Паехаў у Кітай

беларускі футбаліст Пятро Качура

...«Пё-ёта-ар Качу-ура-а! Оэ-оэ-оо-о!» — такія песьні заводзілі фанаты, калі форвард «Дынама» трапна «мачыў» па варотах якога-небудзь «Дняпра». Узрываўся матам запоўнены галоўны стадыён краіны, калі Пятро даваў пудла, гуляючы за зборную... Усё гэта было, але ўжо пачынае забывацца. Маладое пакаленьне дынамікаў-скінчыкаў ужо й ня памятае ў бальшыні сваёй форварда Качуры. Але на гэтым тыдні нечаканая навіна прымусіла футбольную грамадзкасьць зноў загаварыць пра Пятра.

Галоўнага трэнэра ангельскага клюбу «Шэфілд Юнайтэд», відаць, прыкілбасіла выдаткоўваць грошы на рамонт лавак для запасных, якія апошнім часам настойліва праседжваў беларускі легіянэр. Коўч, памазгаваўшы крыху над лёсам Пітэра, вырашыў аддаць таго ў арэнду клюбу «Стакпорт». Але хутка беларусу арганізавалі канкрэтнае западло: брытанскія ўлады не далі нашаму суайчыньніку працоўнай візы, перакрэсьліўшы і «Стакпорт». Форвард вярнуўся б ў родную Беларусь, але... нейкі кітайскі сэлекцыянэр пасватаў беларуса ў Кітай. На трэніровачным спарынгу «Чэнду Вуню» — так называецца клюб, што выявіў цікавасьць да беларуса — Качура забіў два мячы. Кітайцы хуценька сунулі яму ў рукі кантракт.

«Чэнду Вуню» заплаціў «Шэфілду» за Качуру 125 тысячаў фунтаў. Кантракт абавязвае беларуса выступаць за клюб з гораду Чэнду на працягу чэмпіянату. Пажадаем Пятру, каб ён сваёй бліскучай гульнёй прымусіў тамтэйшых заўзятараў глядзець на сябе, шырока расплюшчыўшы свае кітайскія вочы.

Богусь Біятлянёнак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0