гонару i годнасьцi. З рэдакцыi ён спадзяваўся спагнаць 70 мiльёнаў новых рублёў, а з уладыкі — 50 мiльёнаў. Грошы гэтыя пайшлi б на будаўнiцтва новай царквы — не расейскай, а беларускай праваслаўнай.

Першае пасяджэньне суду адбылося на дзень савецкай армii. Як жа цешылiся прадстаўнiкi япархii, падаючы даведку аб тым, што газэта не зьяўляецца юрыдычнай асобай i прыцягнуць яе да адказнасьцi немагчыма.

Трэ было замянiць у спазыску адказчыка. Яшчэ болей мог пацешыцца епархiяльны бок, слухаючы, як бацюшка зь ягонымi абаронцамi замянiлi ў спазыску рэдакцыю на епархiяльную ўправу. На наступнае пасяджэньне, якое адбылося ўжо пасьля дня савецкiх жанчын, першыя спакойна прынесьлi паперыну, зь якой вынiкала, што ўправа таксама не зьяўляецца юрыдычнай асобай.

Сьвятар i ягоныя абаронцы (у ролi апошнiх выступаюць М.Аксамiт з Ваўкавыскага праваабарончага цэнтру «Аслона» i Валеры Шчукiн з Гельсынскага Камітэту) разгубіліся. Аказалася, што, не зважаючы на адпаведны блянк зь пячаткай i ўказаны банкаўскi рахунак, «управа», паводле статуту япархii, не iснуе ў прыродзе. Але дзейнiчае. Памылкай пацярпелага боку было тое, што ён палiчыў «управу» заснавальнiкам газэты, хаця заснавальнiк — япархiя, што пазначана на апошняй старонцы. Аднак Закон дапускае ў асобных выпадках судзiцца не зь юрыдычнай асобай. Дык I.Спасюк вырашыў болей не зьмяняць адказчыка, пакiнуць епархiяльную «дырэкцыю».

Судзьдзя I.Грышкевiч (старшыня Ленiнскага суда гораду) папрасiў I.Спасюка абгрунтаваць вялiкiя памеры кампэнсацыяў, якiя той спадзяецца спагнаць з адказчыкаў. Сьвятар патлумачыў, што публiкацыю супраць яго ў царкоўнай газэце (падпiсаную ўсё той жа «ўправай») перадрукавалі «Гарадзенская праўда», «Бераставiцкая газэта», «Советская Белоруссия» i нават «Пагоня», якая таксама зьмясьцiла карэспандэнцыю ў падтрымку бацюшкi. (У публiкацыi, дарэчы, крытычна згадваецца «Наша Нiва», якая падтрымала сьвятара.) Агульны наклад атрымаўся каля 500 тысяч асобнiкаў. А надрукавана там было, што бацюшка нiбыта падазраецца ў адмываньнi грошай, што ён сябе заплямiў i што супраць яго вядзецца крымiнальная справа.

Цкаваньнi працягваюцца практычна год. Царкоўныя ўлады перасталi выплочваць дапамогу на дзяцей, якiх у Спасюка трое. Усё гэта падарвала ягонае здароўе. Калi судзьдзя папрасiў доказы апошняга сьцьвярджэньня, бацюшка паказаў бальнiчную кнiжку, толькi ня здолеў пераканаўча давесьцi сваю рацыю.

I.Спасюка папрасiлi назваць рахунак, зь якога можна было б спагнаць грошы на ягоную карысьць. Сьвятар зноў упарта называе рахунак, якi належыць, аднак, ня ўправе, а япархii. «А раптам гэта рахунак прэзыдэнта? — жартуе судзьдзя i пасьля паўзы дадае: — Амэрыканскага»...

Карацей кажучы, пазыцыi пакрыўджанага боку выглядалi зусiм непераканаўча, часам папросту фатальна. Агульнае ўражаньне палепшылася пасьля апытаньня сьведкаў — дзьвюх прыхаджанак i жонкi I.Спасюка. Нiна Андрушэвiч, напрыклад, расказала, што калi iхнага бацюшку не пусьцiлi ў царкву праводзiць набажэнства, дык прыехалi сьвятары, якiя патлумачылi прыхаджанам, што «ён ссыць супраць ветру». Яна паведамiла, што Спасюка сваiм часам прывез да iх сам Арцемi i вельмi хвалiў яго, а потым адхiлiў, хаця бацюшка пасьпеў зрабiць шмат карыснага. Прыхаджане дасылалi тэлеграмы Фiларэту i Алексiю II, просячы пакiнуць айца Спасюка. Пiсалi i ў сваю япархiю, але нiхто не хацеў iх слухаць. Пра гэта сказала Тацяна Каскевiч. Калi так, адна з жанчынаў прапанавала: давайце далучымся да аўтакефальнай царквы. Чаму ж не? — кажа Т.Каскевiч. У нас дзьве мовы раўнапраўныя. Хай будзе адзiн прыход беларускi — для бяднейшых, паколькi а.Iван бедных хавае бясплатна i ўвогуле грошай мала бярэ. А другi прыход — РПЦ — для багацейшых (жанчына назвала, якiя там бяруць грошы за царкоўныя паслугi). А тое, што Захад можа дапамагчы пабудаваць царкву, дык я спачатку за гэта перажывала, — прызналася жанчына. Але потым падумала: бярэм жа мы там крэдыты, ня грэбуем i гуманiтарнай дапамогай. Сьвет зьмянiўся. Хай будзе канкурэнцыя памiж сьвятарамi, каб не абгаворвалi, а духоўна ўзбагачалi. Дзе дух будзе вышэйшы, туды людзi i пойдуць. I дзяржава выйграе, і людзi стануць чысьцейшыя духоўна.

Абарону зьдзiвiла, што прадстаўнiком япiскапа на судзе выступiў вядомы юрыст, прафэсар унiвэрсытэту М.Сiльчанка. Дарэчы, былы кансультант разагнанага Лукашэнкам Канстытуцыйнага суду. Чалавек вельмi дэмакратычна i патрыятычна настроены.

З другога боку выступаў В.Шчукiн, якi на пытаньне судзьдзi аб месцы працы адказаў: працую ў Вярхоўным Савеце. Таксама, як вядома, разагнаным Лукашэнкам. Сiльчанка, безумоўна, значна пераўзыходзiць абаронцаў бацюшкi ў юрыдычнай падрыхтаванасьці. Здавалася б, менавiта такiя юрысты павiнны абараняць чалавека, гнанага царкоўным апаратам, фактычна, лукашэнкаўскім міністэрствам рэлігіі. Чалавека, якi рашыўся на сьмелы крок — выйсьцi з маскоўскай царквы, далучыцца да незалежнай ад яе беларускай, пачаць правiць на зацкаванай рэжымам беларускай мове...

Аднак ня ўсё гэтак проста. Некаторыя гарадзенскiя патрыёты таксама падтрымлiваюць менавiта япiскапа. Чаму? Бо ён размаўляе па-беларуску, мае беларускiя вiзытоўкi, дазволiў правiць на беларускай мове ў старажытнай Каложы. Маўляў, праз гэта ў яго не бракуе ворагаў прамаскоўскiх. I «сэпаратызм» Спасюка можа яму адно пашкодзiць.

Судовы працэс не закончаны. Вiна I.Спасюка ў «адмываньнi грошай» таксама не даказаная.

Сяргей Астраўцоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0